Усе дарогі вядуць да Настаўніка

З дзяцінства нам кажуць: настаўніцтва — прэстыжная прафесія, адна з самых важных у свеце. Бясспрэчная ісціна. У Беларусі настаўнікамі становяцца па закліку сэрца. Пацвярджае гэта прыклад тых, хто большую частку свайго жыцця аддаў школе і дзецям.

У кожнай школе прыход новага настаўніка выклікае фурор: школьнікі абмяркоўваюць “навічка” з усіх бакоў. Але мала каму прыходзіць у галаву больш даведацца пра тых настаўнікаў, якія ўжо даўно прысвяцілі сябе прафесіі і на працягу многіх гадоў дораць вучням свае веды. Кагосьці ўразяць лічбы: 37 гадоў педагагічнага стажу, 25 з якіх — у адной установе адукацыі. Але Наталля Феадосьеўна Прыгароўская, настаўніца 39-й мінскай гімназіі, не будзе засяроджваць на гэтым увагі. Для яе большая падстава для гонару, калі выпускнікі, збіраючыся ста ць перакладчыкамі, здаюць у якасці іспыту на выбар свой любімы прадмет — хімію. Так у знешне строгай Наталлі Феадосьеўны праяўляецца яе рамантычная натура: быў час, калі і яна абрала хімію дзякуючы настаўніцы, і засталася з гэтым складаным і займальным прадметам назаўжды. Рамантыкам нашу гераіню можна назваць і таму, што і ў сённяшні прагматычны час яна з трапятаннем ставіцца да дзяцінства, а ўсіх дзяцей называе чыстымі, добрымі і бескарыслівымі: “Іх эмоцыі заўсёды зараджаюць станоўчай энергіяй, дзеля гэтага і варта хадзіць у гімназію”.
Усе ведаюць яе як настаўніка хіміі, але калісьці з-за недахопу настаўнікаў матэматыкі Наталля Феадосьеўна цэлую чвэр ць выкладала і гэты прадмет. Невыпадкова: яшчэ за школьнай партай яна вылучала матэматыку сярод іншых навук і ставіла яе ў адзін шэраг з любімымі хіміяй, біялогіяй і грамадазнаўствам. Але ў атэстаце будучага педагога было некалькі “чацвёрак”, адна — па фізіцы, таму і сёння сваім вучням выкладчык пакідае права на памылку.
Калі яна ўпершыню ўвайшла ў клас, акрамя думак пра тое, як зацікавіць вучняў, было моцнае хваляванне. І нават няёмкасць: некаторыя школьнікі былі не на шмат мала-дзейшымі за нявопытную настаўніцу, а некаторыя — нават і выглядалі больш самавіта. Цяпер Наталля Феадосьеўна — майстар сваёй справы, упэўнены педагог. Імёны яе вучняў няцяжка знайсці сярод пераможцаў вучэбных алімпіяд па хіміі розных узроўняў.
За насычаную працоўную біяграфію Наталлі Феадосьеўне давялося пабыць і завучам, і класным кіраўніком: яе энергічнасць, арганізатарскі і педагагічны талент адзначаюць удзячныя вучні, калегі і адміністрацыя гімназіі. Беларускай адукацыі пашанцавала, што настаўніца не аддала ў свой час перавагу псіхалогіі ці медыцыне, хаця блізкія прадракалі ёй поспех і ў гэтых прафесіях.
Дарэчы, навучэнцам гімназіі будзе цікава даведацца пра настаўніка-чалавека, у якога ёсць свае захапленні. Напэўна, і без таго папулярная выкладчыца здабудзе новых прыхільнікаў, калі раскажа пра сваю любімую музыку — творчасць легендарных The Beatles і Queen, мелодыі знакамітага амерыканскага саксафаніста Кэні Джы. Як сапраўдны натураліст Наталля Феадосьеўна лічыць, што ў прыроды няма дрэннага сезона ці надвор’я. Ці не гэта сакрэт неверагоднай жыццярадаснасці педагога? Аматарам чытання раім абмеркаваць з настаўніцай кнігі “Прыгоды капітана Блада” і “Сабачае сэрца”, а на першага верасня абавязкова пацешце яе букетам белых лілей.

Настасся КРАЎЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 39 Мінска.