Велікодны сувенір

Праект “Велікодны сувенір” у нашай школе доўгатэрміновы. Кожны год юныя ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Млын моды” і “Прыгажосць сваімі рукамі”, вырабляючы святочныя сувеніры, адкрываюць для сябе нешта новае і цікавае.

Дзеці ведаюць, што сімвалам галоўнага хрысціянскага свята з’яўляюцца пафарбаваныя яйкі, а галоўнае ўпрыгажэнне велікоднага стала — кулічы. Выпяканне куліча і яго з’яўленне на святочным стале — даўняя традыцыя, якую продкі збераглі да нашых дзён. Напрыклад, кожная гаспадыня стараецца, каб куліч быў высокі, таму што ў вясенні час Вялікадня ўсё ў прыродзе ажывае і цягнецца ўгору. Лічыцца, чым вышэйшы будзе куліч, тым больш удалым і багатым будзе год для сялян.

Вывучыўшы народныя традыцыі, нашы вучні зрабілі свае велікодныя кулічы, як і яйкі, з пап’е-машэ. Работа прынесла ўсім вялікую радасць. Малодшым удзельнікам аб’яднанняў актыўна дапамагалі шасцікласніцы Каця Ціханава, Валерыя Гаручка, Ангеліна Іўліева. Вырабы дзяўчынкі ўпрыгожылі на свой густ. Пасля арганізавалі выставу кулічоў. Перад святам для вучняў 5 класа правялі круглы стол “Вялікдзень”, дзе нашы вырабы былі вельмі актуальнымі.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
настаўніца абслуговай працы
Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.
Фота аўтара.