У творчасці не бывае дыягназу

Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця часам маюць значныя абмежаванні жыццядзейнасці. Сёння сістэма дадатковай адукацыі здольна забяспечваць эфектыўную сацыялізацыю і інтэграцыю ў грамадства дзяцей з АПФР.

Педагагічны калектыў Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка” супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі і ўстановамі, якія займаюцца праблемамі рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. У сістэме выхаваўчых мерапрыемстваў многія акцыі сталі традыцыйнымі (выстава “Свет маімі вачыма”, свята і дабрачынная акцыя “Рука ў руцэ”, прысвечаныя Міжнароднаму дню інваліда). Станоўчыя вынікі ў гэтым напрамку спрыялі стварэнню праекта “Мы разам”, накіраванага на работу з дзецьмі з АПФР у кантэксце сацыяльнай мадэлі рэабілітацыі, выкарыстання патэнцыялу творчасці і мастацтва ў забеспячэнні паспяховай сацыялізацыі такіх дзяцей.
Ідэя праекта “Мы разам” заключаецца ў стварэнні для дзяцей з асаблівасцямі ўмоў спецыяльнага асяроддзя, дзе адбываецца больш паспяховая іх інтэграцыя ў грамадства, што ўплывае на мабілізацыю рэсурсаў сям’і, характар унутрысямейных адносін.

У “Зорцы” педагогі Лізавета Міхайлаўна Строцава-Абрамчук і Аляксандра Пятроўна Пармон працуюць па праграмах студый выяўленчага мастацтва “Радасць творчасці” і “Блік” для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Выяўленчая дзейнасць — дзейсны спосаб зносін дзіцяці з сабой, светам і іншымі людзьмі, што дазваляе больш поўна і з большай радасцю ўспрымаць рэчаіснасць. У рабоце з дзецьмі з АПФР вельмі важным з’яўляецца стварэнне ўмоў для разняволення і самавыяўлення.

Заняткі ў студыях выяўленчага мастацтва “Радасць творчасці” і “Блік” прыносяць станоўчыя вынікі ў развіцці дзяцей. Яны даведваюцца пра асноўныя віды выяўленчага мастацтва, нетрадыцыйныя мастацкія тэхнікі, першапачатковыя катэгорыі кампазіцыі, вучацца карыстацца атрыманымі ведамі і дакладна арганізоўваць прастору ліста, змешваць колеры, самастойна паўтараць вывучаныя тэхнічныя прыёмы для выяўлення сваіх ідэй. У развіцці дзіцяці з АПФР самай эфектыўнай аказалася работа з рознымі мастацкімі матэрыяламі і тэхнікамі (гуаш, акварэль, каляровыя алоўкі, сухая і алейная пастэль, васковыя крэйды).

У цэнтры “Зорка” па выніках першага паўгоддзя была арганізавана выстава работ Ангеліны Смірновай, Арцемія Гусакоўскага, Аляксея Кудрашова. Прыроджаныя абмежаваныя магчымасці здароўя не з’яўляюцца для нашых дзетак перашкодай на шляху да прыгожага і поўнага яркіх фарбаў свету творчасці.

Валянціна ЯРГОЛЬСКАЯ,
метадыст ЦТМТДіМ “Зорка”.
Фота аўтара.