Вакол свету ў інтэрнэце

Месяц захапляльнай барацьбы, 14 незабыўных цікавых тураў па розных краінах і кантынентах нашай планеты — усё гэта новая, арыгінальная, захапляльная і пазнавальная інтэрнэт-гульня для школьнікаў “Вялікія гонкі — 2014”.

Асноўнымі мэтамі і задачамі гульні з’яўляюцца развіццё ў навучэнцаў творчых здольнасцей, раскрыццё інтэлектуальнага патэнцыялу, падтрыманне ўстойлівай цікавасці да адукацыйных прадметаў, прывіццё навыкаў у зносінах з камп’ютарам, выяўленне новых талентаў.
Стамбул — Рым — Берлін — Парыж — Лондан — Каір — Кейптаўн — Рыа-дэ-Жанэйра — Нью-Ёрк — Токіа — Сеул — Шанхай — Калькута — Мельбурн — такі маршрут падарожжа каманд “Спадчына”, “Дзеці новага пакалення” і “Негарадская моладзь” Ходасаўскай сярэдняй школы.
На працягу месяца яны ажыццявілі віртуальнае падарожжа вакол Зямлі, пабывалі на ўсіх шасці кантынентах планеты. Падчас падарожжа ўдзельнікі павінны былі прадэманстраваць веды, звязаныя з гісторыяй, культурай, побытам, звычаямі, традыцыямі, славутасцямі, нацыянальным адзеннем і самабытнай кухняй Турцыі, Італіі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Егіпта, ПАР, Бразіліі, ЗША, Японіі, Паўднёвай Карэі, Кітая, Індыі і Аўстраліі.
Не менш цікавая і геаграфія ўдзельнікаў “Вялікіх гонак”. Масква і Санкт-Пецярбург, Астрахань і Паўднёва-Сахалінск, Дагестан і Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга, Днепрапятроўск і Вінніца, Горлаўка і Сімферопаль, Мінск і Маладзечна, Бабруйск і Касцюковічы, Алматы і Караганда, Усць-Каменагорск і Жанаазен, Талін і Тарту. Усяго ў кожнай узроставай групе змагалася больш за 70 каманд з розных навучальных устаноў Расіі, Украіны, Беларусі, Казахстана і Эстоніі. Літаральна са старту нашы каманды ўпэўнена захапілі лідарства ў сваіх узроставых групах і не ўступілі яго да апошняга тура. Дапамагаў дзецям пракладваць маршрут незаменны штурман розных інтэрнэт-конкурсаў і алімпіяд, настаўнік інфарматыкі Аляксандр Уладзіміравіч Сямёнаў.
Гульня дазволіла ўдзельнікам значна пашырыць кругагляд, прымяніць уласныя веды, эрудыцыю і лагічнае мысленне ў нестандартнай сітуацыі, выпрацаваць уменні працаваць у камандзе ва ўмовах абмежаванага часу.
Вось імёны пераможцаў “Вялікіх гонак”: Вольга Іванова, Насця Рудкоўская, Паліна Зылева, Вераніка Вайціхоўская — каманда “Спадчына”; Валерыя Вікенцьева, Дзіяна Крупская, Вадзім Налівайка, Марыя Зямцова — каманда “Дзеці новага пакалення”; Дзмітрый Тушканаў, Мікіта Магедаў, Дзяніс Курыленка, Андрэй Рыжанкоў — каманда “Негарадская моладзь”.
Але на гэтым гонкі не заканчваюцца. У ліпені ў Сочы плануецца правядзенне Міжнароднай інтэлектуальнай гульні “Вялікія гонкі” з удзелам найлепшых каманд з блізкага і далёкага замежжа, куды атрымала запрашэнне і каманда нашай школы.

Тарэса СЯМЁНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.