Вучымся бяспечна жыць і працаваць

Сонечны вераснёўскі ранак захоўваў цішыню мікрараёна Маладзёжнага ў Мазыры, які рыхтаваўся да свайго 860-годдзя: дарослыя раз’ехаліся па рабочых месцах, дзеці былі на ўроках. Здавалася, нішто не парушыць рытм працоўнага дня. Але жыццё ўнесла свае карэктывы.

Пранізлівы гук сірэны пажарных машын ускалыхнуў горад і жыхароў, прахожыя насцярожана прыпыніліся. За хвіліну да гэтага на пульт цэнтра аператыўнага кіравання паступіла паведамленне пра пажар на выбарчым участку № 21, што размясціўся ў сярэдняй школе № 9. Выратавальная тэхніка імчалася да аднаго з будынкаў, спыняючы рух на дарогах горада. А цішыню навучальнай установы парушыла апавяшчэнне аўтаматычнай устаноўкі пажарнай сігналізацыі: “Увага! Увага! Пажарная небяспека! Просьба работнікаў і наведвальнікаў пакінуць памяшканне згодна з планам эвакуацыі”. І хоць ратавальнікі загадзя ведалі, што надзвычайная сітуацыя адбываецца ў межах плананавых вучэнняў, але дзейнічалі аператыўна і дакладна, быццам гэта адбывалася рэальна. Ратавальнікі адпрацоўвалі прафесійныя навыкі, а разам з імі трэніраваліся навучэнцы і настаўнікі. Пасля трывожнага паведамлення ўсе, хто знаходзіўся ў памяшканні, пакінулі яго без панікі і мітусні. Навучэнцы трымалі ў руках вучнёўскія дзённікі, настаўнікі — класныя журналы. Праз дзве хвiлiны ўсе вучні і работнікі школы выстраіліся на школьным стадыёне, дзе кожны настаўнік правёў пераклічку класа. Затым настаўнікі паведамілі дырэктару пра колькасць эвакуіраваных вучняў. Усе дзеянні выконваліся строга па інструкцыі, бо ад кожнага руху пры такіх абставінах у рэальнасці залежыць чалавечае жыццё. Члены добраахвотнай дружыны праверылі навучальную ўстанову і нават “знайшлі пацярпелага”. Эвакуацыя школы прайшла за кароткі тэрмін, а ў акце практычнай адпрацоўкі дзеянняў персаналу ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі старшы інспектар Мазырскага ГРАНС Ю.В.Васількоў адзначыў, што мерапрыемства адбылося без заўваг.
Планавыя вучэнні не займальнае мерапрыемства. Як дарослыя, так і дзеці сур’ёзна падышлі да эвакуацыі. Такія заняткі грамадзянскай абароны ў школе праходзяць рэгулярна.
Вольга Аляксееўна Хамутоўская, дырэктар сярэдняй школы № 9, паведаміла: “У нашай школе ўдзяляецца вялікая ўвага асновам бяспекі жыццядзейнасці навучэнцаў. Для гэтага распрацаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў. У межах курса мы знаёмім з правіламі жыццядзейнасці, гаворым пра тое, як трэба сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі”.
Вучэнні прайшлі пад кіраўніцтвам старшага інспектара Мазырскага ГРАНС маёра унутранай службы С.М.Наканечнага і старшага інспектара Мазырскага ГРАНС Ю.В.Васількова. С.М.Наканечны паведаміў: “Адпрацоўка планавай эвакуацыі — неад’емная частка вучэбнага працэсу. За час летніх канікул і педагогі, і дзеці, магчыма, забыліся пра некаторыя аспекты бяспекі, таму ў межах акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці” мы прыйшлі нагадаць ім пра гэта”.
Пасля заканчэння мерапрыемства вучні акружылі ратавальнікаў — завязалася жывая гутарка. Ратавальнікі ледзь паспявалі адказваць на пытанні старшакласнікаў, а навучэнцаў пачатковай школы, вядома, цікавіла тэхніка.
Можна сказаць, школа № 9 у гэты дзень здавала экзамен па бяспецы. Ратавальнікі паставілі ім выдатна.
Пасля насычанага і запамінальнага “жывога” ўрока па бяспецы школьнікі з настаўнікамі вярнуліся да вучэбнага працэсу.

Наталля КОЗЫРАВА.