З чаго складаецца малады настаўнік

У гомельскай гімназіі № 36 імя І.П.Мележа склалася шмат традыцый. Адна з іх — правядзенне ў канцы навучальнага года тыдня маладога спецыяліста.

Як адзначае кіраўніцтва гімназіі, тыдзень у пэўнай ступені стаў праверкай станаўлення маладых спецыялістаў, якія працуюць ва ўстанове. А спланаваныя падчас яго правядзення мерапрыемствы садзейнічаюць актывізацыі педагагічнай дзейнасці маладых настаўнікаў, бо толькі правільна спланаваныя мерапрыемствы дапамагаюць выявіць таленавітых педагогаў, якія працуюць творча.
Скончыўся чарговы навучальны год, і педагагічная моладзь гімназіі зноў дэманстравала свае прафесійныя дасягненні. Свой талент маладыя спецыялісты паказвалі праз асноўныя віды адукацыйнай дзейнасці — урок, пазакласнае мерапрыемства, удзел у конкурсах, правядзенне выставы “Мае захапленні”. Зразумела, расці прафесійна немагчыма без выкарыстання вопыту старэйшых калег, і ў гімназіі № 36 Гомеля імя І.П.Мележа вопытныя педагогі з радасцю дзеляцца сакрэтамі работы падчас правядзення адкрытых урокаў і майстар-класаў, якія заўсёды арганізоўваюцца пры правядзенні тыдня маладога спецыяліста. А пасля за круглым сталом збіраецца ўвесь педагагічны калектыў гімназіі, каб прааналізаваць урокі і мерапрыемствы, знайсці рашэнні канкрэтных прафесійных задач.
Заканчэнне тыдня маладога спецыяліста і падагульненне вынікаў у гэтым годзе адбылося незвычайна. Маладыя настаўнікі гімназіі № 36 Гомеля імя І.П.Мележа сталі ініцыятарамі правядзення інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. На гэтае мерапрыемства запрасілі калег з Гомельскага гарадскога кадэцкага вучылішча, гімназій №№ 51 і 71. Гэта быў першы вопыт правядзення мерапрыемства такога фармату, і на дапамогу ўстанове адукацыі прыйшлі педагогі абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Леанід і Тамара Клімовіч.
У гімназіі № 36 Гомеля імя І.П.Мележа ўжо існуе інтэлектуальны клуб вучняў, які збірае вакол сябе тых, хто жадае пастаянна ўдасканальваць свой інтэлект. Але ў гэты дзень гімназісты былі гледачамі, а на сцэне свае веды і эрудыцыю паказвалі маладыя настаўнікі. Гульня “Што? Дзе? Калі?” сярод маладых спецыялістаў адбылася ў Гомелі ўпершыню. Удзельнікі паказалі высокія вынікі, што, безумоўна, можа служыць пацвярджэннем імкнення моладзі да самаразвіцця.

Наталля ЛУТЧАНКА.