Віват, навука!

У гімназіі № 37 Мінска з мэтай папулярызацыі дасягненняў навукі, фарміравання ў вучняў цікавасці да навуковага пошуку прайшоў Дзень навукі. “Мода на інтэлект” — пад такім лозунгам былі арганізаваны ўсе мерапрыемствы гэтага дня.

Дзень пачаўся з займальнай пяціхвілінкі, калі навучэнцы старшых класаў у пачатку першага ўрока прадэманстравалі навучэнцам хімічныя і фізічныя доследы, змадэлявалі вывяржэнне вулкана і іншыя цікавыя прыродныя з’явы. Затым у актавую залу былі запрошаны вучні і педагогі на ўрачыстае адкрыццё Дня навукі.
“Першыя крокі ў навуку” — так назвалі свае праекты навучэнцы пачатковай школы. Яны адкрылі навуковую канферэнцыю ў рамках Дня навукі. Маленькія даследчыкі ўразілі сваёй эрудзіраванасцю, валоданнем матэрыялам, якасцю прэзентацый, навуковасцю работ, іх афармленнем.
З поўнай упэўненасцю ў тым, што адкрылі нешта новае і нязведанае, падышлі да абароны праектаў навучэнцы 5—7 класаў, заражаючы ўсіх сваім энтузіязмам. Нават невялікія даследчыя работы сталі натуральным выражэннем думкі вучняў, іх інтэлекту, актуальнасці праблемы, якая разглядалася. Асаблівай глыбінёй і даследчым характарам адрозніваліся наступныя работы: “Уплыў нацыянальнасці чалавека на яго знешнасць” (на англійскай мове) Яніны Макеевай, 5 “Б” клас; “Узаемасувязь беларускіх свят і пары года” (на англійскай мове) Дар’і Аргуновай, 5 “Б” клас ; “Чай піць — здаровым быць” Юрыя Галубіцкага, 5 “А” клас; “Якія прысмакі самыя карысныя” Уладзіслава Піёткі, 5 “В” клас; “Калядныя традыцыі народаў свету: падабенства і адрозненне” Таццяны Клішчэнка, 5 “А” клас; “Старадаўнія меры даўжыні” Антона Корбута, 5 “А” клас і інш.
Высокай ацэнкі вартыя работы, тэмы якіх звязаны з гісторыяй, культурай, традыцыямі роднай краіны. Да іх належыць даследаванне “Сем цудаў Беларусі” Вікторыі Налецкай з 7 “Б” класа. Любоў да роднага краю, укладзеная ў гэтую работу, — адна з праяў пачуцця патрыятызму.
Праца над даследаваннем прывівае смак да навуковай дзейнасці. З гэтай мэтай у гімназіі шырока прапагандуецца работа навуковага таварыства “Юны даследчык”, поспехі дзяцей у навучанні, іх перамогі ў алімпіядах і конкурсах. Удзел у такіх мерапрыемствах заўсёды з’яўляецца добрым стымулам для ўдасканалення ўласнай работы.
Наступным этапам Дня навукі, якога з нецярпеннем чакала ўся гімназія, стала інтэлектуальная гульня знаўцаў “Што? Дзе? Калі?”. Каманда навучэнцаў, пераможцаў раённых і гарадскіх алімпіяд і каманда педагогаў сустрэліся для таго, каб паказаць сваю эрудыцыю. Зала не магла змясціць усіх жадаючых. Многія пытанні былі падрыхтаваны ў выглядзе відэаролікаў, была і традыцыйная “чорная скрыня”. Трэба сказаць, што ў складанні заданняў была задзейнічана ўся гімназія: адміністрацыя, педагогі, работнікі сталовай. Пытанні адрозніваліся арыгінальнасцю, прымушалі ўдзельнікаў гульні і гледачоў думаць, спрачацца, прапаноўваць цікавыя варыянты адказаў.
З невялікай перавагай пераможцамі выйшлі педагогі. Але высокай ацэнкай была адзначана гульня навучэнцаў: аналітыка, эрудыцыя, нестандартнасць мыслення, інтэлект, культура — гэтыя якасці з гонарам за сваіх вучняў абмяркоўвалі педагогі, якія назіралі за гульнёй.
У той жа час сярод 5-х класаў праходзіла інтэлектуальная гульня “Разумнікі і разумніцы”, дзе тры каманды змагаліся за прыз і званне “Знаўцы”.
Дзень скончыўся, а каля фотастэнда “Віват, навука!” па выніках Дня навукі ўсё яшчэ гарэлі спрэчкі па пачутых адкрыццях і непакораных пытаннях.

Лідзія СЯРЭДЗІНА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 37.