У памяці “Нашчадкаў”

Адкуль пачынаецца Радзіма? З месца, дзе ты нарадзіўся, дзе прайшло тваё дзяцінства, дзе жывуць твае бацькі і сябры, дзе жылі твае дзяды і прадзеды. Не ведаючы гісторыі малой радзімы, нельга стварыць гісторыю краіны. Настаўнікі Плінскай сярэдняй школы вялікую ўвагу ўдзяляюць вывучэнню багатай гістарычнай і літаратурнай спадчыны, традыцый роднага краю. Арганізаваная работа арыентавана на станаўленне і развіццё асобы вучня, выхаванне патрыёта-грамадзяніна.

Ва ўстанове створаны пакой баявой славы і этнаграфічны куток “Беларуская хатка”, дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”, арганізоўваюцца паходы і экскурсіі па знакамітых месцах Беларусі, праводзяцца цікавыя пазнавальныя мерапрыемствы, месячнікі патрыятычных спраў і Вахта памяці.

Другі год у школе вядзецца работа аб’яднання па інтарэсах для малодшых школьнікаў “Нашчадкі”. На занятках вучні знаёмяцца з мінулым сваёй малой радзімы, людзьмі, якія стваралі гісторыю роднага краю, удзельнічалі ў гістарычных падзеях.

Сёлета, у Год культуры, вучні пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам нашых землякоў — В.Быкава, Р.Барадуліна, Е.Лось, М.Мірановіча, Г.Аўласенкі.

Запамінальнай падзеяй стала наведванне Дома рамёстваў, дзе пазнаёміліся з творчасцю майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ушаччыны. Іх вырабы з саломкі, гліны ўразілі сваёй прыгажосцю і самабытнасцю. Тут мы даведаліся, што ўшацкія майстры валодаюць больш як трыццаццю відамі народнага і сучаснага мастацтва. І мы вельмі ганарымся, што сярод настаўнікаў нашай школы ёсць такія ўмельцы, якія перадаюць майстэрства сваім вучням.

Адным з кірункаў работы аб’яднання з’яўляецца і экскурсійная работа. Асаблівыя пачуцці ў дзяцей выклікала наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Гэтая экскурсія прынесла навучэнцам шмат адкрыццяў і ўражанняў. А ўбачанае дапамагло ў вывучэнні гісторыі Беларусі.

Наперадзе членаў аматарскага аб’яднання чакаюць паходы па родным краі. Адзін з іх — на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, які знаходзіцца за тры кіламетры ад школы і ўзведзены на тым самым месцы, дзе ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года партызаны прарвалі кола фашысцкай блакады і вывелі з акружэння 15 тысяч мірных жыхароў. Асабліва цікава будзе ўбачыць яго адноўленым пасля рэканструкцыі, якая ідзе да завяршэння.

Наперадзе яшчэ шмат планаў, але галоўнае — выхаванне душы чалавека, які заўтра возьме на сябе адказнасць за будучыню сваёй радзімы.

Алена ФІЛІПЧЫК,
кіраўнік аб’яднання “Нашчадкі” Плінскай сярэдняй школы Ушацкага раёна.