Выхаваць талерантнасць дапаможа тэатр

Праблема прыняцця дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця як раўнапраўных у складзе грамадства з’яўляецца актуальнай. У наш час адносіны да дзяцей-інвалідаў з інтэлектуальнай недастатковасцю мяняюцца. Грамадства ўсё больш усведамляе, што дзеці з асаблівасцямі развіцця — яго неад’емная частка; працэс развіцця інтэграцыі ў адукацыі ўзмацняе ролю сацыяльнага выхавання здаровых аднагодкаў.

Канцэпцыя выхавання дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вылучае асноўную ідэю работы з дзецьмі з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця — максімальнае развіццё патэнцыяльных магчымасцей дзіцяці з АПФР і кожнага члена сям’і для паспяховай сацыялізацыі і інтэграцыі іх у грамадства.
Сацыяльная адаптацыя дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця разглядаецца як працэс і як вынік фарміравання ў дзяцей уяўленняў аб разнастайнасці навакольнага свету, адэкватных адносін да сацыяльных з’яў жыцця і набыцця імі навыкаў паводзін, якія адпавядаюць агульнапрынятым нормам. Сацыяльная адаптацыя дзяцей з умеранай і цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю, з множнымі парушэннямі развіцця магчыма толькі ва ўмовах, калі адукацыйны працэс мае інтэрактыўны характар. Педагогі ў сваёй дзейнасці павінны рэалізаваць адну з асноўных мэт спецыяльнай адукацыі — паспяховую адаптацыю да ўмоў сацыяльнага асяроддзя, гэта значыць, разуменне і прыняцце мэты, каштоўнасцей, правіл, норм і стыляў паводзін, прынятых у грамадстве. Уцягванне дзяцей у грамадскую і культурную дзейнасць дапамагае ім пераадолець комплекс непатрэбнасці, напоўніць рэальным зместам права дзіцяці на зносіны, расшырыць сацыяльныя сувязі і кантакты, палепшыць якасць іх жыцця.
Праблема ўключэння дзяцей-інвалідаў з АПФР у асяроддзе здаровых равеснікаў патрабуе канкрэтных дзеянняў для наладжвання ўзаемадзеяння паміж імі, зняцця бар’ераў у зносінах. Калі гэтую праблему не вырашаць, то яна прывядзе да сацыяльнага ізалявання гэтай катэгорыі насельніцтва. На цяперашні момант пераважаюць тэхналогіі і практыкі індывідуальнага суправаджэння дзяцей і дыяднага ўзаемадзеяння “дарослы — дзіця”. Існуе фундаментальнае палажэнне айчыннай педагагічнай традыцыі аб тым, што, акрамя сілы асобы дарослага, які ўздзейнічае на дзіця, ёсць яшчэ сіла значных для дзіцяці людзей: равеснікаў, малодшых і старэйшых дзяцей, дарослых членаў сям’і.
Дзяржаўная праграма развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2016 гады рэгулюе дзейнасць агульнаадукацыйных устаноў з улікам інклюзіўных падыходаў у адукацыі. Менавіта дзіцяча-дарослая еднасць (у формах малой групы, каманды, калектыву і г.д.) з’яўляецца той сапраўднай прасторай, дзе ўзнікаюць, праходзяць пачатковую стадыю фарміравання ўласна чалавечыя здольнасці, якія дазваляюць юнаму чалавеку стаць суб’ектам свайго жыцця. І якраз дзіцяча-дарослая еднасць мае ўнікальны патэнцыял навізны нашага грамадскага жыцця. Сацыяльная адаптацыя і інклюзіўная адукацыя з’яўляюцца неад’емнай часткай адна адной. Сутнасць аднаго з азначэнняў інклюзіўнай адукацыі заключаецца ў тым, што інклюзіўная адукацыя падразумявае сумеснае навучанне і даступнасць якаснай адукацыі для ўсіх дзяцей незалежна ад іх узроўню развіцця (інтэлектуальная недастатковасць ці адоранасць).
Навізна праекта “Інклюзія праз тэатралізаваную дзейнасць “Мы розныя — мы разам” заключаецца ў тым, што на працягу трох гадоў мы атрымліваем вопыт работы па фарміраванні спецыяльных кампетэнцый для стварэння інклюзіўнага сацыяльнага асяроддзя для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў педагагічных работнікаў і здаровых равеснікаў праз прапаганду талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця сродкамі тэатралізаванай дзейнасці.
Сучасная практыка сацыяльнага выхавання моладзі адчувае дэфіцыт прывабных сацыяльна значных прапаноў і форм арганізацыі выхаваўчай работы. У якасці аднаго з сучасных і адэкватных патрабаванням моладзі рэсурсаў сацыяльнага выхавання, які дазваляе стымуляваць ініцыятыўнасць, актыўнасць пазіцыі асобы, можа быць валанцёрская дзейнасць.
Валанцёрскай дзейнасцю навучэнцы гімназіі № 1 Салігорска пад кіраўніцтвам сацыяльнага педагога Ніны Мікалаеўны Учаевай займаюцца шмат гадоў. Кожны год пры падтрымцы Ліліі Віктараўны Страх, старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, яны прымаюць актыўны ўдзел у акцыях “Дапаможам тым, каму цяжка“, “Падарунак на Каляды“, “Вясенні тыдзень дабрыні“, “Цудаў не бывае шмат“, “Дапамога Аляксею М.”, “Дапамога Арцёму М.”, “Дапамога Раману С.”, “Дапамога Дашцы В.”, “Дапамога Вячаславу В. і Дзмітрыю Г.” і многіх іншых.
У рамках супрацоўніцтва з сацыяльнымі інстытутамі больш за дзесяць гадоў валанцёры гімназіі падтрымліваюць рознабаковыя сувязі з Салігорскім раённым цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Ідэя ўключэння выхаванцаў ЦКРНіР у асяроддзе здаровых аднагодкаў сродкамі тэатралізаванай дзейнасці з мэтай зняцця міжасобасных бар’ераў пры зносінах, развіцця таварыскіх адносін праз стварэнне ўмоў для ўзаемадзеяння з навучэнцамі гімназіі ўзнікла каля чатырох гадоў назад.
У студзені 2012 года ў рамках валанцёрскай ініцыятывы пры падтрымцы Салігорскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа быў распрацаваны праект “Інклюзія праз тэатралізаваную дзейнасць “Мы розныя — мы разам”, які ў 2014 годзе ўхвалены Мінскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) для ўдзелу ў праекце “Мясцовыя валанцёрскія ініцыятывы для грамадзянскіх груп у малых гарадах і аддаленых раёнах Беларусі” (пры падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа). З 2013 года ЦКРНіР рэалізоўвае аднайменны педагагічны праект раённага ўзроўню.
Самае вялікае жаданне дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі — быць прынятымі ў асяроддзі здаровых равеснікаў. Ім патрэбна пастаянная маральная і фізічная падтрымка, дапамога для больш поўнай сацыяльнай адаптацыі, для наладжвання міжасобасных кантактаў і сяброўскіх адносін.
У выніку праведзенай дыягностыкі навучэнцаў гімназіі № 1 “Талерантнасць у грамадстве” выявілася выражаная сфарміраванасць эмпатыі, прыняцця сябе і іншых такімі, якія яны ёсць; устойлівасць маральных норм, да ўздзеяння неспрыяльных жыццёвых фактараў, сфарміраванасць дэмакратычнасці ў адносінах з людзьмі, што дэманструе псіхалагічную гатоўнасць падлеткаў да ўдзелу ў валанцёрскім руху і ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці.
Для арганізацыі работы групы неабходна было правесці шэраг тэматычных сустрэч з мэтай знаёмства ўдзельнікаў праекта (навучэнцаў гімназіі і ЦКРНіР), высвятлення іх чаканняў і спадзяванняў, аб’яднаць падлеткаў у групу, сфарміраваць навыкі сацыяльнага ўзаемадзеяння паміж імі, стварыць атмасферу адкрытасці і даверу. У якасці асноўных метадаў і прыёмаў выкарыстоўваліся практыкаванні, накіраваныя на развіццё сацыяльна-камунікатыўнай актыўнасці, імітацыйныя гульні, эцюды ў харэаграфічным класе, сумесныя чаяпіцці. Такім чынам дзеці аб’ядноўваліся, уключаліся ў агульны рытм, ствараўся пазітыўны эмацыянальны настрой — узнікала пазітыўнае супрацоўніцтва, рушыліся бар’еры адасобленасці.
Лілія Мікалаеўна Нагорная, сацыяльны педагог ЦКРНіР, якая бярэ на сябе ролю рэжысёра, узгадваючы першыя рэпетыцыі, адзначае, што падрыхтоўчыя сустрэчы мелі, натуральна, вялікае значэнне, але ўзаемадзеянне падчас рэпетыцый і самога тэатральнага дзейства — гэта зусім іншы,
значна больш высокі, узровень узаемадзеяння. Часам здавалася, што бар’ер адчужанасці, перапалох, скаванасць проста немагчыма пераадолець. І педагогі ЦКРНіР, якія працуюць з дзецьмі не першы год, пачыналі сумнявацца ў выніковасці сваёй працы. Тым не менш Наталля Уладзіміраўна Кныш, Ірына Адамаўна Касцюкавец, а пазней і Надзея Сяргееўна Раманоўская на рэпетыцыях і паміж імі тлумачылі, паказвалі, расказвалі, трэніравалі, дзень за днём мэтанакіравана, добразычліва, настойліва рухаліся наперад. Узнагародай была выніковая паспяховая пастаноўка “Лясны спецназ“, праз год — “Іншы час, іншая эпоха“.
Рэпетыцыя апошняй пастаноўкі “Брэменскія музыканты” ўразіла: з першай рэпетыцыі сярод навучэнцаў не назіралася ніякай напружанасці. Гэта сустрэча добрых знаёмых: жарты, смех, размовы ў малых групах — ім добра, камфортна! Спрэчкі больш тычыліся педагогаў: ці дынамічна развіваецца сюжэт, як зрабіць рэплікі больш ёмістымі і сучаснымі, які трэба касцюм, якой працягласці выкарыстаць музычнае суправаджэнне ў тым ці іншым эпізодзе. Нам, дарослым, часам здавалася, што для гімназістаў (якія ў праекце з самага пачатку) работа над пастаноўкай стала звычайнай справай, вельмі простай.
Навучанне і сацыялізацыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі метадалагічна павінна быць звязана са значнымі пераменамі ў грамадскай свядомасці (прызнанне самакаштоўнасці кожнага дзіцяці, яго неад’емнага права на самарэалізацыю ў адпаведнасці з асабістым фізічным і інтэлектуальным патэнцыялам) — актыўным фарміраваннем талерантных адносін да асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.
А пачынаецца ўсё з першай сустрэчы ўсіх удзельнікаў праекта за кубачкам чаю, калі абмяркоўваецца некалькі праектаў сцэнарыяў і выбіраецца адзін, які тут жа дапрацоўваецца (і гэты працэс працягваецца яшчэ на дзвюх-трох рэпетыцыях), каб сцэнарый быў блізкі дзецям па сэнсе і актуальнасці, каб кожны ўдзельнік атрымаў ролю і яна адпавядала яго магчымасцям. Такі ж падыход і да касцюмаў, да дэкарацый, бо яны ствараюцца рукамі педагогаў, дзяцей і бацькоў. Пры гэтым дэкарацыі павінны быць мабільнымі і пакідаць дастаткова месца для перамяшчэння дзяцей па сцэне.
Працягласць падрыхтоўкі да новай пастаноўкі — каля двух месяцаў (дзесяць-дванаццаць рэпетыцый), затым — прэм’ерны паказ і яшчэ некалькі паказаў, перад якімі абавязкова праводзіцца рэпетыцыя. Нашы назіранні выявілі станоўчую дынаміку ўзаемадзеяння і ўзаемаадносін дзяцей — удзельнікаў праекта. Падчас творчых сустрэч навучэнцы гімназіі пачалі ўзаемадзейнічаць з навучэнцамі ЦКРНіР не побач, а разам — з’явілася камфортнасць і вольнасць, поўнае прыняцце, сяброўскія зносіны, уменне наладжваць кантакт, адчуваць таго, хто побач, павысіўся агульны эмацыянальны фон у групе, дзеці сталі паўнацэннымі ўдзельнікамі праекта, сталі праяўляць ініцыятыву.
За 2012—2014 гады пры рэалізацыі праекта “Інклюзія праз тэатралізаваную дзейнасць “Мы розныя — мы разам” былі падрыхтаваны і праведзены:
– тэатралізаваныя пастаноўкі “Лясны спецназ”, “Іншы час, іншая эпоха…”, “Брэменскія музыканты”. Гледачамі сталі навучэнцы пачатковых класаў гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 1, спецыялісты СППС на пасяджэнні супервізарскай групы, удзельнікі семінараў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, удзельнікі штогадовых дзён дружбы, прысвечаных Дню інвалідаў, і інш.;
– танцавальная кампазіцыя “Гавот”, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам І.Я. і Г.П.Цемчыных, з якой удзельнікі праекта выступілі на фестывалі дзіцячай творчасці “Вясенні калейдаскоп“ і ў адборачным этапе абласнога конкурсу “Таленты чыстых сэрцаў” (Узда);
– дні імяніннікаў (кожны квартал) з віншаваннямі дзяцей-інвалідаў ЦКРНіР, правядзеннем гульнявой праграмы, уручэннем падарункаў ад БТЧК;
– экскурсія ў Нясвіж (замак Радзівілаў, Гарадская ратуша, касцёл Божага цела і інш.);
– заняткі з групай з элементамі трэнінгу “Фарміраванне ўменняў зносін і ўзаемадзеяння, эмацыянальнага збліжэння”, “Талерантнасць, папярэджанне і супраціўленне жорсткім адносінам”.
Па выніках удзелу ў рэспубліканскай акцыі “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму” дзеці атрымалі дыплом І ступені раённага этапу і дыплом ІІ ступені абласного этапу акцыі. У сакавіку 2014 года яны прынялі ўдзел у конкурсе добраахвотных ініцыятыў Мінскага абласнога Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў рамках праекта “Мясцовыя валанцёрскія ініцыятывы для грамадзянскіх груп у малых гарадах і аддаленых раёнах Беларусі”, атрымалі грант на рэалізацыю праекта “Інклюзія праз тэатралізаваную дзейнасць “Мы розныя — мы разам” як прапаганда талерантных адносін да дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў асяроддзі здаровых аднагодкаў“ і сталі пераможцамі конкурсу як лепшая ініцыятыва 2014 года Мінскай вобласці БТЧК у намінацыі “Самая дружная каманда валанцёраў”. Навучэнец 10 “А” класа Максім Грыцэвіч стаў пераможцам у намінацыі “Адкрыццё года-2014”.
За час рэалізацыі педагагічнага праекта навучэнцы гімназіі № 1 мелі магчымасць разумець праблемы равеснікаў з абмежаванымі магчымасцямі і прымаць іх такімі, якія яны ёсць, без дыскрымінацыі і памылковых уяўленняў. Адзінаццаць дзяцей-інвалідаў з АПФР павысілі свой узровень адаптацыі і сацыялізацыі дзякуючы праведзеным мерапрыемствам.
Удзельнікі праекта атрымалі адрасную дапамогу ў выглядзе сувеніраў і падарункаў падчас месячніка дабрачыннай акцыі Чырвонага Крыжа “Розныя дзеці — розныя магчымасці“, прысвечанай Дню абароны дзяцей, і акцыі “Рука дапамогі”, прысвечанай Дню інвалідаў. Адзінаццаць дзяцей-інвалідаў з АПФР і дванаццаць навучэнцаў гімназіі павысілі свой узровень псіхалагічнай і эмацыянальнай устойлівасці праз работу з псіхолагам Таццянай Аляксандраўнай Чарнега.
Вынікам работы па праекце “Інклюзія праз тэатралізаваную дзейнасць “Мы розныя — мы разам” з’яўляецца практычная рэалізацыя сацыяльных тэхналогій калектыўнай, групавой і індывідуальнай работы з навучэнцамі гімназіі і ЦКРНіР; усведамленне сацыяльнай значнасці работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах установы агульнай сярэдняй адукацыі; развіццё эмпатыі і адэкватнага ўспрымання здаровымі аднагодкамі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; павышэнне ўзроўню іх псіхалагічнай і эмацыянальнай устойлівасці; прадастаўленне навучэнцам магчымасці правільна зразумець праблемы аднагодкаў з абмежаванымі магчымасцямі і прыняць іх такімі, якія яны ёсць; прапаганда валанцёрскага руху сярод навучэнцаў.

Святлана РАБАЯ,
намеснік дырэктара Салігорскага раённага ЦКРНіР.