З любоўю да роднай Беларусі

Вучыцца павінна быць цікава. Толькі тады навучанне можа быць паспяховым. У гэтым цвёрда перакананы педагогі дапаможнай школы Магілёва. На працягу многіх гадоў у школе праводзяцца тыдні пачатковых класаў. Такая форма арганізацыі дзейнасці вучняў спрыяе фарміраванню камунікатыўных навыкаў, актывізуе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, павышае ўзровень пазнавальнай матывацыі, спрыяе фарміраванню навыкаў работы ў калектыве, развівае творчыя здольнасці дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Штогод з вялікім задавальненнем як навучэнцы, так і педагогі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах у рамках прадметнага тыдня.

На гэты раз тэма прадметнага тыдня была “З любоўю да роднай Беларусі”. Дзеці чыталі вершы пра родны край, загадвалі загадкі, здзяйснялі цікавыя адкрыцці, займальныя падарожжы, адчуўшы бясконцую радасць пазнання. План правядзення тыдня быў загадзя абмеркаваны на пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў.
Пачаўся тыдзень з завочнага падарожжа “Гiсторыя маёй краiны”. Вучні замацоўвалі свае веды аб нашай Радзіме, знаёміліся з новымі словамі і паняццямі. У заданнях часта выкарыстоўваліся назвы памятных месцаў і краявіды роднага горада Магілёва. Завяршылася падарожжа праглядам відэафільма “Мая Беларусь”.
Другі дзень атрымаўся самым вясёлым і шумным, таму што быў прысвечаны развучванню беларускіх народных гульняў і інсцэніраванню прыказак і прымавак.
Парадаваў пазнавальнай гульнёй “Чароўны квадрат” трэці дзень тыдня. Дзеці спаборнічалі ў кемлівасці, разгадвалі крыжаванкі і адгадвалі загадкі. Усім запомніліся вершы на беларускай мове, якія дэкламавалі вучні 5 класа.
Чацвёрты дзень быў прысвечаны сустрэчы з беларускай казкай. Вучні знаёміліся з рознымі відамі казак: чарадзейнымі, сацыяльна-бытавымі, аўтарскімі, казкамі пра жывёл. Даведаліся таксама пра беларускіх пісьменнікаў, якія пісалі для дзяцей. Усе прысутныя прымалі актыўны ўдзел у конкурсах: адказвалі на пытанні па змесце казак, адгадвалі назвы казак і прозвішчы аўтараў, адказвалі на пытанні-рыфмы. З асаблівым інтарэсам і ўвагай дзеці паглядзелі, а потым абмеркавалі мультыплікацыйны фільм па матывах беларускай народнай казкі “Лёгкі хлеб”. Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла малодшых школьнікаў з некаторымі мастацкімі творамі беларускіх аўтараў, якія маюцца ў школьнай бібліятэцы, а вучні 5 класа атрымалі рэкамендацыйны спіс літаратуры для чытання.
Кульмінацыяй і завяршэннем усяго тыдня стала гульня-падарожжа “У пошуках папараць-кветкi”. У яркай і даступнай форме дзеці даведаліся пра беларускае народнае свята Купалле, паўтарылі правілы паводзін на прыродзе, згулялі ў беларускую народную гульню “Садзім лён”. Добры настрой і шмат пазітыўных эмоцый выклікала гульня “Угадай мелодыю”, падчас якой трэба было ўгадаць назвы вядомых беларускіх песень.
Скончылася свята ўзнагароджаннем самых актыўных удзельнікаў. Але самае галоўнае, што Тыдзень пачатковых класаў прайшоў у атмасферы творчасці і супрацоўніцтва, дапамог дзецям у цікавай і займальнай форме больш даведацца пра краіну, у якой мы жывём.
Зараз можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе педагогі праявілі свае найлепшыя арганізатарскія здольнасці, ствараючы для дзяцей святочную творчую атмасферу. У бягучым годзе ў падрыхтоўцы Тыдня пачатковых класаў прымалі ўдзел настаўнікі Н.К.Золіна, Н.М.Маісеенка, І.Г.Баранава, Н.А.Бандарэнка, Т.М.Ціткова, А.П.Кафанава, С.У.Ярмоленкава, бібліятэкар А.В.Сілкова.

Валянціна РОШЧАНКА,
намеснік дырэктара дапаможнай школы Магілёва.