Выхоўваць праз традыцыі і добрыя справы продкаў

Для чалавека вельмі важна не толькі дыхаць родным паветрам, любавацца цёплым сонейкам, але і адчуваць сябе часцінкай Радзімы, яе гісторыі і культуры, традыцый продкаў. Народная мудрасць сведчыць: калі не ведаеш, адкуль прыйшоў, то не ведаеш, куды пойдзеш.

Сем гадоў назад у нашай школе ўзнікла ідэя стварыць этнаграфічны музей. Чаму менавіта этнаграфічны? Хацелася, каб сучасныя дзеці даведаліся пра жыццё, побыт, культурныя традыцыі свайго народа, клапаціліся пра лёс нацыянальнай культуры, роднай мовы. А ў беларускага народа надзвычай багатая духоўная спадчына. Ды і працоўны вопыт многіх пакаленняў уражвае. Выхаванне праз традыцыі і добрыя справы продкаў — важны складнік адукацыйнага працэсу.
Галоўнае — пачаць справу. З’явіліся першыя ўнікальныя экспанаты. Пачалася карпатлівая работа па стварэнні музея. А пачынаўся ён з маленькага кутка ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Ідэю стварэння музея падтрымалі настаўнікі, вучні і іх бацькі. Пошукава-збіральніцкая работа закіпела, вызначыліся асноўныя формы дзейнасці.
Многія дзеці прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Мой падарунак музею”. Экспанаты шукалі ў вёсках, дзе жылі і жывуць іх бабулі і дзядулі. Дапамагалі і бацькі. Акцыя працягваецца і сёння. Колькасць экспанатаў паступова павялічваецца. Цяпер можна ўявіць, як жылі нашы продкі 100 гадоў назад.
Музей “Спадчына” адкрыўся ў верасні 2010 года. Сёння ён налічвае больш за 300 экспанатаў. Экскурсіі праводзяць 7 экскурсаводаў з ліку вучняў 7 і 10 класаў. Музей наведваюць не толькі дзеці з нашай школы, але і з іншых школ горада.
Амаль усе музейныя экспанаты родам з Брэстчыны. Найбольш прадстаўлены Брэсцкі, Драгічынскі і Пінскі раёны. У музеі некалькі тэматычных экспазіцый: “Ткацтва”, “Беларуская хата”, “Карункі”, “Вырабы з саломкі”, “Вышыванне”, “Сельскагаспадарчыя прылады працы”, “Вяселле” і “Ганчарства”.
Культурна-адукацыйная работа школьнага музея, арыентаваная на дзіцячую аўдыторыю, мае шэраг асаблівасцей. Галоўная з іх — выкарыстанне музея ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. У сваёй рабоце звяртаюся да розных форм музейнай педагогікі: ладзяцца экскурсіі, урокі-экскурсіі і гасцёўні, музейныя прадметы выкарыстоўваюцца ў якасці вучэбных дапаможнікаў на ўроках, праводзяцца лекцыі з прымяненнем музейных прадметаў, музейныя заняткі, конкурсы і акцыі, вучні рыхтуюць самастойныя паведамленні.
Экскурсія — справа адказная. Экскурсаводу патрэбна папярэдняя падрыхтоўка. Усе экскурсіі ў музеі праводзяцца па-беларуску. Гэта ўзбагачае слоўнікавы запас вучняў, выпрацоўвае літаратурнае маўленне, выхоўвае любоў да роднай мовы.У школе праводзіцца конкурс “Юны экскурсавод”. Вучні 5—6 класаў рыхтуюць экскурсіі для равеснікаў, старшакласнікаў і настаўнікаў, падбіраюць касцюмы.
Наладжана супрацоўніцтва з філалагічным факультэтам БрДУ імя А.С.Пушкіна. Цікава і захапляльна праходзіць фальклорна-этнаграфічная гасцёўня “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, арганізаваная са студэнтамі філфака. Вучні праводзяць для іх экскурсію “Наша спадчына”, а студэнты знаёмяць дзяцей з беларускай міфалогіяй і фальклорнымі творамі.
Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць музейныя заняткі “Жаночыя і мужчынскія вясельныя галаўныя ўборы”, “Хатні вясковы посуд”, “Беларускі ручнік” і інш. Заняткі “Добры дзень, музей!” дапамагаюць вучням зразумець прызначэнне музея і правілы паводзін у ім. Пасля гэтых заняткаў дзеці ведаюць, што ў музеях захоўваюць і вывучаюць каштоўныя прадметы, што музей — гэта памяць, адлюстраваная ў іх.
Музей адкрыў шырокія магчымасці для вывучэння не толькі этнаграфіі і краязнаўства, але і беларускай літаратуры, гісторыі. Музейныя рэсурсы могуць паспяхова выкарыстоўваць на ўроках настаўнікі-прадметнікі. Так, пры вывучэнні па беларускай літаратуры твора У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” вучні знаёмяцца з раздзелам “Просім у хату, госцейкі нашы”. У яго асэнсаванні дапамагае экспазіцыя “Беларуская хата”, дзе можна ўбачыць прадметы, апісаныя аўтарам.
Пры правядзенні ўрока беларускай літаратуры, прысвечанага загадкам, тлумачу іх першапачатковае прызначэнне, мастацкія асаблівасці і ўласцівасці (дасціпнасць, мудрасць, іншасказальнасць, гумар, дасканаласць формы). Народ складаў загадкі, абапіраючыся на багаты гаспадарчы і жыццёвы вопыт, таму яны такія трапныя і вобразныя. У этнаграфічным музеі можна знайсці адгадкі на многія загадкі: “Без чаго найбяднейшы чалавек абедаць не сядзе?”, “Усіх кармлю, а сама бязротая”, “Не есць і не п’е, ходзіць і б’е”, “Маленькае акенца, ды праз яго ўвесь свет відзён”, “Скачу па хаце з работаю маёй, чым больш кручуся, тым больш таўсцею”, “Лета прыйдзе — не глядзяць на яе, зіма настане — абдымаюць яе”, “У лесе нарадзіўся, у лесе вырас, у хату прыйшоў — усіх вакол сябе сабраў”.
На ўроку беларускай літаратуры, прысвечаным прыказкам, вялікую ўвагу ўдзяляю пашырэнню ўяўленняў дзяцей пра ўмовы жыцця беларускага народа, тлумачу вучням, што прыказкі ўжываюцца, каб ілюстраваць думку, выказваць жыццёвае правіла, пераканаць у правільнасці сказанага ўдалай аналогіяй, даць трапную характарыстыку рэчы ці з’явы. Гэты ўрок таксама праводжу ў музеі.
Пры вывучэнні твора Я.Коласа “Дарэктар” можна выкарыстаць музейны прадмет чоўнікі, якія паказваю, аналізуючы апісанне прыроды: “На ніцях белай павуціны // Прывозяць восень павучкі, // Яе красёнцы, чаўначкі, // У моры лесу мільгатнулі // І лісце ў багру апранулі…”
На ўроках беларускай мовы таксама выкарыстоўваю музейныя экспанаты, напрыклад, у 5 класе пры выкананні практыкавання па тэме “Устарэлыя словы”: “Гэта ж учора сабраў кросны. Глядзі, матка, ці ўсё ёсць. І чаўнок зрабіў, і цэвак нарабіў, і сукала… Я зрабіў ёй панажы на двое нітоў, а ёй трэба на чатыры. Я не хачу посцілак наткаць”. Увагу звяртаю на словы цэўка, чаўнок, сукала, ніт і посцілка. Гэтыя прадметы ёсць у музеі.Матэрыялы школьнага музея могуць выкарыстоўваць настаўнікі розных прадметаў. Усё залежыць ад творчага патэнцыялу педагогаў. На ўроках літаратуры, гісторыі і выяўленчага мастацтва можна выкарыстоўваць ручнікі, адзенне, кераміку, а на ўроках працоўнага навучання — розныя хатнія і сельскагаспадарчыя прылады працы.
Упэўнена, што музей выхоўвае ў вучняў любоў да роднай зямлі і павагу да спадчыны. Дзеці пачынаюць цікавіцца традыцыямі свайго народа, берагчы тое, што дайшло да нас праз гады. На жаль, многае з нашай спадчыны ўжо забыта і страчана, таму трэба не толькі захаваць тое, што ёсць, але і адраджаць звычаі і абрады.

Святлана ЕРМАКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 18 Брэста.