Якога колеру шаўроны? Колькі зорак на пагонах?

У рамках падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне сярэдняя школа № 170 Мінска арганізавала выставу “Сувязь часоў і пакаленняў”. На выставе прадстаўлены нарукаўныя знакі-шаўроны ад часоў СССР і да сучаснасці, узоры ваеннай формы 70— 80-х гадоў, парашуты, мадэлі ваенных самалётаў.

Вучні з цікавасцю разглядалі галоўныя атрыбуты вайсковага адзення — шаўроны войскаў Беларусі, Расіі і Украіны. У школьнікаў і гасцей выставы ёсць магчымасць патрымаць у руках мініяцюрныя самалёты, пагартаць часопісы з дадатковай падрабязнай інфармацыяй пра тую ці іншую мадэль. Таксама на выставе дэманструецца ваенная форма пагранічных і марскіх войскаў, афіцэраў авіяцыі, у тым ліку форма Пінскай ваеннай флатыліі (у яе быў апрануты Арцём Сміланскі — хлопчык з Луганска, які цяпер стаў вучнем беларускай школы і наведвальнікам Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі).
170-я школа — адна з нямногіх у Мінску і адзіная ў Маскоўскім раёне, якая мае свой Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі (начальнік Ігар Мікалаевіч Руткоўскі). Старшакласнікі 34 школ гэтага раёна наведваюць яго, каб атрымаць веды па дысцыплінах “Дапрызыўная падрыхтоўка” для хлопцаў і “Медыцынская падрыхтоўка” для дзяўчат. Вучні дзясятых і адзінаццатых класаў наведваюць цэнтр кожны дзень на працягу тыдня (за адзін дзень праходзіць 6 заняткаў). Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі займае амаль цэлае крыло школы. Для жаночай паловы навучэнцаў адведзены 4 класы, якія маюць усе ўмовы для якаснага навучання.
Кожны клас — гэта маленькі музей. Напрыклад, у класе гісторыі Узброенных Сіл можна ўбачыць калекцыю ваенных галаўных убораў розных эпох, таксама тут знаходзіцца манекен у салдацкай форме, літаратура ваеннай тэматыкі. У класе агнявой і тактычнай падрыхтоўкі размешчана калекцыя мініяцюрных танкаў і ўнікальная дыярама, якая была падорана школе Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта састаўная кампазіцыя вялізных памераў, якая расказвае пра падзеі абароны Магілёва ў 1941 годзе. У кабінеце радыяцыйна-хімічна-біялагічнай абароны навучэнцы знаёмяцца са сродкамі індывідуальнай абароны. Для гэтага быў пастаўлены манекен, апрануты ў агульнавайсковы ахоўны камплект. Вучні трэніруюцца за тры з паловай хвіліны апрануць на сябе такое спецыфічнае адзенне. У кабінеце ёсць і калекцыя пагонаў, па якой дзеці вывучаюць званні і адпаведную колькасць зорачак.
Цэнтр мае і свой зброевы пакой, які ахоўваюць супрацоўнікі міліцыі. У ім сабраны пнеўматычныя і малакаліберныя стрэльбы, дзякуючы якім хлопцы вучацца трапна страляць. На занятках дапрызыўнай падрыхтоўкі працуюць не класы — тут, як у арміі, узводы. У кожным ёсць камандзір, які сочыць за дысцыплінай і выконвае пэўныя абавязкі. Як паведаміў дырэктар школы Яўген Пятровіч Гунько, у перспектыве плануецца зрабіць пляц пад вокнамі школы. Цяпер жа пастраенне будучых воінаў праходзіць у холе цэнтра.
У сярэдняй школе № 170 Мінска дзейнічае і музей баявой славы, якім кіруе Ігар Бабіцкі. Акрамя прадметаў даваеннага быту, на экспазіцыі прадстаўлены рэшткі знішчанай бранятэхнікі гітлераўцаў, фрагменты процітанкавай зброі, кулямёта “Максім”, міны для чыгуначных дыверсій, палявы тэлефон, радыёапаратура ваенных часоў, афіцэрская гімнасцёрка, марскі бушлат і шмат чаго іншага. Сярод унікальных экспанатаў асабістыя рэчы наводчыка чырвонаармейца Асона Дукрэна (партсігар, кацялок, лыжка, каска), які па-геройску загінуў у баі з нямецкімі танкамі. Побач узнагароды капітана Шырко, з якіх асабліва рэдкай з’яўляецца бронзавы “Шчыт Грунвальда” — адна з галоўных узнагарод Польшчы.
Выстава “Сувязь часоў і пакаленняў” прадоўжыцца да 25 снежня. У яе наведвальнікаў ёсць цудоўная магчымасць азнаёміцца са знакамі доблесці і адданасці Радзіме — шаўронамі, якіх прадстаўлена каля пяцісот. Адначасова можна пабываць у музеі і адчуць атмасферу таго часу, убачыць унікальныя экспанаты.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.