Я памятаю. Я ганаруся…

Кожная адукацыйная ўстанова самастойна расстаўляе акцэнты і выбірае для сябе найбольш прымальныя віды выхавання зыходзячы з назапашанага вопыту, традыцый, прыярытэтаў. У нашай школе асноўнымі мы вызначылі некалькі напрамкаў. Перш за ўсё гэта грамадска-карысная дзейнасць: дабрачынныя акцыі, акцыі міласэрнасці, суботнікі на тэрыторыі школы і сельскага савета і, канечне, дапамога ветэранам вайны і працы. Не менш важная сумесная дзейнасць з сем’ямі навучэнцаў. Дзеля гэтага быў арганізаваны клуб бабуль і дзядуляў, а таксама праводзяцца фота- і відэапраекты, спартыўныя мерапрыемствы. Важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні адыгрываюць краязнаўчая і культурна-асветніцкая дзейнасць. Усё гэта рэалізоўваецца на вучэбных занятках, праз работу краязнаўчага гуртка, школьнага музейнага пакоя, выхаваўчыя мерапрыемствы.

Хочацца больш падрабязна спыніцца на фарміраванні патрыятызму праз краязнаўства.
У школе да краязнаўчай работы цікавасць праяўляюць і вучні, і настаўнікі, і выпускнікі, якія даўно пакінулі сцены школы. Мы заўважылі, што навучэнцы адчуваюць цікавасць да тых падзей, якія блізкія ім, з якімі іх звязваюць родныя людзі. Менавіта таму на ўроках пры вывучэнні любой тэмы педагогі нашай школы шукаюць магчымасць паказаць, як у пэўнай падзеі праявілі сябе нашы аднавяскоўцы, якія адносіны гэтая падзея мела да гісторыі развіцця нашага сяла.
Адзін з самых перспектыўных і ўдалых, на наш погляд, напрамкаў — гэта пошукавая краязнаўчая дзейнасць. У выніку арганізацыі такой дзейнасці члены краязнаўчага гуртка даведаліся, што на тэрыторыі Давыдаўскага сельсавета праходзіла важная ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аперацыя “Баграціён”. Школьнікі знайшлі месца, дзе на камандным пункце 65-й арміі былі Г.Жукаў, К.Ракасоўскі. Змаглі нават убачыць бліндажы, якія пашкадаваў час. Жыхар вёскі Горкі расказаў школьнікам, што з бярвення гэтых бліндажоў у вёсцы былі пабудаваны тры дамы.
Вынікам шматгадовай пошукавай дзейнасці стала адкрыццё па ініцыятыве навучэнцаў і педагогаў школы памятнага знака на месцы каманднага пункта 65-й арміі пад камандаваннем П.І.Батава і мемарыяльнай дошкі ў Давыдаўскай сярэдняй школе.
У 2011 годзе вопыт установы адукацыі ў гэтым напрамку ў рамках работы краязнаўчага гуртка быў прызнаны лепшым у раёне і прадстаўлены дырэктарам школы на абласных краязнаўчых чытаннях. У 2012 годзе адзначаны падзячным лістом упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама за ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу навукова-метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту па выхаванні вучнёўскай моладзі сродкамі турызму, краязнаўства і экскурсійнай работы. Праект па выкарыстанні патэнцыялу маладзёжных ініцыятыў у арганізацыі работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні працоўнай і вучнёўскай моладзі ва ўмовах сельскага соцыуму сёлета прадстаўлены калектывам школы на абласным этапе XVI Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту. У мінулым годзе дыпломам II ступені была адзначана даследчая работа пра трагічны лёс яўрэйскай слабады Давыдаўка навучэнкі 11 класа Вольгі Говар на VII Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”.
Хочацца адзначыць экалагічную накіраванасць нашага школьнага краязнаўства. Вучэбная эколага-краязнаўчая сцежка “Кулінін мох”, складзеная вучнямі школы пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Т.В.Качан — адна з форм прыродаахоўнай дзейнасці навучэнцаў.
Так, перад тым як распачаць з навучэнцамі складанне сцежкі, кіраўнік запрасіла на заняткі найстарэйшага жыхара вёскі Горкі, які расказаў дзецям цікавую легенду пра камяні. Вось як пра гэта напісала былая вучаніца школы Насця Раговіч у сваёй даследчай рабоце: “Нядаўна ад найстарэйшай жыхаркі вёскі Горкі мы пачулі цікавую легенду пра камяні. Яна казала, што каля вёскі Горкі, на месцы, што называецца Кулінін мох, раней цякла рака, у якой патанула адзіная дачка мясцовай вядзьмаркі Куліны. Жанчына пракляла раку, уклаўшы ў праклён увесь свой боль. Рэчка сышла, а на яе месцы засталося два камяні: адзін на дне, а другі на беразе ля вялізнага дуба. На камені, што ўнізе, людзі ўбачылі крыж, але ён быў незвычайным: аснова крыжа знаходзілася на падстаўцы, а яго вярхушка нагадвала сонца. Паводле легенды, рака вернецца, калі хто-небудзь пераверне камень. Не адно пакаленне хлапчукоў імкнулася гэта зрабіць. Мы таксама не былі выключэннем, але…”
Пазней была спланавана экскурсія. Навучэнцы пабывалі на месцы Кулінін мох і ўбачылі значна больш, чым пачулі. Сфатаграфаваўшы камень, яны разгледзелі крыж, падобны на крыжы з гербаў князёў Агінскіх і Статкевічаў. Убачылі таксама лічбы 7, 5, 4. Дзеці засумняваліся ў праўдзівасці легенды і вырашылі, што камянямі адзначана тэрыторыя. Але чыя? Магчыма, хто-небудзь з князёў у XVIII стагоддзі пазначыў межы сваіх уладанняў. Але гэта іншая гісторыя… Асноўнае ж прызначэнне сцежкі — выхаванне ў вучняў любові да сваёй малой радзімы, да прыроды, зацікаўленасць у яе захаванасці, асабістай адказнасці кожнага за яе лёс. Сцежка з’яўляецца месцам для вучэбнай і прапагандысцкай дзейнасці. Падчас экскурсій, маніторынгу і даследаванняў на сцежцы навучэнцы вывучаюць і ацэньваюць стан біяцэнозаў, вызначаюць шляхі паляпшэння абстаноўкі, знаёмяцца з правіламі паводзін у прыродзе.
Наступным перспектыўным напрамкам патрыятычнага выхавання ў нашай школе мы лічым даследаванні этнаграфіі і фальклору малой радзімы, якімі кіруе настаўнік пачатковых класаў Т.У.Федаракіна. Навучэнцы абышлі навакольныя вёскі, сабралі багаты матэрыял аб культурных традыцыях землякоў, запісалі каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя песні. Фальклор — гэта сапраўдны мастацкі шэдэўр. Будзе крыўдна, калі ён загіне, таму работа ў гэтым кірунку вядзецца пастаянна.
Цікавы вопыт па выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму кіраўніка краязнаўчага гуртка В.К.Асланавай. Гурткоўцы ведаюць, што пройдзе крыху часу і ніхто ўжо не раскажа праўды пра вайну, таму яны працуюць над праектам “Жывыя галасы вайны”. Вучні запісалі ўспаміны малалетніх вязняў канцлагера ў Азарычах, зманціравалі відэафільм, які на абласным конкурсе мультымедыйных прэзентацый “Дзеці і моладзь у гады Другой сусветнай вайны” ўдастоены дыплома II ступені і быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе. Зараз падлеткі разам з кіраўніком запісваюць успаміны пра вайну ветэранаў і відавочцаў вайны, з якіх у далейшым таксама будзе зманціраваны відэафільм.
Не буду падрабязна спыняцца на такім відзе дзейнасці, як экскурсійная работа. Скажу толькі, што ў рамках даследчага праекта навучэнцамі школы разам з настаўнікам гісторыі В.К.Асланавай быў распрацаваны экскурсійны маршрут па тэрыторыі Давыдаўскага сельсавета. Праект быў прадстаўлены на раённай навукова-практычнай канферэнцыі і адзначаны дыпломам II ступені. Абагульненне педагагічнага вопыту настаўніцы па экскурсійнай рабоце было прадстаўлена на абласным этапе XV Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту і адзначана дыпломам III ступені.
Цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў школе з’яўляецца школьны музей. У Давыдаўскай сярэдняй школе на працягу многіх гадоў існуе музейны пакой. Тут сабраны экспанаты, пошукавыя матэрыялы, аформленыя навучэнцамі розных гадоў, дакументы, якія расказваюць пра гісторыю сельсавета і людзей, што жывуць на яго тэрыторыі.
Асобнай увагі ў школьным музеі заслугоўвае даследаванне пра ахвяр Халакосту. Вёска Давыдаўка — месца, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны масава знішчалі яўрэяў. Гурткоўцы аднавілі карціну гэтай трагедыі. На тэрыторыі Давыдаўкі 8 лютага 1942 года былі расстраляны 129 яўрэяў. На месцы пахавання мірных жыхароў вяскоўцамі быў пастаўлены помнік ахвярам Халакосту. Кожны год 8 лютага ў школе праходзіць Дзень памяці. Метадычная распрацоўка ўрока памяці, прысвечанага ахвярам Халакосту, былога кіраўніка краязнаўчага гуртка В.У.Раманавай была адзначана дыпломам лаўрэата II Рэспубліканскага конкурсу “Халакост. Гісторыя і сучаснасць. Урокі талерантнасці”.
Многія гурткоўцы па выніках збору архіўнага матэрыялу пішуць невялікую даследчую работу або, натхнёныя чарговай экскурсіяй, сустрэчай з цікавымі людзьмі, пішуць сачыненні ці артыкулы ў газету. За гады вывучэння гісторыі Давыдаўскага сельсавета юныя даследчыкі напісалі шмат творчых работ на розныя тэмы.
Мы ўпэўнены, што праз шмат гадоў цяперашнія гурткоўцы будуць распавядаць нашчадкам-краязнаўцам аб сваім цікавым школьным дзяцінстве і тых далёкіх займальных падзеях, відавочцаў якіх яны сустракалі. Але самае галоўнае, яны ўпэўнены: ім працягваць гісторыю вёскі і несці адказнасць за тое, якім гэтае сяло будзе ў будучыні.

Святлана МАРКЕВІЧ,
дырэктар Давыдаўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна.