Вучыцца не толькі па падручніках

Ці дастаткова школьных гадзін, каб пазнаёміцца з усім багаццем рускай і беларускай мовы і літаратуры? Канечне, каб дасягнуць гэтай мэты, не хопіць нават і жыцця! Але наблізіцца да яе можна, калі пашырыць межы школьнай праграмы. Так і зрабілі ў сярэдняй школе № 7 Баранавіч, далучыўшыся да інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання моўнай асобы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. Акрамя больш блізкага і ўсвядомленага, чым прапанавана праграмай, вывучэння асаблівасцей блізкароднасных моў, якое накіравана на папярэджанне міжмоўных памылак, праект прадугледжвае яшчэ і папулярызацыю беларускай і рускай культуры. Найбольш спрыяльнай глебай для гэтага стала пазакласная работа.

У пачатку 2015/2016 навучальнага года, калі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, у школе былі арганізаваны кніжныя выставы, якія знаёмілі з навінкамі беларускіх выдавецтваў. У радыёхвілінках настаўнікі і вучні расказвалі пра гісторыю свята, паэты-землякі чыталі вершы. Асабліва цікавым стала дэкламаванне ўрыўкаў са “Слова пра паход Ігаравы” на дзвюх дзяржаўных мовах, якое яскрава паказала, што абедзве мовы аднолькава вобразна, непаўторна і натхнёна здольны перадаць патрыятычны пафас агульнаславянскага помніка пісьменства. Знаходка настаўнікаў была як ніколі дарэчы, бо дзевяцікласнікі якраз вывучалі гэты твор па рускай літаратуры.

Мова літаральна выйшла за межы кабінетаў і ўрокаў: на перапынках у гэты дзень гучалі песні, напісаныя на словы класікаў беларускай паэзіі; лістоўкі з цікавай інфармацыяй і яркімі ілюстрацыямі, размешчаныя ў калідорах, прыцягвалі ўвагу вучняў. А модны выраз карыстальнікаў інтэрнэту “пакінуць запіс на сцяне” стаў у гэты дзень папулярным і ў школе, бо вучні маглі напісаць свае любімыя беларускія выказванні, пажаданні, невялікія асабістыя творы на аркушах, замацаваных на сцяне. Каб перапынак прайшоў з карысцю, настаўнікі прапанавалі дзецям гульню: на розных паверхах былі размешчаны фразеалагізмы і прыказкі на беларускай і рускай мовах, якія трэба было суаднесці. Вучням гульня спадабалася, яны выконвалі заданне і паасобку, і аб’ядноўваючыся ў групы. Вось так цікава і карысна можна арганізаваць вольны час у школе.

Не абмінула нас і традыцыйнае для школы свята Дзень маці. Але ўдзел у інавацыйным праекце ўнёс пэўныя карэктывы. Замест канцэрта класныя кіраўнікі разам з вучнямі ладзілі літаратурна-музычную кампазіцыю для матуль. І зноў гучалі абедзве мовы: арганізатары і ўдзельнікі ўключылі ў сцэнарый самыя пранікнёныя і сардэчныя вершы і ўрыўкі з празаічных твораў на беларускай і рускай мовах, галоўнай тэмай якіх была матуліна любоў і шчырасць. Трэба адзначыць, што гэтае мерапрыемства стала сцэнічнай пляцоўкай для васьмікласнікаў, якія ўпершыню прачыталі ўласныя вершы.

І ўсё ж для ўдзельнікаў праекта важна, каб веды з літаратурных і моўных крыніц вучні спасцігалі кожны дзень. Для гэтага, напрыклад, рэгулярна абнаўляецца інфармацыя на стэндзе “Гартаючы старонкі календара”. Каляндар гэты спецыяльны — літаратурны, таму адлюстроўвае цікавыя і найбольш значныя старонкі творчага жыцця пісьменнікаў-юбіляраў. Тут ужо была размешчана інфармацыя пра рускіх пісьменнікаў А.Блока, С.Ясеніна і К.Сіманава і іх сувязь з нашай краінай, а таксама беларускіх А.Макаёнка, Л.Геніюш, А.Вольскага і У.Караткевіча. Інфармацыю для стэнда і насценгазет рыхтуе вучнёўска-настаўніцкая суполка. Вершы юбіляраў гучаць падчас правядзення паэтычных хвілінак на ўроках і інфармацыйных гадзінах, у раздрукаваным выглядзе размяшчаюцца ў класах і калідорах. Ім жа прысвячаецца і цэлая старонка нашай газеты Seven, якая выходзіць штомесяц і асвятляе рознабаковае школьнае жыццё, у тым ліку і крокі па рэалізацыі інавацыйнага праекта. Калі ж вучань адчувае сябе не журналістам, а літаратарам, для яго адкрывае свае старонкі школьнае выданне “Натхненне”, якое выходзіць кожнае паўгоддзе.

Магчымасць праявіць здольнасці ёсць у кожнага вучня і настаўніка-філолага, які пажадае ўдзельнічаць у творчых конкурсах. Так, і настаўнікі, і вучні штогод удзельнічаюць у конкурсах творчых і даследчых работ, якія традыцыйна праводзіць Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла. Іх інтэлектуальныя знаходкі не застаюцца па-за ўвагай журы: адзначаюцца дыпломамі, лістамі падзякі.

Дзе вучні і настаўнікі знаходзяць натхненне для такой актыўнай дзейнасці? Несумненна, спрыяюць гэтаму падарожжы па роднай Беларусі. Вось і напярэдадні юбілею У.Караткевіча мы выправіліся ў няблізкую вандроўку, у яго родную Оршу. У паўночным горадзе наведалі школьны музей, прысвечаны знакамітаму земляку. Каб дакрануцца да асобы пісьменніка, трэба прайсці яго дарогамі. І такая магчымасць у нас была. Вандруючы разам з экскурсаводам па Оршы, мы, здаецца, усё больш і больш разумелі У.Караткевіча як патрыёта і чалавека. Апынуўшыся ж у творчай майстэрні музея Уладзіміра Сямёнавіча, мы яшчэ больш зразумелі яго як пісьменніка, аўтара твораў, здольных абудзіць нацыянальную свядомасць.

Адчуваць сябе беларусам і з павагай ставіцца да іншых народаў, захоўваць беларускую самавітасць і цікавіцца здабыткамі рускай і беларускай культуры — у гэтым мы, настаўнікі-філолагі, бачым задачу інавацыйнага праекта, накіраванага на папулярызацыю дзвюх родных культур і фарміраванне асобы ва ўмовах блізкароднаснага дзяржаўнага двухмоўя.

Удзел у праекце iнтэлектуальна i духоўна абагачае як вучняў, так i настаўнiкаў. Мы ганарымся, што задача па папулярызацыi дзвюх культур вырашаецца даволі паспяхова.

Анжэла ТУКАЙ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Баранавіч.