Як разгаварыць маўклівага вучня?

Зносіны на замежнай мове — неад’емная частка сучаснага жыцця. Навучанне замежнай мове прадугледжвае фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі, сутнасць якой заключаецца ў здольнасці і гатоўнасці ажыццяўляць іншамоўныя зносіны з носьбітамі мовы.

Агульнавядома, што навучыцца плаванню можна толькі плаваючы, навучыцца чытанню — чытаючы, а навучыцца іншамоўным зносінам можна толькі ў выпадку зносін на замежнай мове.
Даволі часта на ўроках настаўнікі замежнай мовы сутыкаюцца з праблемай “маўклівага вучня”, які адчувае вялікую цяжкасць пры выкананні заданняў, звязаных з іншамоўным маўленнем, і супраціўляецца любой магчымасці развіцця вусна-маўленчых навыкаў на вучэбных занятках. Зразумела, што фармальным спосабам прымусіць вучняў мець зносіны на замежнай мове нельга. Важна стварыць такія ўмовы, каб дзеці захацелі гаварыць не толькі дзеля атрымання добрых адзнак, але і дзеля таго, каб камунікацыя стала звычайнай патрэбай. Пры гэтым трэба ўлічваць натуральны страх чалавека перад маўленнем на замежнай мове, таму пераадоленне псіхалагічнага бар’ера і ўнутранай заціснутасці вучняў — адна з найважнейшых задач настаўніка. Пры яе рашэнні варта абавязкова ўлічваць, што вучэбны працэс будзе эфектыўным толькі пры ўмове ператварэння кожнага вучня з пасіўнага сузіральніка, які дазваляе сябе вучыць, у актыўнага і творчага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.Чаму на ўроку замежнай мовы маўчыць вучань (у лепшым выпадку выказваецца фармальна), калі настаўнік, ствараючы сітуацыю зносін, старанна акружыў яго разнастайным наглядным матэрыялам? Сучасныя псіхолагі і метадысты вылучаюць шэраг матывацыйных праблем дзяцей пры навучанні маўленню: няўпэўненасць у сабе, страх зрабіць памылку (вучні саромеюцца размаўляць на замежнай мове, непакояцца, што скажуць не тое ці дапусцяць памылку, адчуваюць страх страціць твар перад класам, падвергнуцца крытыцы настаўніка ці насмешкам з боку аднакласнікаў); недахоп слоў для выказвання (вучням не хапае моўных і маўленчых сродкаў для вырашэння пастаўленай камунікатыўнай задачы); няма чаго сказаць (вучні часта скардзяцца, што не ведаюць, як раскрыць тэму нават на роднай мове; у дзяцей няма цікавасці і матыву выказваць думкі і меркаванні).
Суадносячы ўласны вопыт з напрацоўкамі айчынных і замежных метадыстаў, магу выдзеліць некалькі спосабаў разгаварыць маўклівага вучня. Так, для пазбаўлення ад няўпэўненасці ў сабе даволі эфектыўнай з’яўляецца работа ў малых групах. Гэта дазваляе павялічыць колькасць выказванняў за пэўны адрэзак часу і знізіць хваляванне вучня, які не хоча гаварыць перад усім класам. Канечне, пры рабоце ў групах нельга прасачыць, як гаворыць кожны. Не ўсе выказванні будуць правільнымі, але нават пры гэтым час, адведзены на карысную практыку, аказваецца значна большым, чым калі б гэтае заданне выконвалася кожным вучнем перад усім класам.
Для таго каб дапамагчы вучням не страціць твар перад аднакласнікамі, трэба даць ім час на абдумванне ці прапанаваць невялікі дыялог на пэўную тэму перад дыскусіяй, што дазваляе спланаваць і адрэпеціраваць у думках сваё выказванне. Практыка паказвае, што гэта надае дзецям больш упэўненасці і набліжае да патрэбнага выніку.
Калі вучні баяцца зрабіць памылку, трэба імкнуцца пераканаць іх у тым, што для вас, настаўніка, правільнасць іх гаварэння і выпраўленне памылак — не прыярытэтная задача. Праявіць сябе ў дыскусіі, нягледзячы на моўныя веды і ўменні, — гэта каштоўны вопыт для гаварэння. Памылкі непазбежныя, галоўнае — вусная камунікацыя.
Каб зняць моўныя цяжкасці перад пачаткам дыскусіі, варта паўтарыць ключавыя словы. Мэтазгодным з’яўляецца прымяненне практыкаванняў на дэфініцыі. Напрыклад: A thing which you do with… A thing for …ing, What do you call a thing for …ing? Акрамя таго, даволі эфектыўнымі з’яўляюцца заданні на перыфраз, якія садзейнічаюць засваенню і актывізацыі лексічнага і граматычнага матэрыялу.
Для вырашэння праблемы “няма чаго сказаць” варта ўважліва адабраць тэмы і заданні, правёўшы мазгавую атаку і абмен ідэямі для павышэння цікавасці. Чым выразней фармулюецца мэта дыскусіі, тым больш будуць зацікаўлены ў ёй удзельнікі. Перад дыскусіяй вучняў трэба забяспечыць матэрыялам (тэматычнымі тэкстамі і відэа), які можа стымуляваць уласныя выказванні. Але першапачаткова варта засяродзіць увагу дзяцей на фактычнай інфармацыі па тэме, а не на іх меркаваннях.
Іншыя віды заданняў набліжаны па змесце да рэальных камунікатыўных дзеянняў і накіраваны на развіццё і ўдасканаленне навыкаў і ўменняў вуснай прамовы. Гэтыя практыкаванні выклікаюць найбольшую цікавасць у вучняў.
Заданні на інфармацыйную нераўнавагу (information-gap activities) прадугледжваюць абмен інфармацыяй. Спачатку вучні валодаюць толькі часткай агульнай інфармацыі, а затым у выніку маўленчага ўзаемадзеяння атрымліваюць больш поўны аб’ём звестак. Дзеці працуюць у парах. Так, пры абмеркаванні тэмы “Уладкаванне на работу” два вучні атрымліваюць карткі аднолькавай заявы аб прыёме на работу, на кожнай з якіх прапушчана пэўная (неаднолькавая) інфармацыя. Задаючы адно аднаму пытанні, дзеці запаўняюць свае карткі. Выкананне задання прымушае вучняў задаваць вялікую колькасць пытанняў. Такія практыкаванні добра заахвочваюць да зносін. З іх дапамогай адпрацоўваецца спецыфічная лексіка і граматычны матэрыял па тэме.
Заданні на ранжыраванне інфармацыі (ranking activities) прадугледжваюць размеркаванне атрыманай інфармацыі згодна з пэўнымі крытэрыямі. Так, вучням прапаноўваецца спіс прыметнікаў, якія апісваюць рысы характару чалавека. Працуючы ў групах, дзеці выбіраюць 3 самыя галоўныя, на іх погляд, прыметнікі, якія характарызуюць сябра, сяброўку і настаўніка, і расстаўляюць іх па парадку па ступені важнасці. Ранжыраванне інфармацыі суправаджаецца яе абмеркаваннем і абгрунтаваннем. Падчас такіх заданняў адпрацоўваюцца рэплікі згоды — нязгоды, навыкі аргументацыі і выказвання ўласных меркаванняў.
Заданні на здагадку (guessing activities) звязаны з адгадваннем асобы, прадмета ці працэсу з дапамогай агульных пытанняў, якія патрабуюць адказаў “так” або “не”. Даволі цікавым з’яўляецца прыём “Гарачае крэсла” (Hot chair). Адзін з вучняў (вядучы) садзіцца перад групай. Яму дэманструецца карцінка, слова ці спалучэнне слоў, напісаныя на паперы і звязаныя з тэмай урока. Задача аднакласнікаў заключаецца ў тым, каб высветліць, што намалявана ці напісана на паперы, задаючы пытанні пэўнага тыпу вядучаму.
Заданні на ролевую гульню (role play) надзяляюць вучняў рознымі сацыяльнымі і псіхалагічнымі ролямі, аблягчаюць працэс зносін. Пры размеркаванні роляў варта ўлічваць як моўныя, так і акцёрскія магчымасці дзяцей, даручаючы адным вербальныя, другім пантамімныя, а трэцім суфлёрскія ролі. Пры гэтым удала знойдзены жэст, нямое дзеянне, калі яны адпавядаюць сітуацыі, заахвочваюцца ўсёй групай. У выніку вучні са слабай падрыхтоўкай пераадольваюць нясмеласць, нерашучасць, сарамлівасць і з часам цалкам уключаюцца ў ролевую гульню.
Заданні на дыскусію ў групе (discussion group) прадугледжваюць абмеркаванне кола пытанняў па канкрэтнай тэме, абмен выказваннямі, якія дапаўняюць і канкрэтызуюць новымі звесткамі і меркаваннямі. Вялікае значэнне адводзіцца ўменню ўважліва слухаць і разумець суразмоўцаў, уступаць у дыскусію, задаваць пытанні, пераходзіць да новых аспектаў абмеркавання праблемы, ацэньваць рэплікі суразмоўцаў (прыём “Перакрыжаваныя групы”).
Праектныя заданні (project-based activities) падштурхоўваюць вучняў да самастойнай дзейнасці, якая аб’ядноўвае маўленчыя зносіны з інтэлектуальна-эмацыянальным зместам пэўнай работы. Так, цікавым творчым праектам можа стаць стварэнне радыёперадачы на тэму “Навіны”. Вучні прызначаюць рэдактара, які адказвае за падрыхтоўку розных паведамленняў, гісторый і інтэрв’ю да выпуску.
Заданні на вуснае паведамленне (prepared monologues) развіваюць навыкі маналагічных выказванняў на зададзеную ці адвольна выбраную тэму. Так, вучням прапаноўваецца падрыхтаваць вуснае паведамленне пра экалагічны стан роднага горада, культурныя традыцыі рэгіёна і інш. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць прыёмы “Калі прадметы маглі б гаварыць…” і “Хвіліна гаварэння”.
Даволі эфектыўнымі з’яўляюцца заданні, якія прадугледжваюць выкарыстанне тэкстаў, відэа- і аўдыяматэрыялаў у якасці сэнсавай апоры і стымулу да размоў (after reading/watching/listening activities). Асаблівая ўвага ўдзяляецца розным відам пераказу (сціснуты, выбарачны, дыферэнцыраваны). Практыка даказвае эфектыўнасць выкарыстання пытальна-зваротнай формы работы, драматызацыі, ролевага прайгравання відэатэксту і агучвання фільма. Гэтыя практыкаванні развіваюць непадрыхтаванае маўленне, якое ажыццяўляецца ў індывідуальным, парным і групавым рэжымах. Матэрыял для такіх заданняў павінен быць дастаткова праблемным (каб выклікаць жаданне ўдзельнічаць у зносінах) і адпавядаць узроставым інтарэсам вучняў.
Важна, каб практыкаванні забяспечвалі не толькі дзеянні школьнікаў, але і іх узаемадзеянне.
Актывізацыі маўленчага ўзаемадзеяння вучняў садзейнічае не толькі сістэматычнае выкарыстанне сучасных метадаў і прыёмаў, але і атмасфера, у якой працякае працэс навучання. Ва ўмовах добразычлівасці, узаемапавагі і даверу дзеці хутчэй ідуць на кантакт і ахвотней вучацца. Павышаную ўвагу на ўроках удзяляю індывідуальным асаблівасцям школьнікаў. Кожны вучань павінен разлічваць на тое, што яго магчымасці будуць заўважаны і ўлічаны настаўнікам.

Алена КУЧМІЧ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 2 Пінска.