З чаго пачынаецца Радзіма?

З чаго пачынаецца Радзіма? У дзіцяці яна пачынаецца з адносін да самых блізкіх людзей — мамы, таты, бабулі, дзядулі, з захаплення тым, што яно бачыць перад сабой і што выклікае водгук у яго душы. Многія ўражанні не заўсёды глыбока ўсведамляюцца, але, прапушчаныя праз дзіцячае ўспрыманне, яны іграюць вялікую ролю ў станаўленні маральна-патрыятычных якасцей.

Разнастайныя формы, метады і сродкі работы для выхавання ў дзяцей цікавасці да роднага краю выкарыстоўваюць педагогі сучаснай пачатковай школы. Заахвочваючы малодшых школьнікаў да праектнай, даследчай дзейнасці, яны вучаць іх самастойна здабываць веды, развіваюць творчыя здольнасці, спрыяюць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці. Маленькі, прыгожы і ўтульны Мсціслаў… Гарадок з багатай гісторыяй, гераічным мінулым і самабытнай сучаснасцю. Ён варты таго, каб маленькія мсціслаўчане ведалі яго, любілі і ганарыліся ім. Шматлікія экскурсіі па горадзе, гутаркі пра яго, сустрэчы з цудоўнымі людзьмі навялі на думку: арганізаваць дзейнасць па праекце “Горад мой ад А да Я”.
Пазнавальны маршрут па вывучэнні гісторыі і сучаснасці горада, прыроды, экалогіі роднага краю як дадатак да асноўнага курса прадмета “Чалавек і свет” быў распрацаваны сумесна з вучнямі 3 “Б” класа гімназіі Мсціслава. Былі вылучаны тры асноўныя этапы: “Гісторыя роднага горада”, “Горад, у якім я жыву”, “Зямля мая — Мсціслаўшчына мая!”. Работа была праведзена велізарная і карпатлівая, але цікавая. Вось што ў нас атрымалася.
Першы этап. Гісторыя роднага горада. Пра заснаванне горада трэцякласнікі даведаліся з кніг і ад экскурсаводаў гісторыка-археалагічнага музея. Пазнаёміліся з ксеракопіяй кнігі 1912 года выдання “Городъ Мстиславль”. Таямніцы Мсціслаўскай зямлі малодшым школьнікам раскрыліся пасля прагляду фільма “Міфы і легенды Мсціслаўшчыны”, знятага педагогамі сярэдняй школы № 2 Мсціслава С.Покладам і Ю.Лупяковым. Падарожнічаючы па родным горадзе, дзеці даведаліся, што ў Мсціславе захаваліся два археалагічныя помнікі: Дзявочая гара — гарадзішча ранняга жалезнага веку і Замкавая гара — дзядзінец сярэдневяковага горада.
Падчас экскурсій школьнікі звярнулі ўвагу на незвычайныя таблічкі. Аказалася, што ў горадзе і яго ваколіцах шмат помнікаў архітэктуры XVII—XX стагоддзяў. Яны ўзяты на ўлік, знаходзяцца пад аховай дзяржавы, на іх складзены ахоўныя граматы. Нездарма гавораць, што наш горад можа быць музеем пад адкрытым небам.

Рэалізацыя праекта “Горад мой ад А да Я” паказала, што Мсціслаў слаўны сваёй гісторыяй, традыцыямі, славутымі мясцінамі, помнікамі, людзьмі. Вынікам работы стала выпрацоўка першасных навыкаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Малодшыя школьнікі мала ведаюць пра Вялікую Айчынную вайну. Інфармацыйная гадзіна “Помніце пра тых, хто ўжо не прыйдзе ніколі!” дапамагла даведацца, што на франтах вайны змагаліся больш за 15 тысяч мсціслаўчан. Шасцёра з іх — Героі Савецкага Саюза. У горадзе ёсць вуліцы і завулкі, названыя ў гонар герояў Я.Ганчарова, І.Паўловіча, Ф.Рудкіна. Наш горад расце, таму новыя вуліцы, па меркаванні школьнікаў, можна было б назваць у гонар астатніх герояў.
Мы наведалі памятныя мясціны горада: Алею Славы, Курган Славы, мемарыяльны комплекс жыхарам, расстраляным у гады Вялікай Айчыннай вайны, помнік воінам-вызваліцелям.
Інтэлектуальная гульня-конкурс “Горад над Віхрай” — вынік работы над першым этапам праекта. Гульня выклікала ў навучэнцаў цікавасць і павысіла вучэбную матывацыю. Трэцякласнікі атрымалі веды, якія складана набыць пры традыцыйных метадах навучання.
Другі этап. Горад, у якім я жыву. Працуючы над другім этапам праекта, навучэнцы пашырылі свае ўяўленні пра сучасны Мсціслаў: прадпрыемствы і ўстановы горада, навучальныя ўстановы, прафесіі бацькоў. Інфармацыйная гадзіна “Вуліцы нашага горада” дапамагла як мага больш даведацца пра вуліцы, на якіх жывуць школьнікі. Навучэнцы высветлілі, што ўсяго ў горадзе больш за 140 вуліц і завулкаў. Дзяцей зацікавіла, колькі вуліц названа імёнамі пісьменнікаў, знакамітых землякоў і г.д., і яны вырашылі класіфікаваць іх па групах: вуліцы і завулкі, названыя ў гонар пісьменнікаў, у гонар землякоў, Герояў Савецкага Саюза, вуліцы, звязаныя з назвамі прафесій, з указаннем месцазнаходжання, асаблівасцей прыроды. Адкрылі для сябе старыя назвы вуліц нашага горада.

Сем цудаў Мсціслаўшчыны (паводле апытання трэцякласнікаў): Свята-Успенскі Пустынскі манастыр, Замкавая гара, кармеліцкі касцёл, Дзявочая гара, царква А.Неўскага, кагальны калодзеж, езуіцкі касцёл.

Трэці этап. Зямля мая — Мсціслаўшчына мая! На гэтым этапе мы гаварылі пра багацце і разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету роднага краю. Даведаліся, што сярод гэтай дзівоснай разнастайнасці ёсць жывёлы і расліны, якім неабходна ахова. Мерапрыемствы праходзілі з выкарыстаннем актыўных і інтэрактыўных метадаў навучання, у тым ліку метаду доказаў, праблемных пытанняў, дыдактычных гульняў, работы ў групах, ролевых гульняў, творчай майстэрні.
Узбагаціць запас ведаў школьнікам дапамагла класная гадзіна на тэму “Раслінны і жывёльны свет роднага краю. Чырвоная кніга Мсціслаўшчыны”. Інтэлектуальная гульня-конкурс “Цудоўная прырода Мсціслаўшчыны любімай поўная загадак” дапамагла падвесці вынікі работы на гэтым этапе праекта.
Сёння ў горадзе ёсць што паглядзець. Штогод у верасні праходзіць рэспубліканскі фестываль камернай музыкі імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна, у ліпені — фестываль сярэдневяковай культуры “Рыцарскі фэст”. На Замкавай гары вядуцца археалагічныя раскопкі. У мінулым годзе ў рукі археолагаў трапіла берасцяная грамата, быў адноўлены фрагмент старажытнай маставой.
Вялікі інтарэс выклікала ў дзяцей работа па вызначэнні сямі цудаў Мсціслаўшчыны. У анкетаванні ўдзельнічалі таксама бацькі, педагогі гімназіі, старэйшыя школьнікі.

Іна ШАРЫЛАВА,
настаўніца пачатковых класаў, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Мсціслава.