Усім ліцэем — на прыроду

Здаровы лад жыцця?“Калі ласка, — скажуць вам навучэнцы Рэчыцкага раённага ліцэя, — запрашаем вас у паход!”

Паход выхаднога дня — гэта магчымасць на дзень вырвацца са штодзённых спраў і клопатаў, пабываць на прыродзе, пагутарыць з сябрамі і сустрэць новых знаёмых, паказаць свае ўменні ў спорце, актыўна адпачыць. У Рэчыцкім раённым ліцэі паход выхаднога дня — гэта добрая традыцыя, якой ужо 6 гадоў! А ў гэтым годзе наш паход быў прымеркаваны да Тыдня спорту і здароўя, старт якому быў дадзены 7 верасня ў Мінску.

Больш за 300 чалавек — педагогі, ліцэісты, бацькі, малодшыя браты і сёстры, бабулі і дзядулі, выпускнікі — адправіліся да маляўнічай паляны на беразе ракі Ведрычы.
Пасля прыбыцця адразу прыступілі да добраўпарадкавання лагера. Месца адпачынку для свайго класа-каманды павінна было быць арганізавана па ўсіх турыстычных правілах: акуратна, кампактна, у адпаведнасці з усімі нормамі бяспекі і разам з тым прыгожа і камфартабельна. Хлопцы і дзяўчаты чысцілі месца стаянкі, упрыгожвалі шарамі, плакатамі, кветкамі, шышкамі, устанаўлівалі палаткі, выбудоўвалі агароджу. Вельмі стараліся, бо ацэньваліся як правільная разбіўка лагера, так і арыгінальнасць афармлення. У камандзе “24 элементы” пыхкаў самы сапраўдны самавар 1898 года, а ў яркім амерыканскім антуражы каманды “Галівуд” былі размешчаны фатаграфіі ўсіх членаў каманды, гумарыстычны калаж са сваіх фатаграфій выканалі каманды “20 на 2” і “Прынцэскі”, у каманды “Новае пакаленне” — сапраўдная паляўнічая стаянка з закураным кацялком і вязкай дроў, у каманды “Да-Кідс” ярка-жоўтыя сланечнікі арганічна ўпісаліся ў “інтэр’ер” бівака, каманда “Суткі” стварыла выдатны эколага-восеньскі нацюрморт, каманда “Капітошкі” вылучалася сваімі арыгінальнымі галаўнымі ўборамі, выкананымі з падручных матэрыялаў, каманда “β-team” выклала з шышак сваю назву. Дырэктар ліцэя І.Я.Петкун выступіла з пажаданнямі спартыўных поспехаў. Прагучалі крэатыўныя прывітанні ад каманд. І пачаліся спаборніцтвы на турыстычнай паласе, мабыць, аднаго з самых важных выпрабаванняў у паходзе. Дзецям трэба было пераадолець бар’еры, пераскочыць уяўныя перашкоды на канаце, прайсці па бервяне, прапаўзці, не трапіўшы ў “пастку”, папасці мячом у цэль.Гэтак жа каманды спаборнічалі ў гульні “Дартс”, адказвалі на пытанні віктарыны “Усё аб спорце” і г.д. І ўсё гэта трэба было зрабіць выразна, зладжана, хутка і не атрымаць штрафных балаў.
Наступным выпрабаваннем стала ўстаноўка палаткі. Вось дзе мы назіралі сапраўдную камандную гульню! Свае ўменні паказалі не толькі навучэнцы ліцэя, але і каманды педагогаў і бацькоў.
Спрыту, шпаркасці, згуртаванасці запатрабаваў і наступны спартыўны конкурс “Скачкі на вялікай скакалцы”. Як гэта выдатна, калі клас у поўным складзе скача спрытна, дакладна і зладжана!
Да конкурсу “Імперыя смаку” каманды падрыхтавалі сапраўдныя (вельмі смачныя!!!) паходныя стравы, прадставіўшы іх у арыгінальнай вершаванай форме, што і з’явілася вызначальным фактарам у ацэньванні.
У перацягванні каната спаборнічалі і юныя турысты, і бацькі, і настаўнікі. На пляцоўцы панаваў азарт сапраўднага спартыўнага саперніцтва, адчувалася воля да перамогі. Конкурс турыстычнай песні стаў творчым завяршэннем паходу. Пад акампанемент гітар юнакі і дзяўчаты выконвалі як усім вядомыя турыстычныя, бардаўскія песні, так і ўласныя песні пра жыццё ў ліцэі. Падпявалі навучэнцам педагогі і бацькі. Заключным акордам стала выкананне камандай выпускнікоў гімна Ліцэйскай Рэспублікі, які падхапілі ўсе прысутныя.
Аб поспеху паходу сведчаць водгукі навучэнцаў, бацькоў, педагогаў.
“Уражанняў маса. Мы ўжо трэці год у паходзе, і з кожным разам ён усё лепшы, паход становіцца больш масавым, усё больш бацькоў прымае ў ім удзел. Дзеці — малайцы, на такім энтузіязме, на такім узроўні ўсё гэта мерапрыемства праходзіць”. (Н.І.Ярмоліна, урач-фтызіятр, мама навучэнца 11 “В” класа.)
“Я ў захапленні, цудоўна! Мне вельмі ўсё падабаецца. Настолькі ўсё гэта разам, дружна. І бацькі, і дзеці, і настаўнікі. Маса ўражанняў!” (Я.А.Дзяківа, эканаміст, мама навучэнца 11 “В” класа.) “У ліцэйскім паходзе ўсе разам: дзеці, бацькі, настаўнікі. Паход аб’ядноўвае, стымулюе на зносіны. Паход усіх зблізіў, пазнаёміў, усе пасябравалі. Хто адзін раз тут пабываў, наступны раз ужо дакладна не прапусціць”. (М.В.Стальмашок, інжынер-тэхнолаг, мама навучэнкі і ўсе бацькі 10 “А” класа).
“Мы правялі незабыўныя гадзіны ў сяброўскай атмасферы. Гэта дапамагло пазнаёміцца нам бліжэй і з’яднаць ліцэйскую каманду. Гэта быў наш апошні паход, таму гэтая падзея асабліва значная для нас. Вельмі шкада развітвацца з ліцэем у гэтым годзе, будзем спадзявацца, што ў наступным мы вернемся, але ўжо ў якасці выпускнікоў. (Алёна Бесман, Дзіяна Гулай, Юлія Клепікава, Кацярына Селюжыцкая, навучэнкі 11 “А” класа.) “Мне вельмі спадабаўся паход. Было весела і душэўна. Нават нягледзячы на тое, што гэта было каманднае спаборніцтва і кожны клас змагаўся сам за сябе, мы ўсё роўна ўсе разам мелі зносіны, спявалі, гулялі ў валейбол, удзельнічалі ў спаборніцтвах. Дзякуючы паходу, мы адарваліся ад камп’ютараў, падыхалі свежым паветрам і паўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. (Хрысціна Яўцішанкова, навучэнка 10 “В” класа.)
“Першы раз на такім мерапрыемстве. Не чакала, што ўсё будзе настолькі цікава і пазітыўна. Мне як псіхолагу гэты паход дапамог пазнаёміцца з дзецьмі і іх бацькамі. (Л.С.Мацюшэнка, педагог-псіхолаг.)
“Паход усім спадабаўся. Аб’яднанне дзяцей, бацькоў, педагогаў, сумесны ўдзел у конкурсах — для ўсіх знайшлася справа. Хтосьці маляваў, нехта бегаў, хтосьці скакаў на скакалцы, іншыя гулялі ў розныя гульні — усе былі занятыя. Самае вялікае ўражанне было ад конкурсу турыстычнай песні, які паказаў, якія таленавітыя ў нас дзеці. (Л.С.Арыстава, класны кіраўнік 10 “В” класа.) Хацелася б падзякаваць арганізатарам паходу — калектыву Рэчыцкага раённага ліцэя, бацькам, якія актыўна прымаюць удзел у жыцці ліцэя, за выдатнае мерапрыемства, якое дало магчымасць раскрыцца, зблізіцца, пасябраваць і адчуць сябе ў вялікай і дружнай ліцэйскай сям’і. (Марыя Крапіўка, педагог-арганізатар.)

Эла КУЧАР,
намеснік дырэктара Рэчыцкага раённага ліцэя.