Вопыт патрэбны для таго, каб ім дзяліцца

У канцы снежня педагогі Слонімскага раённага ліцэя правялі для сваіх калег з гімназіі № 1 Свіслачы рэгіянальны семінар-практыкум па тэме “Дыстанцыйнае навучанне як сродак прафесійнай самарэалізацыі педагога і пашырэння яго адукацыйнай траекторыі”.

Мэтай семінара з’яўлялася трансляцыя вопыту ўкаранення дыстанцыйнага навучання і выкарыстання дыстанцыйных прадметных курсаў у прафесійнай дзейнасці педагогаў. Ліцэй другі год працуе ў статусе абласнога рэсурснага цэнтра “Укараненне дыстанцыйнага навучання ў адукацыйны працэс”. Стварэнне цэнтра з’явілася заканамерным вынікам трохгадовай работы на базе нашай установы рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі “Укараненне мадэлі дыстанцыйнага навучання для павышэння якасці адукацыі навучэнцаў і развіцця прафесійнай культуры педагога”. На момант заканчэння інавацыйнага праекта творчай групай педагогаў быў створаны практычны прадукт — інфармацыйны рэсурс — дыстанцыйная школа Слонімскага ліцэя (http://dshlyceum.grodno.by), які актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. А таксама педагогамі ліцэя быў назапашаны значны вопыт па выкарыстанні шырокага спектра інфармацыйных тэхналогій, арганізацыі самаадукацыі ў галіне дыстанцыйнага навучання і стварэнні дыстанцыйных прадметных курсаў.

У рамках работы абласнога рэсурснага цэнтра мы бачым сваёй задачай распаўсюджванне назапашанага вопыту сярод педагогаў вобласці праз арганізацыю семінараў, майстар-класаў, індывідуальных кансультацый і сеткавага ўзаемадзеяння. Снежаньскі семінар — яшчэ адзін крок у гэтым кірунку.
“Супрацоўніцтва, калі яно паспяхова рэалізуецца, валодае вялікім патэнцыялам. Яно можа таксама прывесці да стварэння глабальных адукацыйных супольнасцей” (Р.Рол). Выказваннем генеральнага сакратара Міжнароднага савета па дыстанцыйнай адукацыі адкрыла семінар дырэктар ліцэя Таццяна Міхайлаўна Казакевіч. У сваім прывітальным слове Таццяна Міхайлаўна канстатавала, што сучаснае грамадства імкнецца зрабіць працэс адукацыі як мага больш даступным. Як вынік, дыстанцыйнае навучанне становіцца вельмі актуальным.
Дыстанцыйная школа ліцэя — гэта калектыўны практыка-арыентаваны прадукт, які даказаў не толькі сваю жыццяздольнасць і запатрабаванасць у адукацыйнай прасторы ліцэя, але і дазволіў павысіць вучэбную матывацыю і якасць ведаў вучняў, задаволіць адукацыйныя запыты навучэнцаў і бацькоў у сферы дадатковай адукацыі, падняць на якасна новы ўзровень інфармацыйную кампетэнтнасць педагогаў, стварыць умовы для іх творчай самарэалізацыі.

Семінар меў практыка-арыентаваную накіраванасць і складаўся з двух этапаў. Падчас першага — тэарэтычнага — этапу ўдзельнікі азнаёміліся з метадалагічнымі асновамі тэхналогіі дыстанцыйнага навучання. У сваім выступленні “Дыстанцыйнае навучанне як сучасная адукацыйная тэхналогія” намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціна Дзям’янава расказала пра гісторыю ўзнікнення дыстанцыйнага навучання, прынцыпы дыстанцыйнага ўзаемадзеяння настаўніка і навучэнцаў. У ходзе інтэрактыўнага абмеркавання вартасцей тэхналогіі ўдзельнікі семінара прыйшлі да адназначнай высновы, што развіццё дыстанцыйнага асяроддзя навучання ва ўстанове адукацыі стымулюе кадры да прафесійнага росту. Кіраўнік рэсурснага цэнтра настаўніца матэматыкі Руслана Дэйка прадставіла абалонку для стварэння дыстанцыйных прадметных курсаў — Moodle (Мадулярнае аб’ектна-арыентаванае дынамічнае вучэбнае асяроддзе). Падрабязна спыніўшыся на магчымасцях гэтага асяроддзя (а гэта лекцыі, рознабаковыя тэсты, гласарый, блогі, форумы, магчымасць выкарыстоўваць у якасці “падручніка” інтэрактыўныя рэсурсы любога фармату ад артыкулаў Вікіпедыі да відэаролікаў на YouTube і інш.), Руслана Дэйка яшчэ раз падкрэсліла бясспрэчную перавагу гэтай вучэбнай сістэмы: яна дазваляе значна інтэнсіфікаваць працэс навучання — вучні развіваюць навыкі самаадукацыі і маюць магчымасць засвойваць матэрыял ва ўласным тэмпе, а паколькі Moodle стварае і захоўвае партфоліа кожнага вучня, то гэта дазваляе настаўніку кантраляваць актыўнасць навучэнцаў і якасць іх навучання.
Практычны этап пачаўся з выступлення настаўніцы фізікі Таццяны Ёрш. На прыкладзе свайго вучэбнага курса “Асновы тэрмадынамікі” яна падрабязна прадэманстравала, як працуюць розныя магчымасці абалонкі Moodle, і прапанавала ўдзельнікам семінара пад яе кіраўніцтвам стварыць невялікі вучэбны курс і запоўніць яго асобнымі матэрыяламі. Настаўніца англійскай мовы Святлана Шарстнёва, аўтар курса “Видовременные формы английского глагола”, вучыла складаць крыжаванкі і тэсты ў сістэме HotPotatoes і размяшчаць іх у вучэбным курсе. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца рускай мовы і літаратуры Аксана Каржавіна правяла навучанне ўдзельнікаў праз адзін з раздзелаў свайго курса “Орфография русского языка” і прадставіла курс “Алгоритмы русского языка”, якія створаны для падрыхтоўкі вучняў да здачы ЦТ. Настаўнік інфарматыкі Руслан Мішчанка правёў кансультацыю па тэхнічным суправаджэнні і абслугоўванні абалонкі.
Семінар завяршыўся індывідуальнымі кансультацыямі і дзейнаснай рэфлексіяй.

Сёння дыстанцыйная школа Слонімскага ліцэя — гэта брэнд нашай установы, які ў 2011 годзе атрымаў высокую ацэнку на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” — дыплом ІІ ступені. Школа складаецца з 17 прадметных курсаў, спецыяльнага курса для абітурыентаў, якія паступаюць у ліцэй, і адкрытых дыстанцыйных алімпіяд, якія штогод праводзяцца і шырока вядомы ў Гродзенскай вобласці. Мы адкрыты для супрацоўніцтва з любымі ўстановамі адукацыі, паколькі бачым у гэтым магчымасць яшчэ і яшчэ аналізаваць і ўдасканальваць сваю работу, а таксама правесці час у коле аднадумцаў.
“Толькі ў канцы работы мы звычайна даведваемся, з чаго трэба было пачынаць”, — сказаў французскі матэматык, фізік і філосаф Блэз Паскаль. Прайшоўшы вялікі шлях па засваенні тэхналогіі дыстанцыйнага навучання і стварэнні дыстанцыйных вучэбных курсаў у сябе ў ліцэі, мы хочам для зацікаўленых калег зрабіць пачатак гэтай работы лёгкім, цікавым, усвядомленым і таму актыўна і шчодра дзелімся сваім вопытам. На наш погляд, каб чаго-небудзь дасягнуць, трэба проста ісці ў кірунку да сваёй мэты, трэба проста нешта рабіць. Пачынаць можна з малога. І поспех абавязкова прыйдзе. Ці да поспеху прыйдзем мы.

Валянціна ДЗЯМ’ЯНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Слонімскага раённага ліцэя.