З марай пра неба

Надышла восень, а з ёй і новы навучальны год. І, як заўсёды, з пачаткам верасня хлопчыкі і дзяўчынкі, склаўшы сшыткі, лінейкі і кніжкі, пабеглі ў школу, каб там не толькі атрымаць новыя веды, але і падзяліцца (і, відаць, найперш) уражаннямі аб тым, як правялі лета, што новага і цікавага даведаліся, і абавязкова ўспомніць самыя цікавыя і захапляльныя моманты школьнага жыцця. А такіх момантаў у нашых вучняў з Міхееўскай сярэдняй школы ў мінулым навучальным годзе было дастаткова: і пасадка фруктовага саду, і нарыхтоўка сельгаспрадукцыі ў фермерскай гаспадарцы, і паездка ў музей Вялікай Айчыннай вайны, і сустрэчы з цікавымі людзьмі, і мноства іншых мерапрыемстваў.

Незабыўнае ўражанне пакінула ў душах нашых дзяцей адно з такіх мерапрыемстваў — Рэспубліканскі агляд-конкурс паветраных змеяў “Тэхнаэнергія”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Ён праходзіў пад дэвізам “Імёны герояў жывуць у нашых сэрцах і аблоках”.
Калі я прапанавала дзецям паўдзельнічаць у гэтым конкурсе, яны з энтузіязмам пагадзіліся. Праўда, высветлілася, што раней ніхто паветраных змеяў не канструяваў і не запускаў, таму давялося паблукаць у інтэрнэце. Вывучылі віды змеяў, іх тэхнічныя характарыстыкі, тэхналогію зборкі.
Потым вучні разбіліся на групы па інтарэсах і вызначылі, у якой намінацыі яны будуць прымаць удзел у конкурсе. Аднадушна вырашылі, што гэта будзе намінацыя “Гераічны вандроўнік”, дзе трэба стварыць самага прыгожага паветранага змея з імем героя часоў Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнца Беларусі.
Калі форму паветранага змея ўсе хлопцы выбралі розную, то імя героя Вялікай Айчыннай вайны, у гонар якога будзе сканструяваны паветраны змей, было выбрана аднагалосна: наш зямляк Міхаіл Васільевіч Аўдзееў.
Міхаіл Васільевіч Аўдзееў нарадзіўся 15 верасня 1913 года ў вёсцы Гарадзецк цяпер Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу лётчыкаў, затым — Варашылаўградскую ваенную школу лётчыкаў. Вайну сустрэў у Крыме на пасадзе намесніка камандзіра эскадрыллі 32-га знішчальнага авіяцыйнага палка. Міхаіл Аўдзееў быў адным з тых, хто змагаўся ў небе асаджанага Севастопаля з першага і да апошняга дня абароны.
Доўгі і цяжкі шлях прайшоў Міхаіл Васільевіч, спазнаў горыч адступленняў і радасць перамог. Змагаўся за Севастопаль і Перакоп, удзельнічаў у вызваленні Каўказа, вайну закончыў у Балгарыі. Да таго часу ён здзейсніў больш за 500 паспяховых баявых вылетаў, правёў больш за 90 паветраных баёў, збіў 17 самалётаў праціўніка. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга (шэсць разоў), Суворава ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі (двойчы), медалямі, замежнымі ордэнамі.
Нашы вучні ганарацца заслугамі героя-земляка. У школе ёсць музейная экспазіцыя, дзе сабрана мноства матэрыялаў пра гэтага гераічнага чалавека. Некалькі гадоў назад піянеры сустрэліся з дачкой героя. Яе расповед пра бацьку, яго нялёгкі гераічны шлях натхніў школьнікаў на ўвекавечанне памяці знакамітага земляка.
Увесь вольны час пасля ўрокаў навучэнцы былі заняты зборкай і запускам паветранага змея. Дапамагалі ім і бацькі: яны разам з дзецьмі праглядвалі ў інтэрнэце інфармацыю, падбіралі і рыхтавалі неабходны матэрыял для канструявання, давалі парады, падтрымлівалі ў выпадку няўдачы.
А колькі было расчараванняў, падзенняў і слёз. Многія дзеці адмовіліся ад задумы ўдзельнічаць у конкурсе пасля няўдалых спроб. Толькі самыя настойлівыя і мэтанакіраваныя здолелі, нарэшце, атрымаць тэхнічна дасканалую мадэль змея і запусціць яго ў неба. Крыкі радасці і захаплення доўга гучалі над школай, калі тварэнне хлапечых рук узнялося ў неба. Усе вучні, якія знаходзіліся ў школе, выбеглі ў двор, з вокнаў школы за цуда-палётам назіралі дырэктар, настаўнікі і тэхработнікі.
Гэта была перамога, іх перамога. Перамога над сабой, над прыродай, над сілай чалавечага розуму, і, самае важнае, здзейснілася мара гэтых дзяцей — мара пра неба. Як заканамерны вынік — навучэнцы 8 класа Дзмітрый Саўчанка і Уладзіслаў Далганаў занялі 1-е месца ў Магілёўскай вобласці і былі запрошаны да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу змеяў у Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Я бачыла, як твары хлопчыкаў свяціліся шчасцем і радасцю. Яны ганарыліся сабой, яны паверылі ў сябе і свае сілы. Дзеці зразумелі, што нічога нездзяйсняльнага няма: было б толькі жаданне — усяго можна дамагчыся. Разам з мадэлямі ў неба ўзняліся часцінка іх душы, іх энергія, іх праца.
Чалавек без мары як птушка без крылаў. Марце, і няхай усе вашы мары здзяйсняюцца, як гэта атрымалася ў нашых хлопцаў!

Марына ІВАНОВА,
настаўніца фізікі і матэматыкі Міхееўскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна.