Выхаванне пачынаецца з усмешкі

Гэтыя словы з’яўляюцца прафесійным крэдам выхавальніцы групы прадоўжанага дня Русланы Мікалаеўны Ляхоўчык з сярэдняй школы № 2 Драгічына, чый педагагічны стаж складае 17 гадоў. Гэта вельмі абаяльная жанчына, цікавы і творчы педагог, а самае галоўнае — нераўнадушны і пазітыўны чалавек.

— Выхавальнікі групы прадоўжанага дня прымаюць актыўны ўдзел у педагагічнай падтрымцы першакласнікаў у адаптацыйны перыяд, — гаворыць Руслана Мікалаеўна. — Дзіця ідзе ў першы клас з упэўненасцю, што яму будзе там добра. Задача педагогаў — зрабіць усё магчымае, каб спраўдзіць гэтыя чаканні, каб дзіця знайшло ў школе добрых сяброў, адчула поспех у вучобе і грамадскіх справах. Вельмі важна ў кожным дзіцяці знайсці здольнасці і спрыяць іх развіццю.
Р.М.Ляхоўчык працуе над тым, каб сфарміраваць такі класны калектыў, дзе кожнае дзіця адчувала б сябе камфортна і магло раскрыць творчыя здольнасці. Каб малодшыя школьнікі раслі ў атмасферы шчырасці і супрацоўніцтва, выхавальніца фарміруе ў іх уменне дзяліць радасці і няўдачы на ўсіх, імкнецца прывіць пачуцці таварыскасці, узаемадапамогі і разумення.
Метадычная работа Р.М.Ляхоўчык арыентавана на пабудову адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі і магчымасцямі школьнікаў, выяўленымі падчас назірання за імі ў першыя тыдні навучання. Напрыканцы кожнага навучальнага года дзеці адзначаюцца граматамі за поспехі ў розных відах дзейнасці.
Прымаючы першы клас, Руслана Мікалаеўна склала прыкладны план правядзення адаптацыйнага перыяду для першакласнікаў. Першы дзень: урачыстая лінейка “Свята першага званка”, заняткі “Прывітанне, школа”. Другі дзень: знаёмства дзяцей з выхавальнікам, паміж сабой і са школьнымі прыладамі, арганізацыя груп, экскурсія па школе ў форме гульні-падарожжа “Пошук скарбу” (скарбам з’яўляецца наказ першакласніку ад дырэктара школы), фарміраванне заданняў на час адаптацыйнага перыяду. Трэці дзень: знаёмства, фарміраванне ўменняў выказваць эмоцыі, работа ў парах, школьныя правілы ветлівасці. Чацвёрты дзень: фарміраванне зваротнай сувязі на занятках, падчас гутарак. Пяты дзень: выйсце са спрэчных сітуацый, фарміраванне ў дзяцей крытэрыяў самаацэнкі і ацэнкі, свята “Пасвячэнне ў навучэнцы”.
— Неабходнай умовай паспяховай адаптацыі дзіцяці ў навучальнай установе з’яўляецца ступень удзелу бацькоў у яго школьным жыцці, — лічыць педагог. — На сустрэчах з бацькамі абмяркоўваюцца любыя пытанні і праблемы. Тэматыка сустрэч вельмі разнастайная: “Давайце пазнаёмімся бліжэй. Сям’я і школа — цяпер мы разам”, “Як на самай справе любіць дзіця”, “Свет дзіцяці і дарослага” (сумесная сустрэча дзяцей і бацькоў), “Чаму дзіця бывае нешчаслівым”, “Наша здароўе ў нашых руках”, “Гульня — справа сур’ёзная. Гульні ў школе і сям’і” ,“Свет нашых захапленняў” і інш.
Дзякуючы сумеснай рабоце настаўніка пачатковых класаў і выхавальніка групы прадоўжанага дня, дзеці ахвотна ідуць у школу, хутчэй адаптуюцца да новых умоў і знаходзяць новых сяброў. Калі пачаткоўцам камфортна, значыць педагогі прафесійна і якасна робяць сваю работу.

 

Святлана КОРБУТ,
метадыст цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА.