З любоўю да роднай зямлі

“За Беларусь!”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “За любімую Беларусь”, “Я грамадзянін Беларусі” — шырокамаштабныя акцыі, здольныя не толькі аб’ядноўваць грамадзян краіны, але і фарміраваць у маладых людзей пачуцці патрыятызму і грамадзянскасці.

У звароце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 2016 года адзначана, што асаблівая роля адводзіцца сістэме адукацыі, “якая павінна, па-першае, навучыць моладзь жыць у цяперашнім насычаным і вельмі інфармацыйным асяроддзі, па-другое, выхоўваць маральную асобу, прывіваць пачуццё грамадзянскай адказнасці чалавеку з маладых гадоў, каб кожны змог бачыць розніцу паміж дабром і злом і выбіраць менавіта станоўчы бок любой з’явы”.Для сучаснага чалавека мала атрымаць адукацыю, яму неабходна валодаць пэўным наборам якасцей, каб служыць сваёй Радзіме. Дашкольны ўзрост з’яўляецца важным і вызначальным у развіцці асобы.

У яслях-садзе аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна рэалізоўваецца рэспубліканская інавацыйная пляцоўка “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”, што дае шырокія магчымасці для ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу па пытаннях фарміравання асноў грамадзянскасці і патрыятызму.

Тэма праекта была выбрана невыпадкова. На жаль, у сучасным свеце жыццёвыя каштоўнасці пераацэньваюцца, а тое, што раней было нязменным, выклікае сумненні. Мэтай інавацыйнага праекта з’яўляецца фарміраванне і развіццё грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі праз арганізацыю і дзейнасць віртуальных музеяў, разуменне сваёй прыналежнасці да грамадзянскай супольнасці, усведамленне сябе грамадзянінам сваёй краіны, якому не чужая беларуская мова і які будзе горда называць сябе беларусам.

Выкарыстанне рэгіянальнага кампанента ў фарміраванні асноў патрыятызму і грамадзянскасці для нас з’яўляецца сістэмаўтваральным, таму супрацоўніцтва са школай, сельскай бібліятэкай і іншымі арганізацыямі мікрараёна з’яўляецца вельмі важным. Выхаванцы з нецярплівасцю чакаюць экскурсій у музей “Гісторыя Кадзінскага краю” ў нашай сярэдняй школе. Тры раздзелы музея (этнаграфічны, Вялікай Айчыннай вайны, сучасны) маюць унікальную атмасферу, якая дазваляе адчуць прыналежнасць да гісторыі і лёсу беларускага народа, сувязь паміж пакаленнямі, усвядоміць адказнасць за тое, што адбываецца. Пранікнуцца атмасферай таго часу, азнаёміцца з традыцыямі, побытам нашых продкаў, акунуцца ў свет баявых дзеянняў, калі кожны трэці не вярнуўся са страшнай вайны, мае магчымасць кожны наведвальнік музея. Побач са школай — брацкая магіла, дзе халодныя пліты нагадваюць пра тое, як праходзілі суровыя баі на тэрыторыі нашага аграгарадка ў ліпені 1941 года… Ускладанне кветак да падножжа брацкіх магіл, размешчаных на тэрыторыі Кадзінскага сельскага савета, стала ў нашай установе днём сапраўднага яднання мінулага, сучаснасці і будучыні. У гэты дзень у руках дзеці трымаюць агніста-чырвоныя цюльпаны. Гэтым яны выказваюць сваю ўдзячнасць салдатам Вялікай Перамогі. Менавіта моцныя дзіцячыя ўражанні адыгрываюць вялікую ролю ў станаўленні асобы патрыёта, сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны.

Не адна сотня цюльпанаў штогод упрыгожвае кампазіцыйную выставу “Кветкі Вялікай Перамогі”. Калажы, дзіцячыя малюнкі, фотаздымкі яшчэ раз даказваюць, што нас аб’ядноўвае незвычайная сіла духу, радасць Перамогі, дачыненне да гістарычных падзей краіны. Мы ўмеем шанаваць памяць і праносіць яе праз дзесяцігоддзі.

Яшчэ адным важным адукацыйным метадам грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляюцца інфармацыйныя рэсурсы. Іх выкарыстанне дапамагае знаёміць школьнікаў з этнаграфічным мінулым, народнымі традыцыямі. Спалучэнне магчымасцей камп’ютарнай тэхнікі і народных традыцый, мінулага і будучыні — вось вынікі нашай дзейнасці ў працэсе грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Мы з асаблівай цікавасцю сочым, як паглыбляюцца ў віртуальны свет удзельнікі інтэлектуальнай гульні “Разумнікі і разумніцы”. Тэматычнае мерапрыемства “Мая малая Радзіма” дорыць унікальную магчымасць выказаць сваю бязмежную любоў да родных прастораў. І прыемна ўсведамляць, што месца, дзе яны нарадзіліся, дзе размешчаны іх сад, дом, — гэта сапраўдны райскі куток. Дзеці гавораць пра яго так: “любімы”, “сучасны”, “гасцінны”, “родны”, “квітнеючы”.

Пазнавальны маршрут па вывучэнні роднага краю пракладаюць нашы педагогі. Наведванне экамузея “Беларуская лялька” аграгарадка Стрэнькі Рагачоўскага раёна натхніла на правядзенне музейных заняткаў з выкарыстаннем віртуальных магчымасцей і правядзенне майстар-класа для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Лялькі, прадстаўленыя ў музеі, вартыя ўвагі і захаплення, бо яны маглі быць і лекамі, і забавай, і павучаннем. Прыемна назіраць, калі бацькі разам са сваімі дзецьмі ствараюць сваю непаўторную ляльку-спавівашку. Гэта не толькі ўнікальная магчымасць фарміравання ўяўленняў выхаванцаў пра музей, яго ролю ў жыцці чалавека і грамадства, але і выхаванне цікавасці да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, павагі і клапатлівых адносін да працы народных майстроў.

Беларускія народныя святы “Дажынкі”, “Кірмашы”, “Вячоркі”, “Калядкі” з удзелам ветэранаў працы адлюстроўваюць звычаі і традыцыі, вопыт нашага народа, з’яўляюцца люстэркам культурна-гістарычнай пераемнасці пакаленняў, спрыяюць выхаванню высакароднасці, спагадлівасці, клопату пра пажылых людзей. Музычныя творы вуснай народнай творчасці ў выкананні нашых выхаванцаў выклікаюць слёзы на вачах прысутных, бо вельмі прыгожа і меладычна гучыць родная мова з вуснаў малышоў.

І, канечне, нельга не сказаць пра нашых бацькоў, без удзелу якіх не было б такой плённай і насычанай працы. Яны з вялікім жаданнем далучаюцца да сумеснай дзейнасці, бо самі адчуваюць сябе грамадзянамі краіны, усведамляюць адказнасць за тое, што адбываецца.

Мы лічым, што менавіта такія грамадзянска-патрыятычныя мерапрыемствы дапамогуць дзецям навучыцца ўсведамляць сябе часцінкай сваёй краіны, шчыра любіць Радзіму, сваіх блізкіх. І тады нам не давядзецца ім тлумачыць, што трэба паважаць старасць, цаніць дабрыню і шчырасць, ганарыцца сваёй гісторыяй, народам, краінай.

Ларыса ПЕТРУСЁВА,
загадчыца ясляў-сада аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна;
Марына ЗАБЛОЦКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.