Убачыць на ўласныя вочы

Студэнцкі дэсант высадзіўся ў Карэліцкім раёне. Тут адбыўся сёмы злёт студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці пад дэвізам “Дабрабыт Радзімы, росквіт Беларусі — мой абавязак, мой лёс”. Удзельнікі злёту вучацца на выпускных курсах і ўжо зусім хутка атрымаюць статус маладога спецыяліста.

Больш за 200 удзельнікаў атрымалі магчымасць на прыкладзе Карэліцкага раёна азнаёміцца з умовамі работы маладых спецыялістаў у розных галінах: сельскай гаспадарцы, сістэме адукацыі, аховы здароўя, культуры, сацыяльнай сферы.
Карэліцкі раён нядаўна адзначыў 75-годдзе. Да гэтай юбілейнай даты рэгіён падышоў са значнымі дасягненнямі, асабліва ў сельскай гаспадарцы і сацыяльнай сферы. Аб гэтым удзельнікам злёту расказаў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык. Галоўную ўвагу Руслан Юр’евіч засяродзіў на тым, як вядзецца ў раёне работа з маладымі кадрамі (а толькі ў гэтым годзе да работы прыступілі 115 чалавек), аб магчымасцях іх прафесійнага і кар’ернага росту, рабоце клуба маладога спецыяліста, аб тых перавагах, якія маюць маладыя спецыялісты ў невялікіх населеных пунктах, што ўсе яны ў Карэліцкім раёне забяспечаны жыллём.Аб падтрымцы моладзі сведчыць і той факт, што ўзрост 32—33 гадоў маюць некалькі кіраўнікоў раённага звяна, а сам Р.Абрамчык пачаў працаваць на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама ва ўзросце 29 гадоў, маючы да гэтага вопыт работы ў сістэме адукацыі.
Пасля ўдзельнікі злёту адправіліся па чатырох маршрутах. Яны пабывалі ва ўстановах адукацыі вёсак Райца, Лук, Ярэміч, Турца, у Мірскай сярэдняй школе, ААТ “Карэлічы-Лён”, лукскай лабараторыі ўрача агульнай практыкі, механічных майстэрнях СВК імя Царука, малочнатаварнай ферме Райца, Мірскай дзіцячай школе мастацтваў, сельскіх дамах культуры і бібліятэках — на тых аб’ектах, дзе ў хуткім часе некаторыя могуць атрымаць сваё першае працоўнае месца. Студэнты мелі магчымасць пагутарыць і з маладымі спецыялістамі. Так, настаўніца англійскай мовы Мірскай сярэдняй школы Кацярына Богуш расказала будучым калегам, выпускнікам педагагічных спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, аб сваіх уражаннях і вопыце першага года работы ў школе. Да студэнтаў універсітэта далучылася загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташкевіч, якая расказала аб сістэме адукацыі раёна, аб тым, настаўнікі якіх прадметаў запатрабаваны на Карэліччыне.
Вынікі мерапрыемства падвялі ў Мірскім замку. Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Вітольд Песціс адзначыў, што злёт праходзіць у знакавым месцы і ў знакавы час. Тут, у канферэнц-зале замкавага комплексу “Мір” адбываюцца значныя міжнародныя мерапрыемствы, а сёння сабраліся тыя, хто толькі пачынае свой прафесійны шлях. У Беларусі завяршаецца Год моладзі. Гэты год яскрава прадэманстраваў, якая стаўка робіцца на моладзь, менавіта з маладымі спецыялістамі звязваюцца перспектывы інавацыйнага развіцця краіны.
Штогод у Гродзенскай вобласці размяркоўваюцца на работу каля 2500 маладых спецыялістаў, у тым ліку ў сферу адукацыі — каля 450 чалавек. Адзін з іх, настаўнік англійскай мовы і інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Дзятлава Тарас Орсік, пераможца абласнога конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя”, расказаў аб поспехах і цяжкасцях першага года работы ў школе, аб пачуцці задавальнення, якое пацвердзіла правільнасць выбранага ім прафесійнага шляху. Яшчэ адным прыкладам прафесійнай самарэалізацыі стала выступленне намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Красненскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Юліі Скаварады, якая пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вярнулася на сваю малую радзіму і вельмі задаволена гэтым рашэннем.
Аб сістэме работы з маладымі спецыялістамі, на прыкладзе СВК “Свіцязянка — 2003”, расказала намеснік старшыні гаспадаркі Зінаіда Маковік. Вельмі карысным было паведамленне намесніка старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафесійных саюзаў Андрэя Кардаша аб правах і абавязках маладых спецыялістаў. Рэктар аграрнага ўніверсітэта В.К.Песціс прапанаваў такія інфармацыйныя сустрэчы правесці ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Гродна.
У завяршэнні сустрэчы студэнт медыцынскага ўніверсітэта Ян Хільмончык выказаў падзяку арганізатарам сустрэчы — галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленню адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, РГА “Белая Русь” — за магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць жыццё і работу маладых спецыялістаў у раёне, увогуле жыццё ў глыбінцы, якая, на самай справе, глыбінкай і не з’яўляецца.
А завяршыўся злёт экскурсіяй па Мірскім замку. Для многіх выпускнікоў гэта было адкрыццём, як і многае з таго, што яны ўбачылі і з чым пазнаёміліся ў Карэліцкім раёне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.