З любоўю да мовы, культуры, традыцый

Ва ўстановах адукацыі Маскоўскага раёна Брэста назапашаны вялікі вопыт выхаваўчай работы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Педагогі вядуць мэтанакіраваную дзейнасць па захаванні лепшых узораў матэрыяльнай і духоўнай культуры. На ўроках і пазакласных мерапрыемствах далучаюць выхаванцаў да спадчыны беларускага народа, запальваюць у сэрцах юнакоў і дзяўчат веру ў чалавека, яго талент і розум, у неўміручую душу роднага краю, багатага слаўнай гісторыяй і традыцыямі.

Настаўнікі лічаць, што духоўная еднасць і памяць вяртаюць з небыцця, абнадзейваюць, дазваляюць вярнуць у штодзённае жыццё звычаёвыя нормы, вывераныя стагоддзямі, той лад, які, на вялікі жаль, няўмольна перабіраецца з хат у сіратліва маўклівыя залы этнаграфічных музеяў. Сёння музейная педагогіка — адзін з напрамкаў актыўных пошукаў педагагічных рашэнняў, якія спрыяюць развіццю творчасці дзяцей. Вывучэнне культуры роднага рэгіёна трывала прапісалася ў адукацыйным працэсе.
У свой час ва ўстановах адукацыі Маскоўскага раёна Брэста плённа працавала творчая група настаўнікаў “Спадчына”. Цікавым і карысным вопытам падзяліліся педагогі 13 школ. Матэрыялы адметных раённых мерапрыемстваў былі выдадзены асобнай брашурай “Музейная педагогіка”.
Дзякуючы энтузіязму настаўнікаў, у многіх школах створаны этнаграфічныя куткі, дзе праходзяць урокі з дэманстрацыяй матэрыяльнай спадчыны народа. Гарадскія дзеці ахвотна калядуюць, “гукаюць вясну”, удзельнічаюць у масленічных мерапрыемствах, ладзяць кірмашы, на якіх гучыць трапнае беларускае слова, дасціпны жарт.
У сярэдняй школе № 23 назапашаны вялікі вопыт па правядзенні тыдняў беларускай мовы і літаратуры. Кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Марыя Канстанцінаўна Масюк умее задаць святочны тон такім мерапрыемствам, далучыць
да іх не толькі вучняў, але і настаўнікаў.
Стала традыцыйным правядзенне ў гімназіі № 2 свята “Міс беларусачка”. Кожная з яго ўдзельніц рыхтуе самапрэзентацыю (відэа ці фота з вуснымі каментарыямі), арыгінальную страву нацыянальнай кухні і беларускі нацыянальны касцюм на свой густ. Конкурс мастацкай самадзейнасці, які з’яўляецца адным з галоўных элементаў шоу-праграмы, выяўляе ўзровень майстэрства кожнай удзельніцы. Гледзячы на іх, згадваюцца радкі Янкі Купалы: “На беларускую дзяўчыну, // Калі тут праўду ёй аддаць, // Ніхто яшчэ каменем не кінуў // І не наважыцца кідаць…”
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Адамаўна Куц лічыць, што такія мерапрыемствы не толькі духоўна ўзбагачаюць вучняў, але і нараджаюць у іх душах гордасць за родны край.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 10 Марыя Паўлаўна Бондар зладзіла з калегамі дзве фальклорныя вечарыны “Абрады і звычаі, якія суправаджаюць шлюб” і “ Завітайце да нас, калі ласка, у хату”.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Галіна Уладзіміраўна Ныч ужо некалькі гадоў займаецца лялечным тэатрам “Батлейка”. На рахунку педагога і яе выхаванцаў шмат пастановак.
Займальна і змястоўна праходзяць у гімназіі калёквіумы па пазакласным чытанні. Гэта дзейсны сродак у кіраванні самастойным чытаннем дзяцей і выхаванні цікавасці да кнігі. Вынікам такой работы з’яўляецца тое, што вучні актыўна ўдзельнічаюць у розных літаратурных конкурсах і атрымліваюць задавальненне ад перамог у іх.
На класных гадзінах дзеці сустракаюцца з вядомымі пісьменнікамі Брэстчыны. Такія сустрэчы прымушаюць задумацца пра гармонію жыцця і яго сэнс.
Цікавае мерапрыемства пра аграсядзібу “Вясковая ідылія” распрацавалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 24 Эла Мікалаеўна Дабрынец, Наталля Мікалаеўна Ткачык і Ірына Аляксееўна Смалко. Пастаноўку з задавальненнем паглядзелі настаўнікі Маскоўскага раёна Брэста і слухачы курсаў Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Цесная сувязь наладжана з кафедрай беларускага мовазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Летась на філалагічным факультэце прайшоў круглы стол, прысвечаны арганізацыі навукова-даследчай работы з вучнямі.
З мэтай папулярызацыі творчасці паэтаў і празаікаў Брэстчыны прайшлі раённыя чытанні настаўнікаў на прыз грамадскага аб’яднання “Белая Русь” “Радком тваім, о Берасцейшчына, я смагу наталяў не раз” і раённае свята “Зліваюцца крыніцы берасцейскія ў адну вялікую раку”.
“Родная мова і літаратура — добры сродак выхавання і развіцця дзяцей”, — лічыць кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні Зоя Іванаўна Кавальчук. Пад яе кіраўніцтвам на базе навучальнай установы штогод праходзіць раённае свята “Ад роднай мовы я не адракуся”, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы.
Акрамя ўдзелу ў розных мерапрыемствах, настаўнікі актыўна падарожнічаюць па славутых мясцінах Беларусі. Пра ўбачанае педагогі расказваюць на ўроках.
Заканчваюцца заняткі, але не заканчваецца работа настаўніка. Яна адгукаецца ў справах і ўчынках вучняў. Вось так, па цаглінках, будуецца падмурак чалавечай душы, ідзе выхаванне грамадзян, патрыётаў — заступнікаў роднай зямлі, абаронцаў культурных здабыткаў, носьбітаў роднай мовы, прадаўжальнікаў духоўна-матэрыяльнай лучнасці прыроды, грамадства і чалавека, асоб, адказных за гісторыю і традыцыі, духоўны стан і дабрабыт равеснікаў і сучаснікаў.
Кожны мастацкі твор, кожны ўрок вучыць і выхоўвае. У святле пэўных эстэтычных ідэалаў настаўнікі асцярожна далучаюць вучняў да скарбаў духоўнасці. Дзякуючы настаўнікам-творцам, ажыўленне і ачалавечванне мастацкіх твораў дазваляе дзецям пераўвасабляцца ў літаратурных герояў, праецыраваць іх лепшыя якасці на сябе.

Ніна ДРЫК,
намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму
адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.