Вучыцца з радасцю!

Тыдзень пачатковай школы — асаблівы сярод усіх прадметных тыдняў. Гэта і адкрыцці, і святы, і прыгоды, і бязмернае задавальненне ад зносін і сумеснага правядзення часу. Менавіта такім атрымаўся Тыдзень пачатковых класаў у полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.

Пра тое, як падрыхтаваць і правесці тыдзень ярка і незабыўна, настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі задумаліся задоўга да яго правядзення. Прапаноў было багата, у выніку самыя цікавыя з іх увайшлі ў агульны план. Педагогі ставілі за мэту не толькі найлепш арганізаваць пазакласную работу па прадметах, але і актывізаваць пазнавальную дзейнасць, павысіць цікавасць вучняў да прадметаў, якія вывучаюцца, стварыць святочную творчую атмасферу. Лейтматывам тыдня стаў заклік “Вучыцца з радасцю!”.
Удалае спалучэнне розных форм правядзення мерапрыемстваў дазволіла зрабіць кожны дзень асаблівым. Усе яны мелі свае прадметную накіраванасць, дэвіз і нават каляровую гаму. Па выніках спаборніцтва былі выяўлены пераможцы прадметных інтэлектуальных конкурсаў, уладальнікі самых акуратных сшыткаў, самыя ўважлівыя чытачы. За дасягненні ў вучобе напрыканцы тыдня навучэнцаў чакалі дыпломы і граматы. Больш за іншых радаваліся ўзнагародам першакласнікі, бо для іх гэта першы значны поспех у вялікім школьным “плаванні”. Граматы, якія яны атрымлівалі ў прысутнасці сваіх школьных таварышаў і якія так кранальна былі выстаўлены на ўсеагульны агляд на класнай дошцы, былі прадметам вялікага гонару для іх уладальнікаў і прыкладам для пераймання для іх школьных таварышаў. Зрабіцца героем дня любы вучань мог і незалежна ад сваіх вучэбных дасягненняў. Магчымасці праявіць свой творчы патэнцыял былі шырокія. Напрыклад, шмат радасці і задавальнення даставілі ўсім прысутным у зале прэм’еры казак на беларускай мове. Колькі шчырых эмоцый ад праяўлення акцёрскіх здольнасцей дзяцей! Кожны клас рыхтаваўся да паказу загадзя: вучылі ролі, рыхтавалі касцюмы і дэкарацыі, рэпеціравалі, падбіралі музычнае суправаджэнне. Вынік — выдатныя спектаклі, апладысменты, радасць ад добра зробленай калектыўнай справы, пашырэнне лексічнага запасу слоў на роднай мове і нястрымнае жаданне зноў апынуцца на сцэне. Ну а хто не праявіў свайго акцёрскага таленту, мог пацешыць усіх фатаграфіямі сваіх гадаванцаў. Выстава “Мая любімая свойская жывёла” прыцягнула ўвагу не толькі выхаванцаў пачатковай школы. Каля фотаздымкаў спыняліся і старшакласнікі, і педагогі, і бацькі. Ды і было на што паглядзець! Як нечакана раскрываюцца самыя непрыкметныя вучні, калі расказваюць пра сваіх гадаванцаў, колькі з’яўляецца цеплыні ў дзіцячым голасе, колькі агню ў вачах! У хвіліны такіх зносін паміж людзьмі нараджаецца трывалая сувязь, давер і паразуменне. А гэта каштоўна. Пагутарыць з жывой прыродай можна было не толькі праз фотаздымкі. У ад зін з дзён у гімназію завіталі супрацоўнікі з экалагічнага цэнтра. У руках у іх былі клеткі з сапраўднымі трусамі і марскімі свінкамі. Дакрануцца да даўгавухага звярка, адчуць мяккасць яго футра і баязлівую насцярожанасць — на жаль, многія з вучняў, гарадскіх жыхароў, змаглі гэта зрабіць упершыню. Але змаглі ж! А далей ішла сур’ёзная размова аб правілах паводзін на прыродзе, чым мы можам ёй дапамагчы і як трэба яе берагчы. Час незабыўных уражанняў — менавіта такім атрымаўся Дзень навакольнага свету. Свята музыкі і творчасці вывела на сцэну юных вакалістаў з 1-х і 2-х класаў. Некаторыя дзеці ўжо выступалі на сцэне, а хтосьці дэбютаваў. Нечаканую інтрыгу ўнёс раптоўны гос ць — Нязнайка. Ён, дарэчы, падумаў і таксама захацеў застацца ў нашай гімназіі, у якой дзецям так цікава займацца і на ўроках, і ў вольны час. Ну што ж, можа, гэта і было галоўнай мэтай — адчуць радасць ад сваіх ведаў, захацець вучыцца, вучыцца з радасцю!
Нельга не расказаць пра яшчэ ад зін важны дзень у раскладзе Тыдня пачатковай школы — Дзень сям’і. Імкненне да супрацоўніцтва, пошуку агульнай стратэгіі ў выхаванні навучэнцаў — адна з галоўных задач гімназіі. Прыцягненне бацькоў да сумесных спраў стала традыцыйным. А ў 4 “В” класе стала традыцыяй правядзенне свята бабуль і дзядуляў, якое яны называюць “Дзень падзякі”. У гэты суботні дзень у школу прыходзяць сем’ямі для таго, каб расказаць пра сямейныя рэліквіі, парадаваць сваіх родных дзіцячымі дасягненнямі і поспехамі, вершамі і песнямі, ну і, вядома ж, паштоўкамі і падарункамі, зробленымі з любоўю сваімі рукамі. Сапраўды, бабулі і дзядулі, якія часта бяруць на сябе вялікую частку клопату пра сваіх унукаў у той час, калі мамы і таты занятыя на працы, — лепшыя сябры дзяцей. Сябры, якія шчыра любяць, ніколі не крыўдзяцца, заўсёды выслухаюць, зразумеюць і дапамогуць. Але падзякаваць за гэтую бескарыслівую любоў, нават асэнсаваць яе многія забываюць або не паспяваюць. Таму гэтае свята напоўнена глыбокімі пачуццямі і слязінкамі радасці на вачах.
Можна з упэўненасцю сказаць, што тыдзень прайшоў у атмасферы творчасці, супрацоўніцтва, жадання больш даведацца адно пра аднаго. Ён паказаў высокую выніковасць працы пачатковых класаў, прафесіяналізм педагагічнага калектыву, патэнцыял нашых дзяцей — будучых гімназістаў, якія, бясспрэчна, упішуць свае імёны ў летапіс гімназіі і праславяць яе сваімі справамі.

Святлана АЛЯКСАНДРАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
полацкай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.