“Я ганаруся прафесіяй настаўніка”

Папулярызацыі прафесіі настаўніка спрыяў праведзены ў гомельскай сярэдняй школе № 13 тыдзень “Я ганаруся прафесіяй настаўніка”.

Дзецям, чые маці працуюць настаўнікамі альбо выхавальнікамі, было прапанавана напісаць сачыненне “Мая мама — настаўнік”. Рыхтуючыся да сачынення, вучні даведаліся, што паўплывала на выбар прафесіі бацькоў, у якіх навучальных установах яны яе атрымалі. Шмат сіл і часу адбірае педагагічная дзейнасць, няпроста працаваць з вучнямі і іх бацькамі. Але дзеці настаўнікаў бачаць, што іх маці-настаўніцы верныя прафесіі, іх любяць вучні, паважаюць калегі, памятаюць выпускнікі. Дзеці лічаць, што настаўнік — самая важная і адказная прафесія на зямлі, бо настаўнік ідзе побач з вучнем, кожны дзень перадае свае веды, аддае часцінку свайго сэрца.
У межах тыдня каля стэндаў па гісторыі школы прайшлі гутаркі аб педагагічных дынастыях Бірман, Катляровых, Блашкевічаў, Васільевых. Сёння за школьнымі партамі сядзяць унукі і праўнукі настаўнікаў з педагагічных дынастый. “У маёй сям’і пяць пакаленняў настаўнікаў. Гэта стала вырашальным пры выбары прафесіі маёй мамай”, — піша ў сваім творы вучань 5 класа Мікіта Васільеў. У дамашнім архіве сям’і Васільевых захоўваюцца матэрыялы аб усіх прадстаўніках педагагічнай дынастыі, складзена дрэва “Педагагічная дынастыя Васільевых”. Першым настаўнікам у сям’і быў прапрадзед Іван Аляксеевіч Аляксееў, які яшчэ ў далёкія гады працаваў настаўнікам славеснасці ў гімназіі. Настаўніцай пачатковых класаў стала яго дачка Марыя Іванаўна Борын. А ўслед за ёй прафесію настаўніка выбралі тры яе дачкі — Таццяна Аляксандраўна, Аэліта Міхайлаўна, Тамара Міхайлаўна. Настаўніцай матэматыкі працавала дачка Аэліты Міхайлаўны Алена Львоўна. Зараз у школе працуе настаўніцай пачатковых класаў Вольга Аляксандраўна — маці Мікіты. Агульны педагагічны стаж дынастыі — 150 гадоў. Асаблівасць яе прадстаўнікоў у тым, што амаль усе яны вучыліся ці працавалі ў сярэдняй школе № 13 Гомеля.
Ганарыцца сваёй бабуляй пяцікласнік Андрэй Блашкевіч. Яго бабулю Святлану Адамаўну Блашкевіч ведае і любіць не адно пакаленне выпускнікоў школы. Тут яна пачынала настаўніцай, затым працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У апошнія гады педагагічнай дзейнасці яна ўзначальвала калектыў школы — была дырэктарам. І зараз Святлана Адамаўна неабыякавая да жыцця школы, заўсёды дапамагае мудрай парадай. Гаворачы ў сваім сачыненні пра бабулю і дзядулю (ён таксама настаўнік), пра тату, які выкладае фізічную культуру, і дзядзьку, які працуе трэнерам, Андрэй Блашкевіч прызнаецца, што хоча працягнуць настаўніцкую дынастыю.
Цікава і тое, што больш за 30 працэнтаў педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 13 складаюць выпускнікі школы. Іх выбар прафесіі быў не выпадковы. Іх настаўнікамі былі выдатныя педагогі: В.Д.Катляроў, Т.А.Катлярова, Р.А.Чуяшкова, Л.Л.Зелкіна, Г.З.Азімава, М.М.Захарчанка, С.І.Банько, Л.С.Каваленка, А.С.Ціўкін, Р.Л.Ціўкіна, К.І.Вішнеўская, Н.Г.Раманцова, Н.М.Белаконева, А.Т.Чуяшкова і многія іншыя.
На класных гадзінах “Настаўнік — прафесія на ўсе часы”, “Настаўнік — майстар, чарадзей, творца і проста верны сябар дзяцей” вучні змаглі пашырыць уяўленне аб працы настаўніка, пазнаёміцца з тонкасцямі нялёгкай прафесіі. Некаторыя старшакласнікі ўжо прызналіся, што выбралі прафесію настаўніка і цяпер цвёрда ідуць да пастаўленай мэты. Дарэчы, у іх была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі дублёраў-педагогаў падчас правядзення дня самакіравання напярэдадні Дня настаўніка. Пасля хлапчукі і дзяўчынкі дзяліліся сваімі ўражаннямі і прызналіся, што прафесія настаўніка патрабуе шмат цярпення і разумення.
Ва ўсе часы прафесія настаўніка лічылася самай патрэбнай і высакароднай. Без настаўніка няма ўрача, інжынера, паэта, рабочага. Настаўнік — гэта значна больш, чым прафесія. Настаўнік — гэта стан душы і жаданне перадаваць свой вопыт іншым людзям.

Галіна БАЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 Гомеля.
Фота аўтара.