Якаснае харчаванне забяспечыць “Рэчычанка”

Пытанні арганізацыі якаснага харчавання, выканання патрабаванняў санітарна-гігіенічнага рэжыму з’яўляюцца актуальнымі ў кожным рэгіёне нашай краіны. У цяперашні час арганізацыя харчавання дзяцей і падлеткаў з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў дзейнасці аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама ўстаноў адукацыі.

Адным з найважнейшых фактараў, якія абумоўліваюць здароўе дзіцяці, з’яўляецца правільнае харчаванне. У апошні час школьнае харчаванне абмяркоўваюць даволі бурна і часта. Магчыма, мы, нарэшце, пачынаем разумець, што здароўе трэба берагчы замалада і што яно залежыць не толькі ад экалогіі, глабальных праблем чалавецтва, але і ад правільнага харчавання.
У Рэчыцкім раёне гарачым харчаваннем ахоплена 100% навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — звыш 11 тысяч дзяцей у 40 установах адукацыі. Харчаванне ў горадзе забяспечвае КУПШХ “Рэчычанка”, у сельскіх школах НП “Грамадскае харчаванне” Рэчыцкага раённага спажывецкага таварыства. Аддзел IMG_6686(сайт)адукацыі арганізоўвае харчаванне ў 45 установах дашкольнай адукацыі.
Найбольш актуальным пытаннем пры арганізацыі харчавання з’яўляецца выкананне патрабаванняў санітарных норм і правіл, бо здароўе дзяцей прама залежыць ад выканання элементарных норм санітарыі, прафілактычных мерапрыемстваў, тэхнічнага стану тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання ў харчаблоку.

З 2011 года ў раёне рэалізоўваецца “Комплексны план мерапрыемстваў па прафілактыцы групавога захворвання на кішэчныя інфекцыі пры арганізацыі харчавання”, у рамках якога прадугледжана ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў устаноў адукацыі, гарантаванне бяспекі прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў, павышана адказнасць кіраўнікоў устаноў адукацыі, прадпрыемстваў па забеспячэнні якасці і бяспечнасці харчавання.
Адным з напрамкаў дзейнасці з’яўляецца паэтапная замена састарэлага тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання ў харчаблоках. Хочацца адзначыць, што такая работа праводзілася заўсёды, але мы сістэматызавалі ўсю наяўную ў нас інфармацыю, стварылі банк даных аб тэхналагічным абсталяванні, якое патрабуе замены, згодна з загадамі занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, на аснове чаго распрацавалі “План мерапрыемстваў па перааснашчэнні тэхналагічнага абсталявання харчаблокаў устаноў адукацыі”.
Толькі ў 2012/2013 навучальным годзе аддзелам адукацыі набыта 11 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на суму 75 млн рублёў для ўстаноў дашкольнай адукацыі і 46 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на суму звыш 400 млн рублёў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Адрамантавана 329 адзінак тэхналагічнага абсталявання на суму 253,5 млн рублёў.
Толькі ў кастрычніку-лістападзе 2013 года набыта тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на суму звыш 700 млн рублёў.

У адпаведнасці з патрабаваннямі санітарнай службы, для забеспячэння асобных памяшканняў харчаблокаў гарачым водазабеспячэннем ва ўстановах адукацыі праведзена разводка гарачай і халоднай вады.
У многіх можа ўзнікнуць пытанне: “А хто гэта ўсё фінансуе?”. Хачу адразу патлумачыць, што на працягу двух гадоў наш аддзел адукацыі праводзіць рамонтныя работы “гаспадарчым спосабам”. Мы ў гэтым плане перадавікі ў Гомельскай вобласці і як вынік атрымалі грашовы грант у памеры 900 млн рублёў пры падрыхтоўцы да 2012/2013 навучальнага года і 1,5 млрд рублёў да 2013/2014 навучальнага года. Таму асноўную частку грашовых сродкаў выкарыстоўваем на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў, эстэтычнае афармленне абедзенных залаў, набыццё мэблі для іх.
З мэтай рацыянальнага выкарыстання халадзільнага абсталявання ва ўстановах адукацыі штогод праводзіцца яго рэвізія. Вызваленае халадзільнае абсталяванне па неабходнасці аператыўна пераразмяркоўваюць у іншыя ўстановы.
Мы дастаткова цесна працуем з прадпрыемствамі, арганізацыямі-шэфамі, а вынік такой работы — аказанне спонсарскай дапамогі нашым установам. Так, да 2013/2014 навучальнага года шэфы падарылі нашым установам 5 бытавых халадзільнікаў.
У 2012/2013 навучальным годзе закуплена мэбля ў абедзенныя залы для 10 устаноў адукацыі на агульную суму звыш 240 млн рублёў. У бягучым навучальным годзе набыта 66 камплектаў абедзеннай мэблі. Штогод праводзім бягучыя рамонты ў абедзенных залах, харчаблоках школьных сталовых. Лічым, што калі дзеці пры наведванні школьнай сталовай сядзяць за прыгожым абедзенным сталом, дзе стаяць прадметы сервіроўкі, вазачкі з кветкамі, у іх паляпшаецца настрой, з’яўляецца апетыт.
У нас у раёне для кожнай школы распрацаваны прыкладныя 2-тыднёвыя рацыёны харчавання. Сваю работу па арганізацыі харчавання кожная школа пачынае з маніторынгу. Штогод вызначаюцца навучэнцы, якім неабходна дыетычнае харчаванне. На кожную ўзроставую групу ствараецца асобны комплекс.
Амаль усе ўстановы адукацыі адышлі ад уніфікацыі харчавання. Для навучэнцаў І ступені навучання практыкуем так званыя “снеданні, якія гавораць”, калі падчас яды навучэнцы слухаюць інфармацыю пра смачную і карысную ежу. А для навучэнцаў ІІ ступені навучання выкарыстоўваем шматпарцыённы посуд, што дысцыплінуе і дае магчымасць выбраць тую колькасць ежы, якую школьнік з’есць. Для навучэнцаў 9 — 11 класаў у кожнай школе распрацаваны і ўкаранёны два комплексы страў па меню заўтрашняга дня, што дае магчымасць выбару комплексу, які спадабаўся.

Традыцыйным стала правядзенне Дзён імянінніка ў групе прадоўжанага дня, Дзён нацыянальнай кухні, вітамінных паўз, тэматычных і пазакласных мерапрыемстваў “Аб смачнай і здаровай ежы”. Усё гэта арганізоўваем з мэтай прывіць навучэнцам навыкі культуры харчавання. Як паказвае практыка, такія формы арганізацыі харчавання падабаюцца дзецям.
Аднак мы пайшлі далей. З новага навучальнага года ў пяці ўстановах дашкольнай адукацыі ўкаранілі альтэрнатыўнае меню, што дало магчымасць як дзецям, так і іх бацькам свядома выбраць тое, што сапраўды падабаецца дзецям і што яны ядуць з задавальненнем.
Арыгінальным у гэтым напрамку з’яўляецца вопыт работы ўстаноў дашкольнай адукацыі Рэчыцы. Было вырашана арганізаваць у шэрагу ўстаноў дашкольнай адукацыі папярэдні заказ страў, гэта значыць, меню свабоднага выбару. Альтэрнатыву выбару страў было вырашана праводзіць з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту на абед і полудзень з улікам сезоннасці, разнастайнасці і спалучальнасці харчовых прадуктаў, спосабаў іх кулінарнай апрацоўкі.
Былі распрацаваны прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны харчавання. На выбар прапаноўваліся стравы з мяса, рыбы, гарніры, тварожныя і мучныя стравы. Усе гэтыя рацыёны харчавання былі разлічаны з улікам фізіялагічных патрэб дзяцей у асноўных пажыўных рэчывах. Так, напрыклад, на выбар прапаноўваліся: біточкі з ялавічыны паравыя ці галубцы аматарскія, пячонка тушаная ў соусе ці аладкі з пячонкі, бульба вараная ці запяканка бульбяная з агароднінай, сырнікі з тварагу ці варэнікі лянівыя і інш.
Папярэдні заказ праводзіцца ў двух кірунках. У некаторых установах стравы выбіраюць бацькі. Для зручнасці ім прапаноўваецца меню на тыдзень з фотаздымкамі страў. У некаторых установах заказ складаецца з улікам выбару дзяцей, які ажыццяўляецца ў сюжэтна-ролевай гульні “Кафэ”, дзе дзецям таксама прапаноўваюць калярова аформленае меню.
З верасня бягучага года ў 27 установах адукацыі ўведзены праграмны кампанент “Электроннае меню”. Значнай перавагай для аддзела адукацыі з’яўляецца магчымасць кантраляваць усе аперацыі з меню, якія праводзяцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Нягледзячы на тое, што на гэтыя мэты аддзелам адукацыі было затрачана 125 млн рублёў, у тым ліку 65 млн рублёў на набыццё праграм, мы задаволены гэтым новаўвядзеннем у сістэме арганізацыі харчавання дзяцей.
Найбольш эфектыўна вырашаць пытанні захавання здароўя дзяцей неабходна ў цесным узаемадзеянні бацькоў і педагогаў. Апытанні навучэнцаў і бацькоў, праведзеныя ў школах горада, паказалі, што на асаблівую разнастайнасць дамашні рацыён не багаты. Ніхто з апытаных не назваў салат як звычайную страву ў рацыёне дзіцяці, таму і ў школе дзеці ядуць салаты неахвотна. У асноўным у дамашнім рацыёне дзяцей пераважаюць пельмені, сасіскі, смажаная бульба. На аснове дыягностыкі ў школах раёна вызначаны асноўныя напрамкі работы па арганізацыі харчавання: гігіена, якасць, эстэтыка харчавання, рацыянальнае харчаванне, культура і рэжым харчавання. Усе гэтыя напрамкі рэалізоўваюцца на вучэбных занятках, у пазаўрочнай дзейнасці, у рабоце з бацькамі.

Усялякая дзейнасць павінна быць сістэмнай, мэтанакіраванай, і тады яна дасць плён. Таму ў кожнай школе гэтая работа пачынаецца з 1 класа, а ва ўстанове дашкольнай адукацыі — з першых дзён наведвання дзіцячага сада.
На працягу некалькіх гадоў сярод факультатыўных заняткаў навучэнцы выбіраюць факультатыў “Здаровае харчаванне”, дзе з задавальненнем вучацца адрозніваць карысную і не вельмі карысную ежу, прадукты з вялікай колькасцю цукру, знаёмяцца з правіламі гігіены харчавання і г.д.
Для дзяцей старэйшага ўзросту мы арганізоўваем экскурсіі на прадпрыемствы грамадскага харчавання, у прыватнасці, у рэстараны. Ва ўстановах працуюць лектарскія групы “Здаровае харчаванне і мы”, а ў сярэдніх школах №№ 2, 7, 8, 9, 11, раённай гімназіі вялікай папулярнасцю карыстаюцца агітбрыгады.
У раёне вызначаны апорныя ўстановы, на базе якіх праходзяць практычныя семінары па пытаннях арганізацыі харчавання: раённая гімназія, сярэднія школы №№ 6, 7, 8, 9, 10, 11, азяршчынскія сярэднія школы №№ 1, 2, Салтанаўская сярэдняя школа.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму штогод праводзіць конкурсы на лепшае афармленне абедзенных залаў, на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі па арганізацыі харчавання. Так, па выніках 2012/2013 навучальнага года пераможцамі сталі сярэднія школы №№ 7, 9 Рэчыцы, дзіцячы сад — сярэдняя школа № 1 Рэчыцы, Васілевіцкая сярэдняя школа.
Выконваючы рашэнні сумеснай калегіі Міністэрства адукацыі і Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2013 года, мы накіравалі на пазапланавую вучобу і пракантралявалі веды кіраўнікоў устаноў адукацыі, адкарэкціравалі праграмы вытворчага кантролю, схемы пастаўкі прадуктовай сыравіны і прадуктаў харчавання.
У раёне створана міжведамасная камісія па кантролі за арганізацыяй якаснага харчавання, у склад якой уваходзяць першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік аддзела гандлю і паслуг райвыканкама, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, галоўны ўрач занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, дырэктар камбіната школьнага харчавання, старшыня ўпраўлення Рэчыцкага раённага спажывецкага таварыства. Сумесныя рэйды ўсіх зацікаўленых службаў даюць магчымасць аператыўна вырашаць пытанні, а самае галоўнае — не дапусціць грубых парушэнняў у арганізацыі харчавання навучэнцаў.

 

Святлана БАДЗЮЛЯ,
начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама.