У памяць пісьменніка

Вучні Грудзінаўскага ВПК цёпла і шчыра адзначылі 95-годдзе са дня нараджэння беларускага народнага пісьменніка Івана Шамякіна.

Школьнае мерапрыемства напярэдадні дня нараджэння класіка арганізавалі і правялі старшакласнікі пад кіраўніцтвам маладой настаўніцы Вольгі Рыгораўны Крапіцкай. Рыхтавацца пачалі да свята яшчэ ў канцы мінулага года, але да апошняга тыдня трымалі ў сакрэце сваю ідэю. Толькі ў апошнія дні падрыхтоўкі старшакласнікі вырашылі “адкрыць карты” і правялі займальны эксперымент разам з малодшымі вучнямі. Сваімі дзеяннямі адзінаццацікласнікі хацелі паказаць глыбокі і таямнічы сэнс твораў Івана Шамякіна.Калі ўсё было амаль гатова да выставы і конкурсу, яны прапанавалі пяцікласнікам і шасцікласнікам намаляваць сваё бачанне наступных літаратурных назваў: “Сэрца на далоні”, “Трывожнае шчасце”, “Злая зорка” і інш. Дзецям літаратурныя прыёмы яшчэ мала знаёмы, таму задача выдалася не з лёгкіх. Але менавіта малюнкі малодшых удзель-нікаў выклікалі найбольшую цікаваць у наведвальнікаў выставы. Браты Іван і Мікіта Пруднікавы прыгожа перадалі сэнс назвы “Злая зорка”, выдатніца Юлія Юранкова праявіла талент пры стварэнні малюнка да рамана “Сэрца на далоні”.
Вучні 10 класа малявалі прыроду, якая панавала ў рамане “Снежныя зімы”, а адзінаццацікласнікі звярнулі ўвагу на аповесць “Гандлярка і паэт”, раманы “Атланты і карыя-тыды”, “Сэрца на далоні”. Малюнкі старшакласнікаў былі значна больш сур’ёзнымі, яны раскрывалі сэнс праблем, спрабавалі зазірнуць глыбей у словы.
Выставу і конкурс адзначыў нават дырэктар школы Сяргей Аляксандравіч Зайцаў: “Усім хочацца працаваць з таленавітымі дзецьмі, але не кожны знойдзе ў сабе жаданне выявіць і раскрыць патэнцыял вучня, што, трэба адзначыць, выдатна атрымліваецца ў маладой настаўніцы. Гэта не першае мерапрыемства, якое лепш дапамагае пазнаёміцца вучням з роднай мовай і літаратурай. Прыемна назіраць за добра арганізаванай творчай працай вучняў розных узростаў. Старэйшыя прыемна здзівілі сваёй самастойнасцю, а малодшыя парадавалі свежым позіркам на вядомыя творы”.
Другая частка свята праводзілася ў кабінете беларускай мовы, дзе зноў малодшыя вучні з цікавасцю слухалі старэйшых. Некаторыя так натхніліся творчасцю Івана Шамякіна, што самі напісалі невялікія водгукі-роздумы паводле пенталогіі “Трывожнае шчасце”. Удзельнікаў чытацкага конкурсу натхняла “Непаўторная вясна”, таму што першае каханне заўсёды цікавіць юнакоў і дзяўчат. Хочацца адзначыць вучаніц 9 класа Ганну Саўчанка і Вераніку Ганчарову, якія самі напісалі невялікія роздумы пра першае каханне і трагедыю, якая можа прыйсці нечакана.
Юныя стваральнікі цікавых малюнкаў і разважанняў паводле творчасці народнага пісьменніка, думаю, засталіся задаволены сваёй працай. Такое знаёмства з мастацтвам пакінула ў сэрцы кожнага свой адбітак, свой цёплы ўспамін.

Вольга КРАПІЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Грудзінаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.