Як мы сяброў сустракалі, або Музей як выхаваўчы сродак

Нядаўна педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 44 імя Н.А.Лебедзева Гомеля сустракалі ў школьным музеі баявой і працоўнай славы ўдзельнікаў выязнога семінара з брацкай Расіі. Мерапрыемства праходзіла ў рамках міжнароднага злёту актывістаў школьных музеяў, а яго тэма была адзначана як “Выхаванне патрыятызму падрастаючага пакалення сродкамі музейнай педагогікі”.

Гэтая сустрэча стала працягам сяброўства нашай школы з Цэнтрам турызму Бранска, якое завязалася ў мінулым годзе на адкрытым фестывалі музеяў і музейных пакояў “Несмяротныя старонкі Вялікай Перамогі”, які праходзіў у прыгранічным расійскім горадзе. Наша школа прадстаўляла ўстановы адукацыі Гомельскай вобласці і непасрэдна школьны музей баявой і працоўнай славы.
Цікава, што выязны семінар быў арганізаваны ў рамках рэалізацыі праграмы “Я гэтую зямлю Радзімай клічу” Бранскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “Бацькаўшчына” разам з Цэнтрам дзіцячага і юнацкага турызму і экскурсій Бранска пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Бранскай гарадской адміністрацыі. Гэта гаворыць аб тым, што сяброўства і супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі дзвюх брацкіх краін падтрымліваецца не толькі намі, педагогамі, але і мясцовымі ўладамі. У семінары прынялі ўдзел кіраўнікі, актывісты школьных музеяў, педагогі дадатковай адукацыі Гомеля і Бранска. У музеі баявой і працоўнай славы сярэдняй школы № 44 імя Н.А.Лебедзева Гомеля школьнікі пазнаёмілі гасцей з гісторыяй стварэння музея, паказалі пастаянна дзеючыя экспазіцыі, расказалі пра найбліжэйшыя праекты і конкурсы, у якіх плануюць удзельнічаць. Акрамя таго, адбылося знаёмства з прэзентацыямі іншых школьных музеяў, створаных у гомельскіх установах адукацыі, — музея хлеба сярэдняй школы № 1 і музея “Беларуская хата” сярэдняй школы № 52. Дарослыя і дзеці знаёміліся, абмяркоўвалі розныя пытанні і дзяліліся вопытам.
Перад гасцямі з Расіі выступілі намеснік старшыні Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Уладзімір Восараў, намеснік дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Канстанцін Мішчанка, дырэктар нашай школы Алена Лянкова.
Завяршыўся выязны семінар абменам падарункамі. Вучні нашай школы ўручылі расійскім сябрам на памяць лялькі-абярэгі, якія зрабілі сваімі рукамі дзеці ў летнім валанцёрскім атрадзе. Расійскі бок запрасіў нашых педагогаў і школьнікаў да сябе ў Бранск. Чакаецца, што чарговая сустрэча адбудзецца 11 лістапада ў сценах абласнога краязнаўчага музея. Яна пройдзе ў рамках традыцыйнага фестывалю юных музейных работнікаў Бранска.
Міжнародны злёт актывістаў школьных музеяў праводзіцца ў мэтах устанаўлення і развіцця міжнародных адносін паміж адукацыйнымі ўстановамі Гомеля і Бранска, фарміравання патрыятычнай свядомасці падрастаючага пакалення. А ўсталяванне сяброўскіх кантактаў паміж педагогамі нашых гарадоў спрыяе развіццю міжнародных адносін у сферы адукацыі паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. У выніку дзейнасці школьных музеяў навучэнцы пашыраюць круг зносін, у іх фарміруецца пачуццё дачынення да гісторыі, гонар за подзвіг сваіх продкаў, адказнае стаўленне да старэйшага пакалення.

Ірына РЭМІЗАВА,
кіраўнік музея баявой і працоўнай славы сярэдняй школы № 44
імя Н.А.Лебедзева Гомеля, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.