Вучань у ролі касца і менеджара

Вучням Вярэйкаўскай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска гэтае лета запомніцца надоўга. Яны правялі яго не толькі цікава і весела са сваімі аднакласнікамі, але і карысна: дапамаглі РСКУП “Ваўкавыскае” ў летніх палявых работах і ўнеслі ўклад у сямейны бюджэт.

Каб сумясціць карыснае з прыемным, узнікла ідэя стварэння лагера працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці вёскі Вярэйкі. “Працуй, май зносіны, развівайся і дакажы, што моладзь — гэта будучыня краіны” — такі дэвіз лагера быў выбраны недарма, бо 2015 год абвешчаны ў нашай краіне Годам моладзі. А сам лагер насіў назву “Моладзь АграСіці”.
Выхаваўчая мадэль была накіравана на прыцягненне ўвагі да магчымасці арганізацыі актыўнага і прадукцыйнага вольнага часу моладзі ў сельскай мясцовасці, папулярызацыю сельскага жыцця ў сучасных умовах. У першую палову дня ў лагеры арганізоўвалася працоўная дзейнасць. У другую палову — рэалізоўваўся праект “Будучыню Радзімы ствараць маладым”.Галоўнай ідэяй праекта было стварэнне маладзёжнага аграгарадка, дзе б сумяшчаліся традыцыі беларускага народа, без якіх няма будучыні, і сучасныя крэатыўныя ідэі, якія робяць жыццё ў сельскай мясцовасці ні чым не горшым, чым у горадзе. Для стварэння аграгарадка лагер часова ператварыўся ў кампанію “АграСіці”, у якой працавалі аддзелы. Работа кожнага з іх была накіравана на стварэнне інфраструктуры маладзёжнага аграгарадка (забаўляльны цэнтр, спартыўны комплекс, адукацыйны цэнтр, медыцынскі цэнтр). Кожны аддзел удзельнічаў у правядзенні тэматычных дзён. На працягу змены вучні ігралі сацыяльныя ролі (топ-менеджар, піяр-менеджар, мерчандайзер, маркетолаг і г.д.), аб’яднаныя адной ідэяй. Кіруючая роля аддавалася прэзідэнту кампаніі (дырэктар лагера), а выканаўчыя ролі былі ў топ-менеджараў аддзелаў.
Кожны дзень праходзілі трэнінгі, накіраваныя на актуалізацыю асобасных якасцей удзельнікаў праекта, якія дапамагаюць працаваць у камандзе. Абавязковым рэфлексіўным атрыбутам з’яўляўся штодзённы вячэрні савет, на якім кожны ўдзельнік мог прагаласаваць за аднаго чалавека, які, на яго думку, лепш за ўсё праявіў сябе ў дзённых выпрабаваннях.
Цікавым мерапрыемствам стала конкурсна-забаўляльная праграма “Уладар сяла” — камандная гульня паміж выхаванцамі лагера і камандай маладых жыхароў аграгарадка Вярэйкі. На свята, якое прайшло ў Дзень моладзі, запрасілі ўсіх жыхароў вёскі. Пры яго арганізацыі супрацоўнічалі з Вярэйкаўскім домам культуры, кіраўніцтвам РСКУП “Ваўкавыскае”, Вярэйкаўскім сельскім Саветам. Моладзь прадэманстравала свае ўменні ў выкананні сельскагаспадарчых работ — складванні сена, выкопванні бульбы, запраганні і распраганні коней. Але галоўнае — моладзь паказала, што ў вёсцы можна весела і цікава арганізаваць вольны час!
Хутка праляцела працоўная змена. Школьнікі атрымалі масу добрых уражанняў, новыя знаёмствы і ўменні і заробленыя грошы. У сярэднім кожны з іх атрымаў па 800 тысяч рублёў. Вялікі дзякуй за дапамогу ў арганізацыі лагера аддзелу адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама, адміністрацыі РСКУП “Ваўкавыскае”, а таксама асабіста загадчыку дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Наталлі Уладзіміраўне Шабат і ўсяму яе калектыву за прадастаўленне базы для размяшчэння лагера. А расставацца было сумна!

Ганна ТАЛОЧКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.