У новы год са старымі сябрамі

Мне падаецца, што ўсе настаўнікі і вучні Мінска ведаюць, што ў самым сэрцы нашай сталіцы знаходзіцца адзін са старэйшых літаратурных музеяў краіны — Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, але не ўсе ведаюць, што гэта і адзін з самых сучасных музеяў Беларусі, у якім працуюць незвычайныя людзі: прафесіяналы, крэатыўныя, чулыя і адданыя.
Гімназіі № 37, у якой я працую настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, пашанцавала: паміж нашымі ўстановамі падпісана дамова аб супрацоўніцтве, у рамках якой толькі за апошнія 3 месяцы было праведзена некалькі цікавых мерапрыемстваў. Хочацца падзяліцца ўласнымі ўражаннямі.

24 кастрычніка маіх вучняў прынялі ў гімназісты! Адбылася ўрачыстасць у музеі Янкі Купалы! Упершыню гімназія адышла ад традыцыі “пасвячаць у гімназісты” на базе навучальнай установы, і ніколькі аб гэтым не пашкадавалі ні настаўнікі, ні вучні. Для дзяцей, бацькоў (іх актыўны ўдзел — умова музея!) і настаўнікаў была арганізавана інтэрактыўная праграма з пошукам музейных экспанатаў, віктарынамі, загадкамі, майстар-класамі і, канечне, падарункамі і сюрпрызамі. Цікава было назіраць за дарослымі, якія спачатку неахвотна, а потым з вялікім энтузіязмам уключыліся ў гульню: дапамагалі сваім дзецям, якія былі капітанамі каманды, часам бегалі па музеі навыперадкі ў пошуку правільнага адказу. Кульмінацыяй імпрэзы стала ўручэнне канфедэратак і складанне клятвы гімназіста. Упэўнена: такое свята застанецца ў памяці вучняў надоўга і не згубіцца сярод шэрагу разнастайных школьных канцэртных праграм. А бацькі з радасцю выкарысталі рэдкую магчымасць правесці з дзецьмі культурны адпачынак і разам трапілі ў музей. Мне здаецца, што гэта вельмі важна: прыйсці ўпершыню ў музей не з настаўніцай, а з мамай і татам, каб сфарміравалася адчуванне свята, а не чарговага школьнага абавязку. 16 снежня вучні 10 класаў былі запрошаны ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі на спектакль “Адвечная песня” паводле п’есы Янкі Купалы.
Перад праглядам юнакам і ўсім гледачам супрацоўнікі музея прапанавалі праверыць сваю эрудыцыю і паспрабаваць адказаць на пытанні віктарыны “Цікавыя факты жыцця і творчасці песняра”. Многія гледачы і мае вучні (пішу аб гэтым з гонарам) за правільныя адказы атрымалі каштоўныя падарункі ад музея — запрашэнні на 4 асобы на свята “Калядкі ў Купалавым доме”, і ад Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — білеты на 2 асобы на прэм’ерныя спектаклі за подпісам дырэктара У.М.Карачэўскага.
Пасля заканчэння спектакля ў кожнага была ўнікальная магчымасць прыняць удзел у праекце “Закуліссе”, які адбыўся дзякуючы ініцыятыве музея. Мы з вучнямі гутарылі і задавалі пытанні народнай актрысе Рэспублікі Беларусь Таццяне Рыгораўне Мархель, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Ігару Сігову і Людміле Сідаркевіч, Настассі Бабровай, Максіму Шышко і іншым. Незабыўныя ўражанні, з якімі дзеці пойдуць у дарослае жыццё і, я ўпэўнена, стануць аматарамі гэтага тэатра!
Ёсць людзі, у душы якіх жыве любоў да свету і жаданне дзяліцца гэтым пачуццём. Такія думкі ўзніклі ў мяне пасля наведвання мерапрыемства “Калядкі ў Купалавым доме”.
Калядоўшчыкі з саламянай зоркай і Казой-прыгажуняй расказвалі вучням 5 класаў, якія прыйшлі да Купалы ў госці, пра беларускія звычаі святкавання Каляд, дамовіліся, як будуць паводзіць сябе дзеці з прыходам калядоўшчыкаў, правялі нават невялічкую рэпетыцыю.
Усе дзеці выконвалі пачэсныя ролі гаспадароў, а аднаму наогул пашчасціла — ён стаў механошам. Калядаванне было максімальна набліжана да сапраўднага, таму ў мех трапілі цукеркі, печыва і нават сала і каўбаса (аб гэтым паклапаціліся дбайныя супрацоўніцы музея)! Пасля спявалі традыцыйныя беларускія песні, гулялі “ў Казу”. Было гэта так шчыра, па-сапраўднаму, без кроплі фіглярства. З якой ахвотай і захапленнем дзеці адгукаліся на кожнае слова, запрашэнне, адказвалі на пытанні, паўтаралі за калядоўшчыкамі прыказкі, падпявалі, частавалі Казу. А якая была Каза: капрызлівая і свавольная, какетлівая і гарэзлівая! Потым вельмі прыгожая Снягурка складала з дзецьмі тэлеграму Дзядулю Марозу і загадвала загадкі, а за адгадкі дарыла хваёвыя шышкі, да якіх былі прымацаваны каляровыя банцікі і матузочкі так, каб іх можна было павесіць на ёлку — сапраўдны лясны падарунак (зроблены папярэдне рукамі музейных супрацоўнікаў). Па-каляднаму весела было ўсім!Паказалі калядоўшчыкі і лялечны спектакль, перад якім вядучая раздала ўсім аддрукаваны на рознакаляровых паперках “Слоўнічак для гледачоў, якія ўпершыню трапілі ў беларускі тэатр”.
А потым спявалі самую вядомую навагоднюю песню — “Елачку”, якую Янка Купала пераклаў на беларускую мову:
Ўзышла у лесе елачка,
У лесе і расла,
Узімку, ўлетку стройная,
Зялёная была.
Раздрукаваны тэкст таксама раздалі ўсім прысутным. А яшчэ дзеці атрымалі магчымасць падысці да вітрыны, у якой быў змешчаны пажаўцелы аркуш са звычайнага вучнёўскага сшытка, і ўголас разбіралі запісаны рукой песняра пераклад песні: некаторыя радкі закрэслены, зверху напісаны новыя словы, з бакоў зроблены прыпіскі…
Напрыканцы Калядак вядучая прапанавала дзеткам далучыцца да стварэння чароўнай елачкі. Для гэтага кожны абвёў сваю далоньку на зялёнай паперы, выразаў нажніцамі, напісаў на ёй пажаданне, прымацаваў да казачнага дрэва і атрымаў ад Снягуркі невялічкі падарунак.
Дзякуй музейным супрацоўнікам за новыя ўражанні і за іх працу! Я ўпэўнена, што наперадзе яшчэ шмат разнастайных праектаў і цікавых адкрыццяў!

Ганна ЛОСІК,
настаўніца беларускай мовы гімназіі № 37.