У творчасць — усёй сям’ёй

Сям’я — гэта тыя, каго мы любім, з каго бяром прыклад, пра каго клапоцімся, каму жадаем дабра. Менавіта ў сям’і мы вучымся каханню, адказнасці, клопату, павазе і творчасці. У Гродзенскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” ужо стала традыцыяй два разы на год адкрываць творчыя выставы мнагадзетных сем’яў. Нядаўна ў музеі “Маці і лёсы” педагагічнага комплексу № 1 “Iскрынка” ЦТДіМ “Спектр” свае творчыя работы прадставіла сям’я Пеліхан.

Вышыўка, папяровыя кветкі, тэлефон-гадзіннік з бісеру і многае іншае — усё гэта справа рук Наталлі Валянцінаўны, захавальніцы сямейнага ачага. Не адстаюць ад мамы ў творчым захапленні дзеці і муж. Бацька сямейства Алег Віктаравіч — паважаны чалавек, аўтарытэт і прыклад для пераймання ў сваёй сям’і. Ён захапляецца разьбой па дрэве і аздабленнем і прывіў цікавасць да гэтых заняткаў сваім дзецям. У сям’і Пеліхан выхоўваюцца трое дзетак. Старэйшы сын Яўген захапляецца выпільваннем з дрэва і модульным арыгамі, сярэдняя дачка Надзея вышывае карціны, займаецца дэкупажам і паперапластыкай, спявае, прафесійна займаецца танцамі. Самы малодшы сын Дзмітрый захапляецца фехтаваннем, лепкай з гліны. На выставе сям’я прадставіла больш за 50 сваіх работ у розных стылях і тэхніках: дэкупаж, модульнае арыгамі, бісерапляценне, вышыўка, паперапластыка, лепка з гліны, ганутэль, разьба па дрэве. Акрамя гэтага, сям’я парадавала ўсіх прысутных сваёй творчай прэзентацыяй і салодкімі пачастункамі, якія прыгатавала мама дружнага сямейства.
У гэты святочны дзень гучала нямала цёплых слоў у адрас таленавітых бацькоў і дзяцей, таму што кожны дзень яны прыдумваюць нешта новае і ўвасабляюць у жыццё свае мары. На мерапрыемстве па традыцыі адбылася перадача агню (сімвала чысціні, любові, дабра, цяпла, шчасця) сям’і Пеліхан ад сям’і Міхалькевічаў, якія адкрывалі мінулую выставу.
Падтрымаць творчую сям’ю прыйшлі не толькі блізкія, але і прадстаўнікі сярэдняй школы № 37, у якой вучыцца малодшы сын сям’і Пеліхан. Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў: памятныя падарункі сям’я атрымала ад Гродзенскага гарадскога аб’яднання Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і ад абласнога грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Алена КОХАНАВА.