Урок — факультатыў: забяспечыць тэхналагічную пераемнасць

З адукацыйнага пункту погляду вельмі важна, каб настаўнік ведаў, як і ў якім аб’ёме вучні засвоілі вучэбны матэрыял. Без зваротнай сувязі нельга дасягнуць поспеху ў педагогіцы.

Дыдактычныя мнагамерныя інструменты схематызуюць аб’екты і з’явы, якія вывучаюцца на ўроках. Выкарыстанне гэтых інструментаў забяспечвае актыўную пазнавальную дзейнасць вучняў і індывідуальны падыход да кожнага з іх. Акрамя таго, інструменты з’яўляюцца для дзяцей своеасаблівай шпаргалкай, якая дазваляе засвойваць, памятаць і ўзнаўляць асноўны вучэбны матэрыял.
ДМІ можна выкарыстоўваць па-рознаму: для вядзення запісаў падчас праслухоўвання лекцый і дакладаў на канферэнцыях, самастойнай праверкі перад экзаменам, планавання вучэбных заняткаў, іх правядзення і аналізу. Прымяненне ДМІ дазваляе ўзбуйніць уяўленні вучняў пры засваенні значнага аб’ёму інфармацыі. Так, логіка-сэнсавыя мадэлі з’яўляюцца добрым сродкам для прадукцыйнай дзейнасці вучняў падчас выканання дамашніх заданняў.
Даволі цяжка падабраць факультатыў, цалкам сінхранізаваны з праграмай асноўнага курса біялогіі, таму вялікую ўвагу ў рабоце ўдзяляю тэхналагічнай пераемнасці і развіццю кампетэнцый вучняў.
У класах, дзе я працую, усе дзеці ўмеюць карыстацца мнагамернымі дыдактычнымі інструментамі. Так, у 11 класе пры засваенні новага матэрыялу (тлумачэнне і замацаванне) паспяхова прымяняюцца карты памяці і логіка-сэнсавыя мадэлі. У класах філалагічнага профілю многія вучні звяртаюцца да карт памяці пры праверцы дамашняга задання. Пры вывучэнні тэмы “Экалагічныя асяроддзі” адзінаццацікласнікі ствараюць адукацыйныя праекты, кожны з якіх прадстаўлены прэзентацыяй, логіка-сэнсавай мадэллю, тэматычнымі тэстамі і картай памяці. Усе праекты выкананы ў электронным варыянце, запісаны на дыск і папяровы носьбіт. Гэта дазваляе выкарыстоўваць назапашаны матэрыял для падрыхтоўкі да экзаменаў. Трэба адзначыць, што падчас абароны праектаў вучні паказалі добрае валоданне матэрыялам, у прыватнасці, біялагічнай тэрміналогіяй, і выдатна пастаўленае маўленне.
Шырока выкарыстоўваю логіка-сэнсавыя мадэлі для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, бо адзінаццацікласнікам неабходна ў сціслы тэрмін паўтарыць вялікую колькасць матэрыялу. Навучыўшыся на ўроках складаць ЛСМ, дзеці прымяняюць іх для паўтарэння цэлых блокаў інфармацыі на факультатыўных занятках. А ўменні і навыкі, набытыя на іх, паспяхова выкарыстоўваюцца пры вывучэнні новага матэрыялу на ўроках.
Тэхналагічная пераемнасць у адукацыйнай сістэме “ўрок — факультатыў” садзейнічае актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. У дзяцей развіваецца сістэмнае мысленне, выпрацоўваюцца ўменні сістэматызаваць матэрыял дзякуючы засваенню прыёмаў перапрацоўкі інфармацыі непасрэдна падчас першаснага ўспрымання. Наглядны паказ ведаў у згорнутай форме развівае памяць і дазваляе ажыццяўляць аператыўны кантроль за засваеннем неабходнай інфармацыі.
Карты памяці і ЛСМ спрашчаюць планаванне, падрыхтоўку і правядзенне ўрокаў і факультатыўных заняткаў, бо алгарытмізуюць дзейнасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, асэнсаванне і абагульненне вялікага аб’ёму інфармацыі.

Галіна СІМАНАВА,
настаўніца біялогіі гімназіі Лунінца.