Выхаванне прававой культуры гімназістаў

Прававое выхаванне ўздзейнічае не толькі на свядомасць, але і на паводзіны навучэнцаў, таму што свядомасць і ўчынкі людзей знаходзяцца ў адзінстве і ўзаемаабумоўленасці. Работа па выхаванні прававой культуры гімназістаў садзейнічае не толькі папярэджанню правапарушэнняў, але і фарміруе ў падлеткаў цвёрдыя маральныя прынцыпы, разуменне і прыняцце норм грамадства. Мы вучым дзяцей адносіцца да права, як да цывілізаванай каштоўнасці, якая рэгулюе меру свабоды. Фарміруем асабістую і сацыяльную кампетэнтнасць, здольнасць да самаразвіцця, адказнасць перад сабой і іншымі за выбар жыццёвага шляху, патрэбнасць выкарыстоўваць свае правы і выконваць абавязкі.

Сёння наша навучальная ўстанова прымяняе сучасныя выхаваўчыя тэхналогіі, формы і метады работы, якія з улікам спецыфікі навучальнай установы даюць станоўчыя вынікі ў маральным, прававым і грамадзянскім станаўленні навучэнцаў:

  • інфармацыйныя тэхналогіі дапамагаюць павысіць узровень прававых ведаў падлеткаў аб небяспецы проціпраўных паводзін; прававым уздзеянні за парушэнне ў соцыуме;
  • эмацыянальнае навучанне накіравана на павышэнне самаацэнкі, вызначэнне значных жыццёвых каштоўнасцей, фарміраванне здольнасцей спраўляцца са стрэсам і інш.; у працэсе эмацыянальнага навучання школьнікі вучацца распазнаваць свае пачуцці і кіраваць імі;
  • навучанне, заснаванае на выкарыстанні сацыяльных фактараў, уключае ролевыя гульні, трэнінгі, накіраваныя на фарміраванне супраціўлення сацыяльнаму ціску;
  • формы, арыентаваныя на фарміраванне жыццёвых навыкаў, садзейнічаюць стварэнню ўнутраных механізмаў самарэгулявання і самакантролю;
  • формы, заснаваныя на выкарыстанні сацыяльна карыснай дзейнасці навучэнцаў, садзейнічаюць сацыялізацыі дзяцей.

Прававое выхаванне гімназістаў адбываецца ў выніку актыўнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу: навучэнец — навучэнец, навучэнец — настаўнік, навучэнец — бацькі. У разнастайных формах выхаваўчага ўздзеяння на падлеткаў вялікае значэнне мае далучэнне іх да гульнявых і творчых мерапрыемстваў.
Так, у рабоце з навучэнцамі 5-6 класаў у гульнявой форме замацоўваюцца свядомыя адносіны дзяцей да выканання Правіл для навучэнцаў, нецярпімасць да парушальнікаў дысцыпліны, працягваецца фарміраванне асабістай адказнасці за свае ўчынкі, паводзіны перад грамадствам. У гульнявых сітуацыях навучэнцы асвойваюць сацыяльныя ролі, “пражываюць” прававыя сітуацыі і знаходзяць шляхі іх вырашэння. Напрыклад, урок-практыкум “Умей сябраваць” дапамагае дзецям вучыцца аналізаваць свае адносіны да іншых людзей, усвядоміць важнасць сяброўскіх узаемаадносін. Такія заняткі праводжу ў пачатку навучальнага года пасля сацыяметрычных даследаванняў у класах. Каб падрыхтаваць урок “Этыкет і ты”, праводжу тэставае апытанне “Наколькі добра вы ведаеце правілы добрага тону?”, у ходзе якога выяўляецца ўзровень ведаў дзяцей аб правілах паводзін у грамадстве, вывучаюцца паводзіны ў розных праблемных сітуацыях. Напярэдадні Дня пажылых людзей, Дня інвалідаў праводжу заняткі на тэму “Міласэрнасць і ты”, якія развіваюць у навучэнцаў талерантнасць, фарміруюць адказнасць за свае ўчынкі.

Навучэнцы 7-8 класаў атрымліваюць агульныя ўяўленні аб законах Рэспублікі Беларусь, аб асноўных правах і абавязках грамадзян, вучацца разумець і прытрымлівацца правіл паводзін у грамадскіх месцах. Цікавая для дзяцей падлеткавага ўзросту гульня-расследаванне “Здарэнне ў 7 класе”. Дзеці выступаюць у ролі работнікаў прыватнага вышуковага агенцтва. Гульня дапамагае выявіць узровень прававых ведаў навучэнцаў і дыягнаставаць узаемаадносіны ў класе.
Да Сусветнага дня дзіцяці (20 лістапада), Сусветнага дня правоў чалавека (10 снежня), да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (15 сакавіка) для навучэнцаў 5—8 класаў па паралелях арганізоўваю конкурсна-гульнявыя праграмы па правах дзіцяці. Папярэдне ў класах праводжу інфармацыйныя гутаркі аб правах і абавязках дзяцей, аб прававой адказнасці непаўналетніх, вывучаю ўзровень прававых ведаў навучэнцаў. Удзел у гутарках прымаюць і работнікі праваахоўных органаў, сустрэча з якімі заўсёды выклікае цікаваць у дзяцей.
Трэнінгі, акцыі з запрашэннем спецыялістаў (урачоў-нарколагаў, студэнтаў медыцынскага каледжа) “Не твая цыгарэта”, “Не” наркотыкам!”, “Мы — за здаровы лад жыцця”, “Гімназія — тэрыторыя здароўя” дазваляюць замацаваць у навучэнцаў устойлівую і свядомую патрэбу ў прававых паводзінах, выпрацаваць негатыўныя адносіны да ўжывання наркатычных і таксічных рэчываў, выхаваць паважлівыя адносіны да закона.

У 9—11 класах працягваю вывучэнне з гімназістамі асноў беларускага заканадаўства, тэарэтычных пытанняў дзяржавы і права. Стараюся, каб прававыя палажэнні і факты гімназісты звязвалі з падзеямі рэальнага жыцця. На базе засвоеных прававых ведаў навучэнцы авалодваюць уменнямі і навыкамі выкарыстання гэтых ведаў для ацэнкі паводзін людзей. Прававое навучанне ў старшым звяне мае дакладна выяўленую прафілактычную накіраванасць, становіцца найважнейшым фактарам папярэджання антыграмадскіх праяўленняў. Вялікую ўвагу ўдзяляю падрыхтоўцы навучэнцаў да сямейнага жыцця і адказнага бацькоўства. Вывучаем са старшакласнікамі артыкулы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і на занятках “У коле сям’і”, “Шлюб і сям’я” і іншых.
Абавязкова для навучэнцаў усіх узростаў праводзім інфармацыйныя гутаркі “Прававая адказнасць непаўналетніх”. Асаблівую ўвагу ўдзяляем тым формам дэвіянтных паводзін, за якія прадугледжана прымяненне мер дысцыплінарнага спагнання ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (арт.128).
Спецыялісты СППС нашай гімназіі не забываюць пра тое, што сучасныя школьнікі з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі інтэрнэту. Таму ў сваёй рабоце мы вялікую ўвагу ўдзяляем выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій. На афіцыйным інтэрнэт-сайце ўстановы адукацыі вядзём блог СППС, на якім размяшчаем інфармацыйна-асветніцкія матэрыялы для навучэнцаў і бацькоў.
Прававая асвета, прававыя веды садзейнічаюць фарміраванню сацыяльнай актыўнасці і сацыяльнай сталасці гімназістаў, даюць магчымасць правільна арыентавацца ў палітычных, эканамічных, прававых з’явах і працэсах.

Аксана ШЛАІТАВА,
сацыяльны педагог гімназіі № 3 Магілёва.