Выхаваць сябе дапаможа рэгіянальны кампанент

Усе мы, педагогі, зацікаўлены ў тым, каб нашы выпускнікі дэманстравалі актыўную грамадзянскую пазіцыю. Як выхаваць такіх выпускнікоў у наш няпросты час? Знайсці адказ і вырашыць гэтую праблему нашаму педагагічнаму калектыву дапамагае рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў на этнакультурнай аснове ў кантэксце рэгіянальнага кампанента”. Працуючы над рэалізацыяй праекта, мы вызначылі шляхі фарміравання асобы з гуманістычнай сістэмай каштоўнасцей і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Трэці год вучні нашай школы ўключаны ў даследчую дзейнасць па вывучэнні культурнай і гістарычнай спадчыны свайго рэгіёна. Дзеці і падлеткі праводзяць апытанні жыхароў, экскурсіі з мэтай вывучэння гісторыі, ландшафту і прыроднага багацця мікрараёна, збіраюць прылады працы нашых продкаў, прадметы побыту, вывучаюць рамёствы сваіх аднавяскоўцаў, знаёмяцца з біяграфіямі вядомых землякоў, а таксама з працоўнымі дынастыямі. Пошукавая, даследчая дзейнасць дазваляе вывучаць гісторыю на практыцы, на прыкладах людзей, якія жылі раней і жывуць побач сёння, садзейнічае выхаванню пачуцця прыналежнасці, адзінства з навакольным светам, пачуцця асабістай годнасці.
За час работы над праектам вучнямі разам з настаўнікамі створаны “Летапіс вёскі Палуж”, даследаваны “Сямейны быт палужан”, “Гаспадарчая дзейнасць палужан”, “Народная культура вёскі Палуж”, “Тапаграфічныя тэрміны” і г.д. Распрацаваны экскурсіі “Памятныя мясціны вёскі Палуж”, турыстычныя маршруты “Памятнікі археалогіі Старажытнай Русі”. У летні час па гэтых маршрутах арганізоўваюцца паходы выхаднога дня.
Назапашаны краязнаўчы матэрыял лёг у аснову распрацовак вучэбных заняткаў, факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў, класных гадзін. Засваенне вучэбнага матэрыялу з выкарыстаннем краязнаўчага павышае матывацыю дзяцей да вучобы, спрыяе павышэнню якасці адукацыйнага працэсу.
Вялікім выхаваўчым патэнцыялам валодае школьны літаратурны музей імя А.В.Пысіна, этнаграфічны куток. Ва ўстанове адкрыты аб’яднанні па інтарэсах “Музеязнаўства”, “Юныя краязнаўцы”, “Юныя этнографы”. Створаны экскурсійны аддзел з ліку вучняў, якія праводзяць экскурсіі не толькі для вучняў установы, але і для гасцей школы. Праводзяцца музейныя ўрокі, літаратурныя кампазіцыі, турніры эрудытаў па творчасці А.В.Пысіна, што спрыяе далучэнню дзяцей і падлеткаў да мастацкага слова, літаратурнай спадчыны беларускага народа.
Юныя краязнаўцы правялі вялікую пошукавую работу па вывучэнні культуры і быту жыхароў мікрараёна, займаюцца этнаграфічнымі даследаваннямі. У працэсе даследчай дзейнасці вучні пашыраюць веды, атрыманыя на ўроках гісторыі, літаратуры, а таксама атрымліваюць новыя, не прадугледжаныя праграмай. Пры вывучэнні роднага краю выкарыстоўваецца дзейнасны падыход.
Сустрэчы вучняў са сведкамі Вялікай Айчыннай вайны (у мікрараёне школы не засталося ветэранаў), запісы іх успамінаў дазваляюць паглядзець на гісторыю вачамі людзей, якія перажылі той час, і ўсвядоміць увесь жах перажытага.
Вывучэнню прыроднага багацця мікрараёна школы спрыяе знаходжанне тут помніка прыроды “Беларускае аддзяленне міжнароднага экалагічнага фонду — Батанічны сад “Іванаў хутар”, у якім сабрана больш за 100 відаў дрэў і кустоў. Яго ўладальнік і заснавальнік Іван Ізотавіч Зотаў — ураджэнец нашай мясцовасці, юрыст па адукацыі, але ўлюбёны ў батанічную справу. З задавальненнем Іван Ізотавіч праводзіць для нашых вучняў і настаўнікаў экскурсіі па сваім садзе, падчас якіх адбываецца вывучэнне разнастайнасці расліннага свету, у тым ліку экзатычных відаў раслін. А дзейнасць самога Івана Ізотавіча — прыклад для маладога пакалення адданасці сваёй справе, любові да Радзімы.
Работа над рэалізацыяй інавацыйнага праекта дазволіла стварыць адукацыйнае асяроддзе для фарміравання ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці, пачуцця любові да сваёй Радзімы. Вучэбныя заняткі, на якіх у якасці вучэбнага выкарыстоўваецца рэгіянальны матэрыял, маюць большую эфектыўнасць, выклікаюць цікавасць вучняў і, безумоўна, даюць лепшы вынік. Такі матэрыял не толькі застаецца ў памяці, але і кранае душу, асабліва калі вучні здабывалі яго самі.

Алена ФЕДЗІНА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Палужскага дзіцячага
сада — сярэдняй школы.