Выяўленне і падрыхтоўка вучняў да алімпіяды па геаграфіі

Адной з задач метадычнай работы педагогаў з’яўляецца развіццё творчага патэнцыялу асобы вучняў, іх індывідуальных асаблівасцей і навыкаў навукова-даследчай дзейнасці. Гэта складаны і шматгадовы працэс, які спалучае ў сабе выкарыстанне розных тэхналогій, прыёмаў і метадаў работы па развіцці адоранасці дзяцей на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Сярод дзясяткаў вучняў трэба разгледзець тых, хто мае схільнасці да вывучэння прадмета, зацікавіць і прыкласці шмат намаганняў для развіцця іх творчых здольнасцей.

Агульнавядома, што далёка не кожны вучань, які мае выдатныя веды па прадмеце, можа паспяхова выступіць на алімпіядзе. Таму трэба выяўляць тых, хто, магчыма, сёння не мае выніковую “дзясятку” па прадмеце, але валодае здольнасцямі, развіваючы якія можна дасягнуць высокіх вынікаў. Педагог павінен пабудаваць уласную сістэму суправаджэння такіх дзяцей, якая будзе неад’емнай часткай усёй сістэмы работы педкалектыву.
Работу па падрыхтоўцы будучых алімпіяднікаў пачынаю з выяўлення вучняў, якія цікавяцца геаграфіяй у 6—7 класах. Пры падтрымцы педагога-псіхолага ажыццяўляю дыягностыку камунікатыўных навыкаў і самаацэнкі, вызначаю ўзровень трывожнасці і інтэлектуальныя магчымасці вучняў.
Узаемадзеянне настаўніка з вучнямі павінна быць накіравана на аптымальнае развіццё іх здольнасцей, інтэлектуальнае самавызначэнне іх асобы і мець характар дапамогі, падтрымкі. Таму складаю банк даных вучняў і распрацоўваю індывідуальны план па падрыхтоўцы да алімпіяды па геаграфіі, дзе ўлічваю ўзровень ведаў і асобасныя якасці дзяцей.
Здольныя вучні павінны знаходзіцца пад пастаянным кантролем настаўніка, бо найчасцей яны не ўмеюць пазіцыянаваць сябе. І калі педагог своечасова не дапаможа ў гэтым, то ў дзяцей можа знікнуць цікавасць да прадмета, знізіцца матывацыя і не будуць развівацца многія якасці асобы. Думаю, кожны настаўнік прывядзе прыклады са сваёй практыкі, калі цікавыя, таленавітыя і творчыя дзеці-“зорачкі” паступова згасалі, ператвараючыся ў сярэдніх вучняў, на якіх педагогі найчасцей і арыентуюцца на занятках.
Работа з адоранымі дзецьмі павінна быць сістэмнай як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Для рэалізацыі пастаўленых задач аптымальнымі з’яўляюцца новыя педагагічныя тэхналогіі, якія дазваляюць усім вучням асвоіць адукацыйныя праграмы, развіць устойлівую матывацыю да вучобы і сфарміраваць уменні і навыкі самаадукацыі, а таксама садзейнічаюць развіццю ўменняў творчай і даследчай дзейнасці, камунікатыўных навыкаў, здольнасцей прымяняць атрыманыя веды і ўменні ў новай сітуацыі. На ўроках, дзе вучні атрымліваюць асноўную геаграфічную інфармацыю, выкарыстоўваю тэхналогіі развіццёвага, праблемнага і індывідуальна-дыферэнцыраванага навучання, а таксама інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
Мысліцельныя здольнасці вучняў неабходна развіваць не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочнай дзейнасці. Дзяцей, якія валодаюць вобразным і лагічным мысленнем, высокім узроўнем ведаў і развітым пісьмовым маўленнем, арыентую на падрыхтоўку да ўдзелу ў алімпіядах. Вучняў з высокім творчым патэнцыялам рыхтую да конкурсаў, дыстанцыйных і завочных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый. Многія дзеці, паспрабаваўшы сябе аднойчы ў розных мерапрыемствах і спаборніцтвах, удзельнічаюць у іх зноў, паляпшаюць вынікі вучэбнай дзейнасці, удасканальваюць уменні па выкарыстанні ІКТ, набываюць упэўненасць ва ўласных здольнасцях. Адначасова фармірую адэкватную самаацэнку вучняў, аддаючы перавагу зместу дзейнасці, а не выніку і ацэнцы. Разам з пахвалой прывучаю дзяцей да думкі пра магчымыя няўдачы.
Асаблівую ўвагу ўдзяляю непасрэднай падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядных спаборніцтвах. Гэтая работа павінна быць пастаяннай на працягу ўсяго навучальнага года, а не толькі перад правядзеннем розных этапаў алімпіяды. Галоўным для настаўніка і вучняў з’яўляецца прынцып сістэмнасці і бесперапыннасці. Усе формы работы па падрыхтоўцы да алімпіяды можна падзяліць на групавыя і індывідуальныя. Да групавых адносіцца правядзенне інтэлектуальных конкурсаў.
Індывідуальная работа заключаецца ў пабудове адукацыйнай траекторыі развіцця вучня. У гэтым выпадку настаўнік выступае ў ролі памочніка, які можа парэкамендаваць яму літаратуру для падрыхтоўкі, даць спасылкі ў інтэрнэце, арганізаваць кансультацыю са спецыялістамі. Акрамя таго, індывідуальная работа — гэта і аналіз алімпіядных заданняў рознага ўзроўню, і разбор артыкулаў метадычнага часопіса для настаўнікаў “Геаграфія”, і знаёмства з геаграфічнымі навінамі. Выкарыстанне розных крыніц геаграфічнай інфармацыі паляпшае веды, развівае ўменні і фарміруе ключавыя кампетэнцыі вучняў.
Практыкую дзейнасць, калі дзеці самі складаюць алімпіядныя заданні (спачатку па ўзоры заданняў, якія прапануюцца на старонках часопіса “Геаграфія” ці ў метадычнай літаратуры). Прычым трэба не толькі скласці заданне, але і даць правільны поўны адказ. Такая дзейнасць патрабуе папярэдняй работы з рознымі крыніцамі інфармацыі, бо кожны вучань імкнецца прыдумаць самае складанае і закавырыстае заданне.
Складанне адказу развівае ўменне абгрунтоўваць уласны пункт погляду, нестандартна мысліць. Актыўны самастойны пошук дазваляе вучням перажыць радасць поспеху, паверыць у свае сілы, навучыцца пераадольваць цяжкасці, выхаваць у сабе працоўныя навыкі.
Вынікам сістэмнай работы з’яўляюцца праверка ведаў, уменняў і здольнасцей, паспяховы ўдзел вучняў у алімпіядным руху па геаграфіі, навукова-практычных канферэнцыях і цэнтралізаваным тэсціраванні. Выніковасць работы з адоранымі дзецьмі не заўсёды можна ўбачыць адразу, бо гэта надзвычай доўгі і творчы працэс. Але бясспрэчна, што сістэмная работа з такімі вучнямі дапамагае ім займаць прызавыя месцы на конкурсах, канферэнцыях і алімпіядах рознага ўзроўню, больш паспяхова здаваць ЦТ. Самае галоўнае для настаўніка — забяспечыць унутранае развіццё кожнага вучня, дапамагчы выявіць яго індывідуальныя здольнасці і таленты.

Людміла ІЛЬЮЧЫК,
настаўніца геаграфіі гімназіі Іванава.