Вела-Атама-Ход

Некалькі гадоў назад пры музеі Насовіцкай сярэдняй школы па ініцыятыве вядомага ў Добрушскім раёне педагога кіраўніка клуба “Дзядулі” Аляксандра Дзям’янавіча Ражкова была адкрыта экспазіцыя “Набат Чарнобыля, гучы мацней”, устаноўлены памятны знак ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Кожны год тут праводзіліся мітынгі, ладзіліся сустрэчы з ліквідатарамі аварыі, перасяленцамі. Пакінуў чалавек пасля сябе добрую справу. Нягледзячы на тое, што клуб “Дзядулі” распаўся, ідэі ветэранаў працягваюць жыццё пры Насовіцкай школе.

Да 25-й гадавіны аварыі на ЧАЭС савет школьнага музея вырашыў правесці велапрабег па адселеных вёсках. Прапанавалі сваю задуму расійскім сябрам з Навазыбкава. Тыя ідэю падтрымалі, падключыліся да распрацоўкі маршруту. Велапрабег праходзіў па Навазыбкаўскім (Расія), Добрушскім, Веткаўскім раёнах (Беларусь). За тры дні вучні пераадолелі 180 кіламетраў, на свае вочы ўбачылі наступствы аварыі, занатоўвалі горкія ўспаміны тых, хто застаўся жыць на забруджанай тэрыторыі, сустракаліся з ліквідатарамі і перасяленцамі. Была дамоўленасць праводзіць такія велапрабегі традыцыйна напярэдадні чорнай даты. Да велаэкспедыцыі “Атама-Ход — 2012, 2013” падключыліся новыя каманды з Добрушскага раёна, у прыватнасці з Нівак, а таксама з Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага і расійскіх Навазыбкаўскага, Злынкаўскага раёнаў.
“Атама-Ход — 2014”, як і ў папярэднія гады, ахапіў тэрыторыі некалькіх сумежных раёнаў Беларусі і Расіі. Да яго ўдзельнікаў падключыліся навучэнцы Навазыбкаўскага медыцынскага каледжа, навазыбкаўскія валанцёры, камунараўцы з Буда-Кашалёва, дабрушане. Старт быў дадзены ў Навазыбкаве каля помніка смуткуючай маці. З прывітальным словам да ўдзельнікаў велапрабегу звярнуліся галоўны спецыяліст па маладзёжнай палітыцы, фізкультуры і спорце Яўген Дзюкараў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Навазыбкаўскага раёна начальнік раённага аддзела адукацыі Ю.В.Пушная.

Пасля абмену сувенірамі калона веласіпедыстаў накіравалася ў бок Крыўца, па дарозе мы завіталі да даўніх сяброў — у Замішаўскую школу. Далейшы кірунак маршруту праходзіў праз вёскі Белы Калодзеж, Каташын, Крывец. Неспрыяльныя ўмовы надвор’я — моцны вецер, слупы пылу (менавіта такое надвор’е было 26 красавіка 1985 года) — часам складаныя адрэзкі шляху (водныя перашкоды, зарослыя лясныя сцяжынкі) патрабавалі ад удзельнікаў велапрабегу не толькі фізічнай загартоўкі і вынослівасці, але і выпрабоўвалі іх маральныя якасці. Да таго ж вялізнай калоне веласіпедыстаў (з абодвух бакоў налічвалася амаль сотня ўдзельнікаў) даводзілася часам спыняцца для рамонту веласіпедаў або для добраўпарадкавання помнікаў.
Складана перадаць уражанні навучэнцаў ад першага дня “Атама-Хода — 2014”. Адзічэлыя сады, палеткі, зарослыя пустазеллем, разбураныя дамы, школы. Толькі лес супакойваў шчабятаннем птушак ды аксамітнай прываблівай зелянінай. Пасля адпачынку ўдзельнікам веламарафону была прыпанавана конкурсная праграма: “Тапаграфія і краязнаўства”, “Турталенты”. На другі дзень неабходна было пераадолець звыш 80 кіламетраў. Нягледзячы на стомленасць, вечарам каманды прынялі ўдзел у культурна-забаўляльнай праграме. 26 красавіка прайшоў мітынг у вёсцы Насовічы і вяртанне расіян дадому.
Думаю, аспрэчваць значнасць такіх мерапрыемстваў не прыходзіцца. Выхаванне патрыятызму, высокіх маральных якасцей і фізічнай загартоўкі відавочнае. Прыемна, калі цябе разумеюць і падтрымліваюць. Вучням патрэбны такія мерапрыемствы. Падчас іх дзеці імкнуцца ўбачыць і адчуць той боль, які зведалі мы падчас чарнобыльскай трагедыі.

Віктар СЕРПІКАЎ,
педагог дадатковай адукацыі Насовіцкай сярэдняй школы.