Уваравіцкаму цэнтру дзіцячай творчасці — 55!

Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна адзначыў свой юбілей. 55 гадоў у гісторыі ўстановы адзначаны пастаяннымі пошукамі новых шляхоў развіцця творчых здольнасцей дзяцей, удасканаленнем дзейнасці па выхаванні падрастаючага пакалення. У цэнтра склаліся выдатныя традыцыі фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, захавання нацыянальнага каларыту і высокай культуры навучэнцаў.

За ўжо больш чым паўвекавую гісторыю цэнтр дасягнуў немалых вышынь, яго ведаюць не толькі на раённым, абласным, рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні. Сёння ў цэнтры дзейнічае амаль 60 аб’яднанняў па інтарэсах, якія аб’ядноўваюць 23 педагогі і больш за 500 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту. Цэнтр дзіцячай творчасці — гэта народная студыя “Чараўніцы”, узорны ансамбль танца “Мілавіца”, школа ранняга развіцця “Вырастай-ка”, праекты другаснай занятасці, раённы савет старшакласнікаў, летні аздараўленчы лагер “Горад майстроў”, выставы навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, аб’яднанні па інтарэсах мастацкага, эколага-біялагічнага, тэхнічнага, спартыўнага, турыстычна-краязнаўчага і іншых напрамкаў, а таксама шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў.
Падзячны ліст за высокі прафесіяналізм, стварэнне ўмоў для развіцця творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення, за дасягнутыя поспехі і ў сувязі з 55-годдзем з дня заснавання ўстановы на адрас цэнтра накіраваў аддзел адукацыі, спорту і турызму Буда-Кашалёўскага райвыканкама. Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама за плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення ўзнагароджаны дырэктар цэнтра Ірына Зыблева і педагог дадатковай адукацыі Святлана Крыкун.
У якасці музычных падарункаў прагучалі песні, былі выкананы танцавальныя нумары ад навучэнцаў, педагогаў, выпускнікоў Цэнтра дзіцячай творчасці, гасцей святочнага мерапрыемства.

Ірына КАМАРОВА,
метадыст Уваравіцкага ЦДТ.