Удалая знаходка — сямейны клуб

Праблема ўзаемадзеяння дзіцячага сада з сям’ёй заўсёды была актуальнай, а ў цяперашні час, са зменай рытму жыцця, яна набыла асаблівы сэнс. Сучасным бацькам прыходзіцца нялёгка з-за сваёй занятасці і недахопу часу. Многія маладыя сем’і, нягледзячы на шырокую прапаганду дашкольнай адукацыі, не маюць дастатковага ўяўлення аб знаходжанні дзіцяці ў дзіцячым садзе, аб умовах выхавання і навучання там. Для развіцця адказных і ўзаемазалежных адносін установы з сем’ямі выхаванцаў, якія забяспечаць цэласнае развіццё асобы дзіцяці, павышэнне кампетэнтнасці бацькоў у галіне выхавання, узаемадзеяння і даверлівасці, у яслях-садзе № 6 Светлагорска былі створаны і працуюць сямейныя клубы, удзельнікамі якіх з’яўляюцца бацькі, іх дзеці і спецыялісты дзіцячага сада.

Вельмі цікава і весела праходзяць пасяджэнні клуба “Разам весела крочыць” з удзелам бацькоў і дзяцей першых малодшых груп. Бацькі расказваюць пра інтарэсы сваіх малых, дзеляцца жыццёвым вопытам. Выхавальнікі, у сваю чаргу, дапамагаюць кожнаму ўдзельніку ўключыцца ў работу. Яны праводзяць гульні для дзяцей і бацькоў і тлумачаць іх значэнне для развіцця дзіцяці. Так, разбіраючы прадметы па форме і колеры, дзеці развіваюць сенсорныя здольнасці. Лепка з салёнага цеста спрыяе развіццю дробнай маторыкі. Педагогі праводзяць гульні і на фарміраванне правільнага маўленчага дыхання, што неабходна для развіцця маўлення і здароўя дзіцяці і ўплывае на гукавымаўленне, артыкуляцыю, голас. На пасяджэннях клуба дзеці спяваюць і танцуюць, што не толькі развівае ў іх музычныя здольнасці і густ, але і ўздымае ўсім настрой. Сумесная дзейнасць служыць мастком, які аб’ядноўвае дзяцей, бацькоў і педагогаў. У моманты спецыяльна арганізаванага гульнявога ўзаемадзеяння паміж бацькамі і дзецьмі адбываюцца станоўчыя змены ў іх адносінах. Дзіця пачынае адчуваць, што яно патрэбнае і што яго разумеюць. Бацькі пачынаюць ўсведамляць важнасць гульні ў перыяд дашкольнага дзяцінства. Дзіцяча-бацькоўскія адносіны набываюць канструктыўны характар, што асабліва важна на пачатковым этапе развіцця асобы.На адным з пасяджэнняў нехта з бацькоў сказаў: “На такіх сустрэчах я з вялікім задавальненнем вяртаюся ў дзяцінства, я зноў гуляю ў мячык, малюю, ляплю, але галоўнае, што цяпер я ведаю, для чаго гэта трэба, і вучуся, як трэба гэта рабіць правільна”.
Такая форма работы дазваляе бацькам навучыцца па-новаму гуляць з дзецьмі, разумець іх. Навыкі гульнявога ўзаемадзеяння і метады сумеснай дзейнасці бацькі ў далейшым змогуць выкарыстоўваць самастойна ў хатніх умовах.
Пытанне падрыхтоўкі дзяцей да школы хвалюе бацькоў на працягу ўсяго дашкольнага дзяцінства, але найбольш актуальным яно становіцца ў апошні год навучання малых у дзіцячым садзе. “Як жа зразумець, ці гатова дзіця да школы? Як правільна падрыхтаваць яго да школы? Які запас ведаў неабходны дзіцяці?” — вось тыя пытанні, якія гучаць часцей за ўсё. Праблема заключаецца ў тым, што падыход выхавальнікаў і бацькоў да паняцця “гатоўнасць да школы” адрозніваецца. Пасяджэнні сямейнага клуба “Бацькоўскія ўніверсітэты” з бацькамі і дзецьмі старшых груп дапамагаюць вырашыць мноства праблем і адказаць на хвалюючыя пытанні гэтага перыяду.
Бацькі лічаць, што калі яны навучаць дзяцей лічыць і пісаць да школы, то гэта і будзе залогам іх паспяховай вучобы. Аднак, паводле шматлікіх даследаванняў педагогаў-псіхолагаў, правільная падрыхтоўка павінна быць сканцэнтравана на гульнявой дзейнасці, фізічным, фізіялагічным і псіхалагічным развіцці дашкольніка. Не менш важна выпрацоўваць уменне слухаць, гаварыць, мець зносіны ў асяроддзі сабе падобных, умець арганізоўваць сваю дзейнасць. Актуальным пытаннем пасяджэнняў з’яўляецца і пытанне гатоўнасці да школы саміх бацькоў. Ці гатовы яны да школьных цяжкасцей і няўдач сваіх дзяцей? Ці зможа сям’я зразумець асаблівасць новага статусу дзіцяці і аказаць яму правільную падтрымку? Ці дапаможа яна дзіцяці камфортна перайсці ад гульні да новай прыступкі жыцця — вучобы? Псіхалагічная гатоўнасць бацькоў да школы з’яўляецца важным фактарам паспяховага пераходу дзіцяці на новы ўзровень развіцця — навучання ў школе.
Спецыялісты дашкольнай установы імкнуцца да таго, каб кожная сустрэча ў клубе была цікавай і карыснай усім удзельнікам, адзначаюць асабістыя поспехі і дасягненні дзяцей, індывідуальнасць і творчасць дарослых. Станоўчы эмацыянальны фон сустрэч дапамагаюць стварыць правільна падабраныя відэапрагляды, паказы, выставы, музычнае афармленне. Але галоўнае — гэта агульны настрой педагагічнага калектыву, дакладна абраны тон зносін педагога з дзецьмі і бацькамі.
Вынікам работы клуба з’яўляецца ўстанаўленне даверлівых адносін паміж дзецьмі, бацькамі, выхавальнікамі, аб’яднанне іх у адну каманду, удзел бацькоў ва ўсіх справах і пачынаннях дзіцячага сада. Бацькі сталі больш уважліва ставіцца не толькі да свайго дзіцяці, але і да іншых дзяцей групы, дзяліцца адно з адным сваімі праблемамі і вырашаць іх сумесна, радавацца поспехам кожнага. Многія сем’і сустракаюцца і па-за дзіцячым садам, іх звязваюць агульныя інтарэсы, клопаты, трывогі і радасці дзяцей.
Сямейны клуб — гэта вельмі ўдалая знаходка ва ўзаемадзеянні з бацькамі, якая дазваляе ўлічыць актуальныя патрэбы дзяцей і бацькоў, спрыяе фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, умацаванню інстытута сям’і, перадачы вопыту ў выхаванні дзяцей.

Алена ШУСТ,
загадчык ясляў-сада № 6 Светлагорска.