Віртуальная старонка для літаратурнага героя

Усе настаўнікі-філолагі сёння сустракаюцца з сур’ёзнай праблемай на ўроках літаратуры: вучні не хочуць ні чытаць, ні разважаць. Гэта ставіць нас у бязвыхаднае становішча, бо, не ведаючы зместу, працаваць немагчыма. Як жа зацікавіць дзяцей творам? Каб пытанне не стала рытарычным, педагогі вымушаны звяртацца да кемлівасці. Прапаную вам наватарскі арыгінальны падыход у вырашэнні гэтай праблемы.

Варта помніць, што жывём мы ў час шырокага распаўсюджання інфармацыйных тэхналогій. Сучасныя дзеці проста апантаныя камп’ютарамі, планшэтамі, мабільнымі тэлефонамі. У іх свой свет. Трэба гэта выкарыстаць на сваю карысць. Прапаную хітры ход — займальныя прыёмы характарыстыкі персанажаў. Сутнасць у тым, што гэтыя прыёмы заснаваны на схільнасцях дзяцей ХХІ стагоддзя. Я вынайшла тры віды згаданых займальных прыёмаў:
1. Афармленне старонкі ў сацыяльных сетках.
2. Стварэнне PR-праграмы (рэкламы).
3. Складанне фотаробата (“Увага: пошук!”).
Першы від найбольш прымальны, таму што сацыяльныя сеткі (“УКантакце”, “Аднакласнікі”, “Мой свет” і інш.) маюць шырокае распаўсюджанне сярод падлеткаў. Прынцып заснаваны на тым, каб паспрабаваць аформіць віртуальную старонку ў інтэрнэце для літаратурнага героя. Найбольш спрыяльнымі для выкарыстання гэтага метаду з’яўляюцца творы, галоўныя героі якіх — дзеці, равеснікі вучняў. Паверце, нашы школьнікі з вялікім задавальненнем і энтузіязмам бяруцца за гэтую справу. За некалькі хвілін яны па памяці малююць на паперы выгляд старонкі “Укантакце”, падпісваючы ўсе ўкладкі. Каб запоўніць такую віртуальную старонку, неабходна прааналізаваць характар персанажа, яго схільнасці і ўчынкі, узаемаадносіны з іншымі героямі. А для гэтага — прачытаць твор. Дзеля пагружэння ў блізкую ім і камфортную сферу школьнікі згодны ўзяцца за кнігу. Найбольш удалымі былі нашы работы па складанні старонак у сацыяльных сетках для Лёні і Грышы з апавядання “Сябры” Алены Васілевіч (6 клас), Насцечкі і Сержа з аповесці “Насцечка” Кузьмы Чорнага (6 клас), Лаўрука з апавядання Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну” (7 клас). Дзеці віртуозна перакладаюць камп’ютарныя кнопкі на беларускую мову, шукаюць у тэксце неабходны матэрыял для запаўнення старонкі. Напрыклад, для Грышы адна вучаніца паставіла статус “Не крыўдуй на мяне, мой сябар”, а другая ў стужцы навін пазначыла: “Лёня паставіў “клас” на выслоўе “Сябар пазнаецца ў бядзе”. А для Лаўрука сямікласнікі запоўнілі доўгую стужку яго перапіскі і з пакрыўджанай маці, і з магчымымі сябрамі-панамі, аналізуючы выпадак з апавядання.
Работа над другім прыёмам (стварэнне PR-праграмы) прадугледжвае гульню ў піаршчыка (PR-менеджара), прафесія якога зараз шырока распаўсюджана ў шоу-бізнесе. Вучні ўяўляюць сябе піяршчыкам, а героя твора — сваім пратэжэ, якога трэба прарэкламаваць. Для такой работы таксама неабходна грунтоўна прааналізаваць асобу героя, вызначыць яго рысы характару. Трэба вучням даць правільны кірунак у такой дзейнасці — расказаць пра свайго падапечнага з мэтай яркай характарыстыкі, выдзелеўшы самае галоўнае. Напрыклад, вучань 6 класа склаў такую рэкламу Насцечкі з аднайменнай аповесці Кузьмы Чорнага:
“Калі будзеце сябраваць з Насцяй Закрэўскай, то:
1. Ніколі не будзеце галоднымі, бо Насця добрая гаспадыня.
2. У вас заўсёды будзе высокая паспяховасць у школе, таму што яна выдатна вучыцца і вам дапаможа.
3. Калі ідзяце разам з ёю, то не бойцеся нічога, бо яна вельмі смелая.
4. Вы заўсёды будзеце смяяцца, бо Насцін смех вельмі заразлівы.
Выбірайце Насцечку ў сябры!”
Трэці від займальнага прыёму заснаваны на распаўсюджанні дэтэктыўнага кіно. Дзецям знаёма, што пры пошуку пэўнага невядомага чалавека следчымі складаецца яго фотаробат. Трансфармуючы гэты міліцэйскі метад для характарыстыкі мастацкага вобраза, мы знаходзім у тэксце апісанне яго знешнасці і пераносім на фотаробат. Гэты метад не патрабуе шмат часу і асаблівых мастацкіх схільнасцей. Работа выконваецца алоўкам і схематычна. Галоўнае — адлюстраваць сапраўдныя рысы твару, апісаныя аўтарам. Можна запоўніць цэлую старонку “Увага: пошук!”, на якой яшчэ размясціць апісанне знешнасці для больш падрабязнай характарыстыкі. Напрыклад, цікавым аказаліся фотаробаты Лесуна і Дамавіка, якія шасцікласнікі складалі пры вывучэнні раздзела “Міфы і легенды”.
Выкарыстаннем пералічаных займальных прыёмаў на ўроках беларускай літаратуры дасягаецца двайная мэта. Па-першае, вырашаем праблему нечытання, бо дзеці вымушаны прачытаць твор, каб удзельнічаць у такой гульнявой праграме. Па-другое, займальна праводзім урок, з якога школьнікі выносяць шмат станоўчых эмоцый. У выніку і мастацкі персанаж атрымлівае змястоўную характарыстыку.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.