У Полацку абмеркавалі становішча дзяцей у горадзе

Сярод гарадоў, якія далучыліся да Глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”, Полацк першы правёў абмеркаванне даклада “Становішча дзяцей у горадзе Полацку”.

Круглы стол сабраў членаў Каардынацыйнага камітэта па рэалізацыі ініцыятывы, спецыялістаў Полацкага раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікоў Міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання “АКТ”, Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, прадстаўнікоў гарадскога маладзёжнага парламента, грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі дзіцячы фонд”, “Беларускі фонд міру”, “Беларускі саюз жанчын”, бацькоўскіх камітэтаў, бізнесменаў.
Паводле ацэнак экспертаў, індэкс дружалюбнасці дзецям у Полацку роўны 6,8. Вымяраецца ён 37 індыкатарамі, якія ахопліваюць сем асноўных параметраў: удзел дзяцей у грамадскім жыцці і прыняцці рашэнняў, жылое асяроддзе, бяспеку дзяцей у горадзе, ахову здароўя і здаровы лад жыцця, адукацыю і развіццё, вольны час і культуру, дапамогу ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Кожны параметр ацэньваецца па аб’ектыўных і суб’ектыўных індыкатарах. Крыніцай інфармацыі для разліку аб’ектыўных індыкатараў сталі даныя статыстычнай справаздачы, у тым ліку ведамаснай, якая рэгулярна збіраецца і аналізуецца падраздзяленнямі райвыканкама. Крыніцай інфармацыі для разліку суб’ектыўных індыкатараў з’явілася апытанне, якое праведзена сярод дзяцей ва ўзросце 6—12, 13—17 гадоў і бацькоў дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў. Значэнне індэкса вызначалася ў прамежку ад 0 да 10, 0 — вельмі неспрыяльныя ўмовы, а 10 — максімальна спрыяльныя.
Прэзентавала даклад начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага раённага выканаўчага камітэта намеснік старшыні Каардынацыйнага камітэта па рэалізацыі ініцыятывы Ірына Афанасьеўна Драздова.
— Полацк — горад, які любіць кожны з нас, таму што ён духоўная і культурная калыска беларусаў. Полацк валодае асаблівай аўрай, асаблівым выхаваўчым патэнцыялам, які максімальна выкарыстоўваецца пры рабоце з дзецьмі. У сваёй дзейнасці мы робім стаўку на адны з галоўных аспектаў — духоўнасць, традыцыі, культуру і гісторыю горада, які з кожным годам становіцца больш прыгожым. Для павышэння камфортнасці жыцця рэалізуецца праграма “Двары”: добраўпарадкаваны 5 дваровых тэрыторый, устаноўлены 4 гульнявыя комплексы для дзяцей, у горадзе 4 паркі, у кожным мікрараёне пасаджаны скверы. Большасць (87,8%) бацькоў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, задаволены якасцю адукацыі ў горадзе, што гаворыць аб высокім узроўні адукацыйнага асяроддзя, якасным навучанні і выхаванні, развіцці здольнасцей дзяцей. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў горадзе адораным дзецям. Так, па выніках ІІІ Абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах наша каманда ўзнагароджана 41 дыпломам, а на заключным этапе заваявала 8 дыпломаў. Горад ганарыцца прызёрам Міжнароднай алімпіяды па фізіцы Джэймсам Аквухам. Такім дасягненням навучэнцаў спрыяюць прафесіяналізм педагогаў, увага ўлады да моладзі. Добрай традыцыяй стала занясенне на гарадскую Дошку гонару лепшых вучняў і настаўнікаў горада, ушанаванне пераможцаў абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, — паведаміла Ірына Афанасьеўна.
Яна пазнаёміла прысутных з вынікамі даследавання.
— Для палачан відавочна, што ў Полацку ёсць усё, што робіць горад дружалюбным. Вынікі праведзенага даследавання вызначылі прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ў інтарэсах дзяцей. Наперадзе выкананне мерапрыемстваў Глабальнай ініцыятывы: садзейнічанне актыўнаму ўдзелу дзяцей у пасяджэннях выканаўчага камітэта, сесiях Савета дэпутатаў, апрабаванне вопыту стварэння бізнес-кампаній ва ўстановах адукацыі. А для гэтага патрэбна мэтанакіраваная і скаардынаваная работа выканаўчай улады, дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў па павышэнні якасці жыцця дзяцей, — сказала суразмоўца.

Прэзентацыя даклада выклікала ажыўленне ў прысутных, удзельнікі актыўна ўключыліся ў дыскусію, выказвалі свае заўвагі, дзяліліся ідэямі па паляпшэнні ўмоў жыцця дзяцей у горадзе.
Кансультанты Міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання “АКТ” Уладзімір Корж, Валерый Журакоўскі і Людміла Блізнюк адзначылі важнасць і неабходнасць такіх сустрэч.
— Такога нідзе яшчэ не было. Вы першыя, хто ў рамках Глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей” праводзіць абмеркаванне даклада ў такім шырокім фармаце, — падкрэсліў Уладзімір Корж. — Гэтая сустрэча дапаможа вызначыць прыярытэты далейшай работы.
Сакратар прыёмнай Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці Тамара Паўлаўна Шарамет распавяла пра неабходнасць інфармацыйнай падтрымкі Глабальнай ініцыятывы і запрасіла да супрацоўніцтва з рэспубліканскімі сродкамі масавай інфармацыі.
Асабліва цікава прысутным было пачуць меркаванне дзяцей, для якіх уд зел у ініцыятыве — гэта магчымасць пошуку новых аднадумцаў і сяброў, новыя рэсурсы для павышэння эфектыўнасці мясцовага самакіравання, якое спрыяе больш поўнай рэалізацыі правоў дзяцей.
— Мы нарадзіліся і выраслі ў гэтым горадзе, славутым і прыгожым, горадзе-музеі, горадзе творчых людзей, горадзе-фестывалі, дзе бурліць культурнае жыццё, горадзе, які любіць кожны з нас. Полацк актыўна развіваецца, стварае адукацыйныя, спартыўныя аб’екты. Разам з ім расцём, змяняемся і мы — юныя палачане. Таму смела сцвярджаем, што ў нашым горадзе ствараецца асяроддзе для паспяховага развіцця асобы, творчай самарэалізацыі і самавыяўлення. У рамках ініцыятывы традыцыйна праводзіцца фестываль дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “За намі — будучыня!”. Мы рэалізуем праекты, накіраваныя на добраўпарадкаванне горада, арганізуем інтэрактыўныя экскурсіі для дзяцей-інвалідаў. У планах правесці Форум “Полацк на шляху да горада, дружалюбнага да дзяцей”, арганізаваць шырокамаштабную рэкламную кампанію ўдзелу ў ініцыятыве, адкрыць дзіцячую грамадскую прыёмную, — падзялілася навучэнка Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны член гарадскога маладзёжнага парламента Яна Ледаховіч.

Старшыня бацькоўскага актыву ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада член Каардынацыйнага камітэта па рэалізацыі ініцыятывы Валянціна Багатырова прапанавала стварыць сайт “Горад, дружалюбны да дзяцей”, дзе будзе размешчана ўся інфармацыя аб рэалізацыі ініцыятывы.
— Для нас, бацькоў, галоўнае, каб нашы дзеці былі здаровымі і адчувалі сябе ў бяспецы. У гэтым напрамку праводзіцца якаснае ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Прававой асвеце бацькоў непаўналетніх спрыяюць гарадскія сходы бацькоўскага актыву, канферэнцыі бацькоў. Стварэнне сайта дапаможа ў будучыні сабраць прапановы дзяцей і бацькоў аб тым, што б яны хацелі бачыць у горадзе.
Абагульняючы, Ірына Афанасьеўна выказала спадзяванне, што ўсе агучаныя ў ходзе круглага стала думкі дапамогуць далейшаму канструктыўнаму супрацоўніцтву, скаардынаванай працы, накіраванай на любоў і клопат, захаванне і паляпшэнне ўзроўню жыцця нашых дзяцей, тым самым забяспечваючы шчаслівую будучыню на шляху да горада, дружалюбнага да дзяцей.

 

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік гарадскога маладзёжнага парламента.