Удзельнічаць і перамагаць!

Вопыт паказвае, што прафесійныя конкурсы неабходны, бо гэта рост майстэрства педагогаў і кагнітыўнага ўзроўню нашых супрацоўнікаў. Педагагічная прафесія добрая тым, што мы ў пастаянным пошуку цікавага, новага, запатрабаванага.

Бесперапынна, штодня педагогі павінны павышаць свой прафесіяналізм, шукаць і распрацоўваць новыя падыходы да навучання. Такая форма работы, як конкурсы, фарміруе ўнутранае імкненне педагога да прафесійнага, асобаснага росту. Яны не даюць прывыкнуць да штодзённасці і становяцца захапляльным калектыўным працэсам пазнання. Тут рэалізоўваецца сваё прафесійнае “Я”, расце ўзровень прафесіяналізму ў педагагічным калектыве, адбываецца вывучэнне сябе як асобы праз пошук сваіх талентаў, фарміруецца ўменне ацаніць свой педагагічны вопыт і дзейнасць іншых майстроў-педагогаў.


Галоўнай задачай адукацыі на сёння з’яўляецца павышэнне канчатковага выніку педагагічнай дзейнасці ў кожнай установе адукацыі. Менавіта таму з кожным годам у адукацыйныя працэсы ўкараняюць інавацыйныя тэхналогіі і сучасныя сродкі навучання, імкнучыся павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі, распаўсюдзіць лепшы вопыт. Менавіта падчас падрыхтоўкі да конкурсу выяўляюцца творчыя здольнасці, новыя нестандартныя думкі, ідэі, унутраны патэнцыял чалавека развіваецца хутчэй, а гэта спрыяе развіццю асобы ў цэлым. У сучаснай адукацыі актуальныя праблемы — як зацікавіць маладых педагогаў праявіць цікавасць, актыўнасць, пачуццё абавязку, рэалізаваць у жыцці сябе як асобу ў педагагічнай дзейнасці. Конкурсы могуць стаць штуршком для вырашэння гэтых праблем.

Не трэба забываць, што конкурсы — гэта зносіны, абмен вопытам, ведамі, ідэямі, мэтамі паміж педагогамі, арганізатарамі на прафесійным узроўні.

Да таго ж, рыхтуючы матэрыялы да конкурсу, педагог выпрацоўвае ў сябе навыкі афармлення конкурсных работ, распрацоўкі аўтарскіх праграм, навуковых дакладаў. З’яўляецца цікавасць да даследчай дзейнасці. Адбываецца знаёмства з новымі тэхналогіямі і апрабаванне іх на практыцы, засваенне камп’ютарных праграм, неабходных для прэзентацыі дзейнасці, абагульнення вопыту і г.д. Адпрацоўваюцца навыкі напісання эсэ, аналізу дзейнасці і інш. Зразумела, што плюсоў больш, чым мінусаў: конкурсы ў адпаведнасці з тэрмінамі праходзяць, а напрацаваны патэнцыял, скачок у развіцці застаецца. Уцягнуўшыся ў конкурсны рух, калектыў і яго кіраўнік шукаюць новыя шляхі, прыходзяць да творчасці, дапытлівы розум рэдка можа спыніцца.

Так, загадчык ясляў-сада № 101 Гомеля Надзея Егіязарава ўмела накіроўвае творчую энергію калектыву, прапаноўваючы педагогам удзел у розных конкурсах.

Мяркуйце самі: невялікі калектыў шасцігрупавай дашкольнай установы на працягу навучальнага года тройчы паспяхова ўдзельнічаў і перамагаў у розных конкурсах, напрыклад, Рэспубліканскім конкурсе школьных праектаў аб энергаэфектыўнасці (дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Педагагічная распрацоўка”; намеснік загадчыка В.Р.Ятчанка); атрымаў дыплом гэтага ж конкурсу за калектыўную работу выхаванцаў у намінацыі “Інфармаванне грамадства, прапаганда энергаэфектыўнасці. Прэзентацыя”, сертыфікат удзельніка рэспубліканскага семінара “Навукова-метадычнае суправаджэнне і актуальныя праблемы алімпійскай адукацыі” і інш.

Памятайце: дарогу адолее той, хто ідзе!

Людміла БЫСТРОВА,
метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама.