Як па нотах

Рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года — педагагічнай грамадскасці рэспублікі” — традыцыйнае мерапрыемства. Праўда, яно ўсё часцей праходзіць у невялікіх гарадах, а ў Мінску такога семінара не было з красавіка 2008 года. Таму прыезд “жураўлёў” у сталіцу — невялікая, але падзея.

Месцам сустрэчы стала школа пад № 161. Агеньчыкі, упрыгожаная ёлка, дзіцячы смех, гасцінныя настаўнікі, флэш-моб (ранішняя зарадка), тэнісныя сталы, якія сабралі вакол сябе мноства жадаючых згуляць, прасторныя і прыгожыя кабінеты, шыкоўная бібліятэка, усё тэхнічна абсталявана. Адразу відаць: у школы цудоўны гаспадар — Валерый Аляксандравіч Стружко, а каманда аднадумцаў — зладжаны механізм.
Школа вялікая. Але блукаць па яе калідорах нам не прыйшлося. Усё прадумана. Дзяжурныя дапамагаюць знайсці патрэбны кабінет, адказваюць на ўсе пытанні. Менавіта таму ўсё дакладна і зразумела. І семінар ідзе па наладжанай схеме.
Такім чынам, мы ўсе ў актавай зале. Пачатак. Кароткі экскурс у гісторыю конкурсу “Настаўнік года”, знаёмства з мэтай семінара: што, навошта і чаму. Усе гэтыя пытанні асвятліла начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ірына Віктараўна Багачова. Што такое клуб “Крыштальны журавель”, калі і навошта ён з’явіўся, чым займаецца, якія семінары-канферэнцыі і з’езды праводзіць — пра дзейнасць клуба больш падрабязна ўсе пачулі ад начальніка Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Івана Віктаравіча Фёдарава.
І зноў інтрыга. Хто будзе расказваць пра сябе, сваю дзейнасць наступным? Іван Віктаравіч вытрымлівае паўзу. І паступова кожны з прысутных у актавай зале “жураўлёў” расказвае коратка пра сябе і сваю дзейнасць, запрашае на ўрок і майстар-клас.
“Мы па ўсёй краіне качуем…” Сёння мы ў мінскай сярэдняй школе № 161. Нам цёпла, утульна, камфортна. Адкрытыя твары ў зале. Зацікаўленасць прысутных надае нам сілы і ўпэўненасці. Незалежна ад таго, які гэта выезд па ліку — ты хвалюешся. Перажываеш і нервова ўсміхаешся жартам са сцэны. Правільны кірунак указала Галіна Анатольеўна Сухава, пра канцэпцыю нагадаў Іван Віктаравіч. Зала ўважліва слухае. Мы ўжо амаль не хвалюемся. У чарговы раз пераконваемся, што настаўніцтва — гэта разуменне калег і адчуванне падтрымкі. Дзякуй усім прысутным.
Першыя “жураўлі” (а нас трое) паспяшаліся ў свае кабінеты — апошнія штрыхі да ўрокаў, хуткае знаёмства з класам. Звініць званок.
Першая тройка ўрокаў: англійская мова, Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска; беларуская літаратура, Галіна Анатольеўна Сухава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска; і па інфарматыцы мой урок.
Камунікатыўныя метады — неад’емная частка ўрокаў англійскай мовы. А калі яшчэ яго вядзе Інеса Уладзіміраўна — значыць, гэта палёт творчасці, натхнення і радасці.
— Урок у 10 класе па англійскай мове па тэме “Лідар маладзёжнай арганізацыі”, — расказвае пра свае заняткі і Інеса Уладзіміраўна. — У аснове ўрока — прыёмы інтэрактыўнага навучання. У пачатку заняткаў у працэсе знаёмства праз значэнні імён навучэнцаў мы выйшлі на тэму ўрока (прыём “Інтэрактыўная крыжаванка”, ключавое слова “Лідар”). Пасля абмеркавання характарыстык сваіх імён навучэнцам прапанавана праслухаць выказванні шасці чалавек пра людзей, якімі яны захапляюцца, і вылучыць тыя характарыстыкі лідараў, якія яны пачулі. У індывідуальных лістах навучэнцам быў таксама прадстаўлены спіс характарыстык лідара. Спачатку яны выбіралі іх самастойна, а потым абмяркоўвалі ў парах і вызначалі агульныя характарыстыкі лідара. Пасля гэтага дзецям быў прапанаваны спіс, складзены псіхолагамі, пра гэтыя рысы характару навучэнцы чыталі міні-тэксты і апісвалі іх. Тут выкарыстоўваўся прыём “Чытанне на сцяне”. Навучэнцы выконвалі тэст на вызначэнне лідарскіх якасцей, зыходзячы з вынікаў дыягностыкі, клас падзяліўся на групы. Дзецям было прапанавана абмеркаваць і прадставіць свае маладзёжныя арганізацыі. Прэзентацыя ўключала назву, слоган, місію, мэтавую аўдыторыю і віды дзейнасці. Навучэнцы справіліся з заданнем, іх прэзентацыя зацікавіла аднакласнікаў. У якасці дамашняга задання дзецям прапанавана прыдумаць рэкламу сваёй арганізацыі.
Галіна Анатольеўна Сухава праводзіла ўрок у 11 класе па апавяданні М.Стральцова “На чацвёртым годзе вайны”. Эпіграфам да ўрока сталі словы Людмілы Трухан: “У апавяданні Міхася Стральцова мы не сустрэнем ні авантурных учынкаў, ні мудрагеліста закручаных сюжэтаў, ні гучных слоў. Мы не будзем атаясамліваць сябе з героямі і гераінямі. Але, пазнаёміўшыся з кнігамі Міхася Стральцова, мы абавязкова задумаемся пра сябе, свой лёс, жыццё”. Ключавым пытаннем урока стала пытанне: што хаваецца за вонкавай суровасцю герояў апавядання? У пошуках адказу вучні зрабілі наступную выснову на аснове аналізу тэксту: вялікая жыццёвая праўда заключаецца ў тым, што без самаабмежавання, без патрабавальнасці адно да аднаго сям’і цяжка выжыць у пасляваенны час фізічна. Але павінна выжыць і душа з яе ўменнем разумець і спачуваць, уменнем любіць. У выніковым заданні ўрока многія вучні зазначылі наступнае: “У апавяданні “На чацвёртым годзе вайны” Міхась Стральцоў звяртаецца менавіта да гэтага парадоксу — зло змушае чалавека быць жорсткім, а ён, наадварот, робіцца мяккім”; “Для таго, каб паставіць сябе ў жыцці, каб не даць у крыўду сябе”, не трэба быць жорсткім, патрабавальным да сябе і да іншых, бо жыццё ад гэтага лягчэйшым не становіцца”; “Для таго, каб паставіць сябе ў жыцці, каб не даць у крыўду сябе”, трэба быць мяккім, спачувальным да свайго гора і гора іншых, бо толькі дабрыня і чуллівасць дапамагаюць героям апавядання трываць найцяжэйшыя выпрабаванні доўгай вайны, яе наступствы”.
Навагодні настрой, адчуванне свята, пазітыў і адкрытасць, супрацоўніцтва і творчасць — вось складнікі ўрока інфарматыкі. Крытэрыі ацэнкі ўрока дазволілі навучэнцам паспяхова правесці самаацэнку. Ці гэта не здорава?! Пагружэнне ў тэму ўрока, выпрацоўка крытэрыяў ацэнкі, заданні “Лато” і “Знайдзі сваё месца”, “Графічны дыктант” і “Мастакі” дазволілі дасягнуць мэты ўрока.
Другая паласа ўрокаў: біялогія (Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні) і матэматыка (Іван Віктаравіч Якіменка, настаўнік матэматыкі Лошніцкай раённай гімназіі).
Урок біялогіі ў інтэрактыўным рэжыме. Поўнае паглыбленне ў тэму, работа груп, размеркаванне і выкананне ўдзельнікамі груп сваіх абавязкаў, творчасць, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне.
— У 9 “Б” класе — тэма “Імунітэт”. Працавалі па групах, выкарыстоўвалі відэаролікі. Успаміналі сітуацыі з жыцця, апісанне гістарычных падзей, вызначалі віды і механізмы імунітэту, напрыканцы ўрока давалі рэкамендацыі настаўнікам, якія прысутнічалі на ўроку, па ўмацаванні імунітэту. Дзеці адкрытыя, лёгка ідуць на кантакт і вельмі стараліся, хаця форма работы для іх была новая, — адзначае Ірына Рамуальдаўна.
Іван Віктаравіч Якіменка праводзіў абагульняльны ўрок у 9 “А” класе па тэме “Упісаныя і апісаныя многавугольнікі”. На этапе матывацыі выкарыстоўваў фрагмент з фільма “Вій”. На размінцы настаўнік практыкаваў метад “Белых плям”. Заяву аб допуску навучэнца да кантрольнай работы па тэме “Упісаныя і апісаныя многавугольнікі” па заканчэнні ўрока матэматыкі здалі ўсе навучэнцы. Работа каля дошкі і прадстаўленне чарцяжоў да задач пры дапамозе праграмы GeoGebra, зладжаная работа класа і настаўніка дазволілі паўтарыць неабходны матэрыял.
І яшчэ ўрокі: фізічная культура (Валерый Леанідавіч Варанцоў, настаўнік фізічнай культуры школы № 10 Слуцка), хімія (Іна Міхайлаўна Рылко, настаўніца хіміі гімназіі Ганцавіч), пачатковая школа — матэматыка (Святлана Пятроўна Емяльянава-Раманоўская, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 19 Оршы).
Кулёк, яшчэ, яшчэ! Асабісты прыклад настаўніка: як групавацца, як зрабіць усё правільна і пазбегнуць памылак — усё ў тэмпе. Падчас урока па тэме “Гімнастыка і акрабатыка” ў 6 класе ў Валерыя Леанідавіча ўсё прадумана. Для матывацыі навучэнцаў на ўроку выкарыстоўваліся музычнае суправаджэнне і відэакантэнт. Урок праляцеў імгненна і зусім нечакана — у канцы ўрока полька! Вось ён — класны ўрок фізкультуры ад цудоўнага настаўніка.
Хімічыць могуць усе. А вось рашаць задачы… гэта так складана. І сумна… Але толькі не на ўроках Іны Міхайлаўны Рылко. У гэтым пераканаліся ўсе, хто прысутнічаў на яе ўроку ў 161-й школе. Урок прайшоў на ўра! Эфектыўна, канструктыўна і вынікова.
Вось што кажа Іна Міхайлаўна пра свой урок: “Хімія, 8 клас. Тэма “Ступень акіслення”. Камбінаваны ўрок вывучэння новага матэрыялу, накладзены на канву ўрока-спаборніцтва. Выкарыстоўваліся прыёмы інтэрактыўнага навучання ў форме гульняў “Калектыўны розум”, “Вызначы элемент” і інш. Асаблівасцю гэтага ўрока лічу пастаянную зваротную сувязь, выкарыстанне новага алгарытму для вызначэння ступені акіслення. Гэты алгарытм дазваляе пазбегнуць тыповых памылак. Навучэнцу не трэба завучваць вялікую колькасць выключэнняў, таму што ўсе яны закладзены ў пастулаты гэтага прыёму. Лічу, што ўрок атрымаўся. Дзеці сапраўды тэму “схапілі”. Ды і вынікі выхаднога тэста больш чым пераканаўчыя. Велізарную ролю на ўроку адыграла адкрытасць дзяцей. Яны былі гатовы да ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва. Вялікі дзякуй за гэта педагогам, якія з імі працавалі, і асабліва класнаму кіраўніку настаўніцы хіміі Інесе Васільеўне Прохаравай.
Вы задумаліся аб тым, як паглыбіць навучэнцаў у дзейнасць? Як малодшых школьнікаў зрабіць раўнапраўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання? Тады вам абавязкова трэба было зазірнуць на ўрок да Святланы Пятроўны Емяльянавай—Раманоўскай. Сумеснае мэтапаляганне, выяўленне цяжкасцей праз выкананне заданняў тэста, самастойнасць і адказнасць, паглыбленне ў дзейнасць. Поўнае паглыбленне. Такія дарослыя маленькія дзеці. Такія адказныя і самастойныя. І Святлана Пятроўна — мудры рулявы, які ўсё разумее. Урок як па нотах. Гэта дакладна!
Невялікі перапынак. У гэты час гасцінныя гаспадары школы арганізавалі для ўсіх жадаючых абед. Дзелімся ўражаннямі. Абмяркоўваем вынікі ўрокаў. Усе ў захапленні ад сваіх навучэнцаў. А значыць і ад настаўнікаў, якія навучылі і выхавалі!
Аднак час бяжыць. І вось ужо разыходзімся па кабінетах. Ідзём майстраваць. Зараз час майстар-класаў. Ці ведаеце вы, што майстар-клас — гэта важны час для кожнага настаўніка. Вядучы майстар-класа дзеліцца вопытам, сваімі напрацоўкамі, творыць і… вучыцца сам. Удзельнікі майстар-класа пагружаюцца ў праблему. Такі палёт педагагічнай творчасці. І гэта здорава. Абмен педагагічнымі знаходкамі, а значыць, пошук і паглыбленне, новае і ўжо вядомае. Бо настаўнік перастае быць настаўнікам у той момант, калі перастае вучыцца. У гэты дзень вучыліся ўсе. Гэты дзень — сапраўдная творчая майстэрня педагогаў. Цудоўна.
І гэта яшчэ не ўсё. Акрамя прадметных майстар-класаў, дырэктар гімназіі № 3 Магілёва Ігар Віктаравіч Якіменка правёў майстар-клас па кіраўніцкай дзейнасці “Фарміраваць рэзерв кадраў”.
Вы думаеце, на гэтым наш семінар-акцыя падышоў да завяршэння? А як жа семінар “Сучасны ўрок”, які творча і з агеньчыкам праводзяць Іван Віктаравіч Фёдараў і Ірына Віктараўна Багачова?! Семінар сабраў усіх удзельнікаў майстар-класаў у актавай зале. Які ён сучасны ўрок? Чым характарызуецца? Як ажыццяўляецца? Што можна сказаць пра тыя ўрокі, якія ўбачылі сёння? Якія словы вы хацелі б сказаць настаўнікам, якія працавалі сёння ў вашай школе, — нам, “жураўлям”. І быў семінар. І гучалі адказы і прапановы! А ў адрас тых, хто вёў урокі і майстар-класы, складаліся лісты-паштоўкі і цэлыя пасланні. За смеласць, за пазітыў і адкрытасць. Крэатыў і прафесіяналізм. А ад нас у адказ: дзякуй за навучэнцаў. За школу. За магчымасць зносін. Гаварыць і быць пачутымі. Зразуметымі і прынятымі.

Вольга СЧАСНОВІЧ,
настаўніца інфарматыкі Варатынскай
сярэдняй школы Бабруйскага раёна, удзельніца
семінара-акцыі “Настаўнік года — адукацыі Мінска”.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.