Выхаванне чалавека

Сто гадоў — немалы шлях для станаўлення, развіцця, фарміравання індывідуальнага “педагагічнага почырку”. 14 лютага ў Лугаваслабадской сярэдняй школе сабраліся тыя, хто з гордасцю можа сказаць: “Я люблю сваю школу”. Сярод іх педагогі, выпускнікі, бацькі.

“Педагагічны почырк” нашай школы, галоўны напрамак, у якім працуе ўстанова адукацыі, — “Традыцыі і інавацыі ў выхаваўчай дзейнасці”. Выхаванне чалавека — аснова адукацыйнага працэсу нашай школы ўжо многія гады. Існуе філасофскі прынцып: падобнае ствараецца падобным. А значыць, маральнасць выхаванца фарміруецца маральнасцю выхавальніка. Школа была і застаецца адзіным культурным цэнтрам на сяле.
А з’явілася Лугаваслабадская школа ў пачатку мінулага стагоддзя. Аповеды старажылаў і матэрыялы, якія захаваліся, сведчаць пра тое, што ў той складаны час маладыя настаўнікі выхоўвалі пачуццё патрыятызму, таварыскасці, актыўныя адносіны да рэчаіснасці, глыбокую павагу да людзей працы, любоў да Радзімы. На вячэрніх занятках з дарослымі яны абмяркоўвалі жыццёвыя сітуацыі, чыталі газеты пра герояў будоўляў, пра самаадданую працу камсамольцаў.
Маральнасць немагчыма без душэўнасці, эмацыянальнай чуласці, спагадлівасці. Менавіта гэтыя пачуцці сталі асноўнымі ў выхаванні ў пасляваеннай школе, у якой вучыліся дзеці з 7 найбліжэйшых вёсак. У 1964 годзе ў цэнтры вёскі адчыніліся дзверы новай школы, у якой працаваў дружны, згуртаваны калектыў. Многа ў нашай Лугаваслабадской школе выдатных традыцый, пачынанняў. Усё гэта не ўзнікала само па сабе, а стваралася творчымі, мэтанакіраванымі людзьмі. Хочацца ўспомніць дырэктараў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё школы: С.І.Гузней, М.С.Кушнер, Ю.У.Паповіч, У.В.Кастрыцкі. Усім ветэранам педагагічнай працы, якія прысутнічалі на ўрачыстым вечары, былі выказаны словы падзякі і найлепшыя пажаданні.
Дух патрыятызму, адказнасці, добразычлівасці, маральнага абавязку, патрабавальнасці засталіся ў школе і ў цяперашні час. Сёння ў школе працуюць 25 педагогаў і вучацца 153 навучэнцы. За сто гадоў мэта школы не змянілася — выхаваць чалавека. Кіруе педагагічным калектывам Лугаваслабадской сярэдняй школы чалавек-аптыміст, не абыякавы да лёсаў дзяцей, прафесіянал сваёй справы, чулая і творчая асоба — Наталля Аляксандраўна Меладзэ.
Кожны год навучэнцы і настаўнікі ўдзельнічаюць у розных конкурсах, алімпіядах і займаюць прызавыя месцы. У 2011 і 2013 гадах школа стала пераможцай сярод школ Мінскага раёна ў намінацыі “Найлепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі выхаваўчага працэсу”. У 2014 годзе пераможцай раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” стала Т.У.Князева, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Сярод будучых выпускнікоў бягучага навучальнага года асабліва хочацца адзначыць Аляксандра Губіча, пераможцу другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Юнак з’яўляецца прэтэндэнтам на атэстат з адзнакай і залаты медаль. А ўсяго за 100 гадоў залатыя і сярэбраныя медалі атрымаў 41 чалавек. З іх 25 залатых і 16 сярэбраных.
Дзяцінства — цудоўная краіна. Яе ўражанні застаюцца на ўсё жыццё. Менавіта ў малодшым школьным узросце ўзнікаюць вялікія магчымасці для духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Вялікую работу ў гэтым напрамку ажыццяўляюць настаўнікі пачатковых класаў. Не адзін выпуск навучэнцаў быў падрыхтаваны Ірынай Дзмітрыеўнай Буралёвай, якая ў цеснай сувязі з бацькамі стварае ўмовы для маральнага станаўлення сваіх выхаванцаў. Складаней адаптавацца ў сучасным свеце дзецям з АПФР, паверыць у сябе, у свае сілы і адчуваць сябе паўнапраўнымі грамадзянамі. Ужо некалькі гадоў з такімі дзецьмі працуе прафесіянал у сваёй галіне, настаўнік-дэфектолаг вышэйшай катэгорыі Наталля Пятроўна Фралова.
Немалую ролю ў духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў нашай школы адыгрываюць розныя формы выхаваўчай работы. Але самым дзейсным метадам выхавання з’яўляецца асабісты прыклад настаўніка. Менавіта такім класным кіраўніком стала для свайго 11 выпускнога класа настаўніца матэматыкі Галіна Міхайлаўна Мікуліч. Яе адносіны да грамадства, калектыву, людзей, да працы, сваіх абавязкаў і да самой сябе спрыяюць развіццю ў навучэнцаў такіх якасцей, як абавязак, гонар, сумленне, годнасць.
Канечне, гордасць нашай школы — гэта і яе навучэнцы. Нямала выдатных людзей выхавала Лугаваслабадская школа. Ёсць сярод выпускнікоў і тыя, хто вырашыў прысвяціць сваё жыццё педагагічнай дзейнасці. Чатыры педагогі нашай школы — яе выпускнікі: настаўнік фізічнай культуры Я.І.Амосаў, настаўнік пачатковых класаў А.Л.Бабіч, настаўнік матэматыкі і фізікі В.А.Назаранка, настаўнік інфарматыкі М.С.Жураўлёў.
Педагагічны калектыў паважае традыцыі школы, памятае яе гісторыю і прымнажае яе перамогі. Добрасумленнасць, працавітасць, высокая адказнасць намесніка па вучэбнай рабоце Ірыны Міхайлаўны Лукашэвіч і спагадлівасць, чуласць намесніка па выхаваўчай рабоце Настассі Іванаўны Тарэндзь — добры прыклад для калектыву настаўнікаў і навучэнцаў. Дзякуючы ведам, педагагічнаму майстэрству ўсяго калектыву, школа і сёння знаходзіцца ў творчым развіцці, яна па-ранейшаму маладая.
Школьныя гады будуць няўмольна адлічваць час, але кожны год школа будзе напаўняцца новымі звонкімі галасамі. У школьнага духу няма ўзросту. Яму заўсёды дзевяць або адзінаццаць гадоў — роўна столькі, колькі ад першага да апошняга званка праходзяць свой шлях навучэнцы.

Алена ГАРБАР,
настаўнік-метадыст Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна.