Вырашаем праблему гендарнага выхавання

Адной з актуальных праблем сучаснага жыцця з’яўляецца гендарнае выхаванне. Як дапамагчы дзецям, падлеткам разабрацца ў прызначэнні іх традыцыйных мужчынскіх і жаночых роляў? Над гэтым пытаннем працуе кожная ўстанова адукацыі. Сваю сістэму, традыцыі мае і Пятрэвіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пачынаецца ўсё з малодшых класаў. Што ні класны калектыў — то свая асаблівасць, свой падыход. У класе, дзе займаецца 1 дзяўчынка і 4 хлопчыкі, прынята рашэнне аб тым, што мужчынам будзе не даспадобы, калі дзяўчынка на роўных з імі будзе дзяжурыць па класе. Мужчыны змогуць гэта зрабіць самастойна. У класе, дзе роўная колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, адразу два дзяжурныя па класе — хлопчык і дзяўчынка, у кожнага свая роля, свой аб’ём работы. У класе, дзе час ад часу ўзнікаюць канфлікты паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, выйсце знаходзяць праз “чароўнае крэсла”, прысеўшы на якое, ты павінен гаварыць толькі праўду аб тым, якімі ты сабе ўяўляеш сапраўдных хлопчыкаў і дзяўчынак.
У сярэднім і старшым звяне іншыя падыходы. Тут на класных гадзінах абмяркоўваюць сучасныя падыходы да жанчыны — маці, жонкі; мужчыны — бацькі, мужа; рэалізоўваюцца сумесныя з Беларускай Праваслаўнай Царквой доўгатэрміновыя праекты “Адзін раз на ўсё жыццё”, арганізоўваюцца пасяджэнні клуба цікавых сустрэч, на якія запрашаюцца мужчыны і жанчыны з цікавым лёсам, мужчыны і жанчыны, якія ўвасабляюць у сабе жаноцкасць і мужнасць.
Традыцыйнымі сталі агляды-конкурсы “Міс школы года” і “Містар школы года” (на пасяджэнні савета “Садружнасць” было прынята рашэнне аб удзеле юнакоў і дзяўчат старшых класаў; піянеры і акцябраты ўнеслі свае карэктывы: у агульнашкольным конкурсе павінны ўдзельнічаць усе класы!); мерапрыемствы да асноўных дат — 8 Сакавіка, Дня маці, 23 лютага; паказы высокай моды “Вясенні капеж”, дзе дэманструюцца апошнія модныя павевы для юнакоў і дзяўчат, парад школьнай формы, лепшая прычоска юнака, дзяўчыны і г.д. Праводзяцца бацькоўскія суботы “Я магу навучыць сваю дачку”, “Я магу навучыць свайго сына”.
Пяты год запар школа з’яўляецца актыўным прапагандыстам мерапрыемстваў у кірунку гендарнага выхавання сярод сельскіх школ раёна. Менавіта на базе нашай школы 5 разоў праводзілася міжшкольнае шоу “10 прычын закахацца”, якое з’яўляецца аналагам телевізійнага шоу (ад адной школы ўдзельнічае 10 дзяўчат і вядучая, ад другой школы — 10 юнакоў і вядучы). Ідэя з’явілася невыпадкова. Адным са стымулаў стала арганізацыя вольнага часу вучняў старшых класаў у сельскай мясцовасці, дзе колькасць навучэнцаў з кожным годам памяншаецца. Ды і цікава пазнаёміцца бліжэй з юнакамі і дзяўчатамі іншых школ раёна (пасля правядзення мерапрыемства сяброўства застаецца нават у студэнцкія гады). Гасцямі ў нашай школе ўжо былі юнакі і дзяўчаты Валеўскай, Вераб’евіцкай, Усялюбскай, Нягневіцкай сярэдніх школ.
Люты гэтага года стаў асабліва насычаным. З 15 па 19 лютага ў Гродзенскай вобласці праходзіць абласная акцыя “Слухаць гатовы!” з мэтай выхавання гендарнай культуры падлеткаў і моладзі. У рамках акцыі праведзена крэатыўная фотасесія для навучэнцаў “Наша прыгожая школа і мы ў ёй”. Праведзена традыцыйнае шоу “10 прычын закахацца”, удзел у якім паўторна прынялі вучні Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
У нас яшчэ столькі ідэй! Запрашаем да нас юнакоў і дзяўчат з іншых раёнаў!

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага 
дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ.