Ён заўсёды кажа: “Маё палатно — усё маё жыццё”

Ведаеце, чым дзеці адрозніваюцца ад дарослых? Яны ніколі не скажуць, што не ўмеюць маляваць, і могуць адлюстраваць усё што заўгодна. А пазней, з гадамі, здольнасць гэтая знікае, напэўна, сыходзіць разам з дзяцінствам. Пабла Пікасо казаў: “Кожнае дзіця — мастак. Цяжкасць у тым, каб застацца мастаком, выйшаўшы з дзіцячага ўзросту”.

Але як жа выдатна, калі, трапіўшы ў рукі добрага чараўніка, ты працягваеш свой дзіцячы інтарэс надоўга, можа быць, нават на ўсё жыццё. Ты жывеш у свеце фарбаў, адценняў, вобразаў, ты вучышся бачыць, чуць, адчуваць, марыць.
Больш чым за 50 гадоў не адно пакаленне дзяцей прайшло праз рукі майстра сваёй справы, чалавека вялікага сэрца і адкрытай душы Валянціна Пятровіча Пакаташкіна.
1 лістапада педагогу дадатковай адукацыі, нязменнаму кіраўніку народнай студыі выяўленчага мастацтва Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, члену Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, заслужанаму настаўніку БССР В.П.Пакаташкіну споўнілася 75 гадоў.
Па вуліцах горада павольна кружаць карагоды апалага лісця позняй восені, а ў абласным палацы цёпла і ўтульна. Ціха паскрыпвае аловак, ледзь чутна шамаціць папера, прабіўся скрозь акно сонечны прамень і адкідвае цень на толькі што скончаны накід будучай карціны. Гэта юныя выхаванцы народнай студыі выяўленчага мастацтва вучацца бачыць і адчуваць. Гэта галоўнае для мастака. Так лічыць мэтр Пакаташкін, гэтаму ён вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак.
Нарадзіўся і вырас будучы мастак у Гомелі. Цяга да мастацтва ўзнікла рана. Ды і не магло быць па-іншаму. Бацька быў майстрам сваёй справы, вельмі творчым чалавекам, старэйшы брат Яўген выдатна маляваў. Сёе-тое атрымлівалася і ў Валянціна. З вялікім натхненнем займаўся ў мастацкім гуртку ў сярэдняй школе № 4, а затым у мастацкай студыі пры Палацы чыгуначнікаў, дзе педагогамі будучага мастака былі Барыс Звінагроцкі і Віктар Казачэнка. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, дзе на яго шляху сустрэліся выдатныя педагогі Надзея Галавачэнка, Акім Шаўчэнка.
Скончыў Валянцін Пятровіч вучылішча з адзнакай. Марыў пра інстытут, але прыйшоў выклік на службу ў войска. І нават там у вольны час ён не пераставаў маляваць. З поспехам удзельнічаў у рэспубліканскай выставе вайсковых мастакоў.
Пасля службы, у 1963 годзе, вярнуўся ў Гомель. Студыя пры Палацы чыгуначнікаў ужо не працавала. У мясцовым аддзяленні Саюза мастакоў прапанавалі стварыць гурток у Палацы піянераў. Многія ў маладосці рвуцца да самастойнасці, мараць здзівіць свет. Напэўна, марыў і ён, але прыйшоў у Палац піянераў і школьнікаў і ўзяўся за арганізацыю студыі выяўленчага мастацтва. У студыю адразу ж прыйшло больш за 100 чалавек. Дзеці хацелі маляваць! Гэта цешыла і акрыляла. З тых часоў жывапіс і педагогіка сталі для яго адзіным і непадзельным на ўсё жыццё, а студыю нельга ўявіць без яе нязменнага кіраўніка.
Напэўна, выдатна глядзець на акіян і разумець, што зможаш яго намаляваць. А ці ўсе могуць стаць мастакамі? І ці трэба гэта?
“Я магу маляваць, як Рафаэль, але мне спатрэбіцца ўсё жыццё, каб навучыцца маляваць так, як малюе дзіця”, — казаў Пабла Пікасо. Валянцін Пятровіч абсалютна згодны з гэтым: даючы сваім вучням веды аб жывапісе, графіцы, пап’е-машэ, развіваючы дакладнасць, бачанне, галоўнае — як мага больш падоўжыць у дзіцяці дзяцінства. А гэта значыць, уменне нефармальна думаць, не прывязвацца да штампаў, не баяцца эксперыментаў. Задача педагога не столькі навучыць дзіця валодаць той ці іншай тэхнікай, колькі адкрыць яму вочы для захаплення і здзіўлення, далучыць да прыгожага, дапамагчы стаць неабыякавым да наваколля. “Вучуся ў іх непасрэднасці, — дзеліцца Валянцін Пятровіч. — Часта глядзіш на іх ружовы або жоўты снег, ведаеш, што тэарэтычна такога быць не можа, але практычна аказваецца, што гэта прыгожа”.
Больш за 50 гадоў працаваў В.П.Пакаташкін на адным месцы. Яго студыя выяўленчага мастацтва адна з першых у рэспубліцы атрымала званне народнай. Узнагарода настаўніку — не толькі перамогі вучняў у выставах і конкурсах, багаццем якіх можа з поўным правам ганарыцца педагог, але і жаданне звязаць сваё жыццё з выяўленчым мастацтвам. Звыш тысячы выпускнікоў студыі сталі прафесійнымі мастакамі, многія скончылі або вучацца ў Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы, дзе працаваў выкладчыкам, а затым намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянцін Пятровіч, у акадэміі мастацтваў, у Мінскім інстытуце культуры, а таксама за межамі нашай краіны. Ды і ў абласным палацы, у каледжы педагогамі працуюць яго былыя выхаванцы. Найбольш таленавітыя з іх — члены Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.Мастак, педагог. Ён шмат падарожнічае, і вынікам паездак з’яўляюцца новыя работы, якія часта экспануюцца як у нашай краіне, так і за мяжой. Як можна вучыць жывапісу, калі не будзеш маляваць сам? Можна бясконца доўга гаварыць пра творчасць Валянціна Пятровіча. Ён шырока вядомы як жывапісец і графік. Прычым у жывапісе ён нярэдка ператвараецца ў філосафа, у яго палотнах выразна выступаюць усе нюансы настрою і душэўныя перажыванні. Яго тонкія лірычныя пейзажы ўспрымаюцца як філасофскія разважанні аб вечным, аб тым, што застаецца на ўсе часы чыстым, шчырым, сапраўдным.
За сваю разнастайную педагагічную і творчую дзейнасць Валянцін Пятровіч Пакаташкін па праве ўзнагароджаны шматлікімі граматамі і ўзнагародамі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, сярэбраным медалём ВДНГ, Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ордэнам ІІ ступені Свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай Праваслаўнай Царквы і многімі іншымі.
Сёння Валянціну Пятровічу — 75! Гэта пара творчай сталасці. Ён поўны задум, новых планаў, ідэй. А падарункам да юбілею педагога і мастака стане адкрыццё 19 лістапада персанальнай выставы ў Гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў.

Аксана СІНЯНОК,
загадчык аддзела менеджменту і інфармацыйна-рэкламнай дзейнасці
Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.