Вучым і вучымся

Не так даўно выкладчыкі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі пабывалі ў гасцях у сваіх калег, дзе адбыўся метадычны семінар для педагогаў гімназіі імя Францыска Скарыны горада Вільнюса.

Трэба адзначыць, што з Вільнюскай гімназіяй у нас наладжана цеснае супрацоўніцтва, дамова аб якім падпісана ў 2007 годзе. У 2010 годзе вучні і настаўнікі гімназіі прымалі ўдзел у абласным конкурсе даследчых работ вучняў. Найбольшы інтарэс у нашых калег выклікала падрыхтоўка даследчых праектаў па беларускай мове, гісторыі, геаграфіі, працоўным навучанні. Педагогі гімназіі імя Францыска Скарыны актыўна дзеляцца вопытам сваёй работы на старонках інфармацыйна-метадычнага часопіса “Образование Минщины”.
У сакавіку 2014 года група педагогаў гімназіі выступіла ў ролі назіральнікаў на фестывалі даследчых работ дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Я — даследчык”. У цэнтры ўвагі літоўскіх калег былі крытэрыі ацэньвання даследчых работ дзяцей і спосабы іх прадстаўлення.
У рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж нашым інстытутам і гімназіяй адбыўся метадычны семінар для педагогаў гэтай установы, які правялі выкладчыкі кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Літоўскіх калег цікавілі такія тэмы, як інтэграцыя прадметаў гуманітарна-эстэтычнага цыкла, фарміраванне і апісанне перспектыўнага педагагічнага вопыту, магчымасці выкарыстання адукацыйных тэхналогій для развіцця творчых здольнасцей вучняў.
У час правядзення круглага стала “Прафесійныя кампетэнцыі педагога як фактар развіцця эфектыўнай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі” абмяркоўваліся актуальныя пытанні сучаснай педагагічнай навукі і практыкі ва ўмовах нацыянальнай школы Літвы: укараненне адукацыйных тэхналогій; арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці вучняў старшых класаў; абагульненне і распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту; арганізацыя метадычнай работы і інш. Акрамя гэтага, настаўнікі беларускай, рускай мовы і літаратуры, гісторыі, пачатковых класаў атрымалі кансультацыі па актуальных пытаннях выкладання вучэбных прадметаў.
Як адзначыла Дзіяна Стахновіч, выконваючая абавязкі дырэктара гімназіі, сістэма адукацыі ў навучальных установах Літвы характарызуецца сістэмным падыходам да навучання. У сучасным жыцці існуе патрэба ў вывучэнні прадметаў не асобна, а ў цэласнай карціне свету. Такі падыход дазваляе навучэнцам пасля заканчэння школы прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Таму ў беларускай гімназіі праблеме інтэграцыі вучэбных прадметаў у працэсе навучання надаецца вялікае значэнне.
Як адзначылі Г.А.Вінцукявічэне, настаўнік-метадыст геаграфіі, старшы настаўнік тэхналогіі, і С.А.Грышко, настаўнік-метадыст біялогіі, старшы настаўнік хіміі, у гімназіі ўжо шмат гадоў у рамках праектнай дзейнасці праводзяцца інтэграваныя праекты па хіміі, біялогіі, геаграфіі і тэхналогіі. Такая дзейнасць дазваляе зрабіць працэс навучання больш якасным і цікавым, разглядаць канкрэтную тэму вучэбнага курса ў кантэксце цэласнага ўспрымання свету, спрыяе развіццю крытычнага мыслення вучняў, фарміруе творчы падыход да працэсу навучання як у настаўнікаў, так і ў вучняў, актывізуе навыкі самастойнай работы.
У гімназіі даследчая дзейнасць у рамках міжпрадметных праектаў праводзіцца як на ўроках, так і ў пазаўрочны час. Метад праектаў накіраваны на вырашэнне праблемнага пытання: з аднога боку, ён прадугледжвае выкарыстанне разнастайных метадаў і сродкаў навучання, з другога — інтэграванне ведаў і ўменняў з розных галін навукі і тэхнікі. Вынікі такіх праектаў павінны мець практычнае прымяненне, а гэта спрыяе фарміраванню цікавасці ў вучняў.
Аб святах і традыцыях гімназіі нам расказала А.І.Базюк, настаўнік-метадыст, магістр педагагічных навук.
— Працягваючы традыцыі беларускай гімназіі, якая існавала ў Вільні з 1919 па 1944 год, кожны год 1 лютага мы святкуем Дзень гімназіі — дзень заснавання Віленскай беларускай гімназіі, а значыць, наш дзень нараджэння. На свята школа збірае сваіх цяперашніх і былых выпускнікоў. Урачыстая школьная зала напаўняецца чароўнай, хвалюючай мелодыяй, гучаць беларускія песні, словы віншаванняў, не змаўкаюць апладысменты. Ні адзін чалавек не застаецца абыякавым у гэты дзень. Нечаканым і вельмі кранальным з’яўляецца момант, калі лепшым вучням, пераможцам гарадскіх і міжнародных конкурсаў уручаюць граматы і прэміі імя Ю.Зімніцкага, — такім быў запавет славутага земляка.
21 лютага мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае свята асаблівае для нашай гімназіі, таму што, жывучы за мяжой, чуючы розныя мовы і размаўляючы на дзяржаўнай, вельмі хочацца захаваць сваю. У гэты дзень мы ладзім шмат розных мерапрыемстваў, прысвечаных адной з самых меладычных і прыгожых моў у свеце — роднай беларускай мове.
Адно з самых любімых свят навучэнцаў гімназіі імя Францыска Скарыны Вільнюса — Стадзёнка. Гэтае свята ладзіцца ў гонар дванаццацікласнікаў, калі ім застаецца сто дзён да заключных іспытаў. На лінейку кожны клас рыхтуе віншаванне з падарункамі, любімыя настаўнікі праводзяць займальныя ўрокі. У гэты дзень дванаццацікласнікі развітваюцца з дзяцінствам, гімназісты-пачаткоўцы кормяць іх маннай, але самае неверагоднае чакае будучых выпускнікоў вечарам: тры забаўляльныя праграмы, у тым ліку і ад настаўнікаў.
Цікава ў гімназіі праходзяць дні вучнёўскага і бацькоўскага самакіравання. Мы стараемся жыць адзінай дружнай сям’ёй, даём магчымасць вучням “паспытаць настаўніцкага хлеба”, а бацькам — зразумець нашу работу, падзяліцца вопытам сваёй любімай справы, прафесіі.
Нягледзячы на тое, што мы адзіная беларускамоўная школа ў Літве, у нас шмат сяброў. Сёлета ўдзельнічаем у Міжнародным праекце “Каменіус”, агульная мэта якога — развіццё сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў праз правядзенне адукацыйных і культурных мерапрыемстваў. Каштоўнасць праекта ў тым, што настаўнікі і вучні наведваюць розныя краіны, знаёмяцца з сістэмай адукацыі, дзеляцца вопытам, сябруюць. Восенню да нас прыязджалі госці з Грэцыі, Венгрыі, Партугаліі, Турцыі, Румыніі і Славакіі.
Мы з задавальненнем удзельнічаем у праектах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах даследчых работ, навагодне-калядных святах і экскурсіях, на якія нас гасцінна запрашаюць сябры з Беларусі — камітэт па адукацыі Мінска, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, сярэдняя школа № 48 Мінска, гімназія-каледж мастацтваў Мінска, сярэдняя школа № 2 Ашмян Гродзенскай вобласці і інш.
Наша гімназія ўжо даўно стала беларускім культурным цэнтрам у Літве, дзе праходзяць сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, музыкантамі, экспануюцца музейныя выставы. Мы шчаслівыя тым, што наша роднае слова гучыць на Віленшчыне, што “такія мы ёсць, беларусы!”.
Літоўскім калегам былі прэзентаваны асноўныя кірункі дзейнасці Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. У час сустрэчы з педагогамі абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння інстытута з гімназіяй імя Францыска Скарыны, далейшыя перспектывы і магчымасці супрацоўніцтва.
Па выніках візіту запланаваны сумесныя метадычныя мерапрыемствы з мэтай абмену вопытам педагогаў гімназіі і супрацоўнікаў інстытута; удзел вучняў гімназіі ў навукова-практычных мерапрыемствах, інтэлектуальных конкурсах; удзел педагогаў Літвы ў павышэнні кваліфікацыі і метадычных мерапрыемствах.
Удзельнікі круглага стала выказаліся за неабходнасць правядзення падобных метадычных семінараў, якія спрыяюць распаўсюджванню перспектыўнага педагагічнага вопыту, а сяброўства і ўзаемаабмен — узаемаразуменню і развіццю творчасці як настаўнікаў, так і вучняў.

Таццяна ПАЎЛЮЧЭНКА,
старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін
Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.