У Навагрудку з’явіліся кадэты

1 верасня 2014 года ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка пачаўся новы этап грамадзянска-патрыятычнага выхавання — тут адкрылі два кадэцкія класы. Мінулы навучальны год паказаў, што быў абраны правільны шлях. У гэтым годзе адбыўся другі набор. Да 35 першых кадэтаў далучыліся яшчэ 16 хлопчыкаў з іншых школ горада і раёна. Аб тым, як ажыццяўляецца вучоба, чым жывуць кадэты, расказвае дырэктар школы Надзея Скобля.

Асноўнай мэтай дзейнасці кадэцкага класа, на нашу думку, з’яўляецца інтэлектуальнае, культурнае, фізічнае і маральнае развіццё навучэнцаў, іх сацыялізацыя ў грамадстве, падрыхтоўка маладога грамадзяніна да служэння Айчыне. На сённяшні дзень сярэдняя школа № 7 Навагрудка мае ўсе магчамасці для паспяховай рэалізацыі кадэцкага кампанента як у адукацыйнай, так і выхаваўчай структуры.Узровень адукаванасці, агульная культура, фізічнае і інтэлектуальнае развіццё, змястоўны вольны час кадэтаў забяспечваюцца дадатковай адукацыяй. Гэта адна з найважнейшых частак адукацыйнага працэсу ў кадэцкім класе, калі навучэнцы займаюцца індывідуальна, па сфарміраванай для іх асабістай траекторыі навучання, або ў малых групах. Пры вывучэнні інтарэсаў кадэтаў анкетаванне паказала ярка выяўленую цікавасць да ваенна-спартыўнай дзейнасці — 94%, гісторыі — 47%, фізікі — 48%, матэматыкі — 49%, творчасці і музыкі — 43%, геаграфіі — 39%, вывучэння праваслаўнай культуры — 62%, таму ў рамках кадэцкага кампанента былі арганізаваны аб’яднанні па інтарэсах і факультатыўныя заняткі.
Накіраванасць дадатковай адукацыі вызначаецца развіццём індывідуальных творчых, духоўных, фізічных здольнасцей кадэтаў. Структура дадатковай адукацыі ў кадэцкіх класах уключае факультатыўны кампанент: “Мая Айчына”, “Харэаграфія. Народна-сцэнічны танец”, “Гуляем у футбол”, “Фізіка вакол нас”, “Алгебра вучыць разважаць”, аб’яднанні па інтарэсах “Рукапашны бой”, “Меткі стралок”, “Школа будучага афіцэра”. Навучэнцы наведваюць хор і секцыі па валейболе і футболе. Факультатывамі і дадатковымі заняткамі ахоплены 100% навучэнцаў-кадэтаў.
Такая сістэма грунтуецца на прынцыпах развіццёвага, паглыбленага і асобасна арыентаванага навучання ў спалучэнні з добра арганізаванай сістэмай самападрыхтоўкі і пастаяннага кантролю ўзроўню адукацыі. Вялікая роля ў высокай якасці навучання належыць нашым настаўнікам — Канстанціну Канстанцінавічу Зубрыку, выхавальніку 9“К” кадэцкага класа, Джэме Уладзіміраўне Няўжынскай, педагогу факультатыўнага курса “Асновы праваслаўнай маральнасці”, якія праводзяць работу ў цесным супрацоўніцтве з Наваградскім Праваслаўным Сястрынствам.
Новае выхаванне і новыя патрабаванні да вучняў у кадэцкіх класах знаходзяцца пад асаблівай увагай, таму псіхалагічнае суправаджэнне ў кадэцкіх класах абавязковае. Адным з этапаў адбору ў такія класы з’яўляецца псіхалагічнае тэсціраванне, па выніках якога магчыма прагназаванне паспяховасці навучання. У рабоце з выхаванцамі кадэцкіх класаў важным напрамкам з’яўляецца фарміраванне лідарскіх якасцей, таму асноўная задача ў рабоце з імі — гэта стварэнне матывацыйнага імкнення да поспеху, выхаванне якасці лідара.
Прыярытэтным напрамкам выхаваўчай і ідэалагічнай работы, якая праводзіцца ў кадэцкіх класах, з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Ужо ў першы год работы кадэцкіх класаў склаліся традыцыі, сярод якіх — правядзенне сустрэч з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў і вайсковых часцей, супрацоўніцтва з Навагрудскай раённай арганізацыйнай структурай ДТСААФ і Праваслаўнай царквой, прыняцце ўрачыстай клятвы кадэта, творчая справаздача школы “Развіццё кадэцкага руху як фактар маральна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення”. Навучэнцы-кадэты з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Нашы кадэты пасябравалі з навучэнцамі са Слонімскага кадэцкага корпуса. У рамках супрацоўніцтва паміж установамі прайшлі сустрэчы і ўдзел у розных мерапрыемствах: дзень адкрытых дзвярэй, удзел у свяце “Першы званок”, урачыстай прысягі, сумесныя спаборніцтвы па баскетболе і міні-футболе.
Духоўна-маральнае выхаванне кадэтаў ажыццяўляецца на факультатыўных занятках “Асновы праваслаўнай маральнасці” і “Ведай і выконвай духоўна-маральны закон”. Вялікую дапамогу ў гэтай рабоце аказвае Наваградскае Сястрынства ў гонар святога апостала Іаана Багаслова. У кожнага класа ваенна-патрыятычнага профілю ёсць духоўны настаўнік, адказныя за духоўна-маральнае выхаванне — святары протаіерэй Вадзім Кузьміч і іерэй Аляксандр Сняжко. У мінулым навучальным годзе праводзіліся экскурсіі ў храм іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць”, у капліцу святога дабравернага князя Дзмітрыя Данскога, адбыліся паездкі ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, Жыровіцкі манастыр.
У лістападзе 2014 года ў школе адбылася незабыўная і цікавая сустрэча з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Паўлам, падчас якой кадэтам і вучням школы была падорана паломніцкая паездка ў Троіцка-Сергіеву Лаўру.
Гісторыя кадэцтва ў нашай школе толькі пачынаецца. Наперадзе — шмат планаў, звязаных з развіццём гэтага кірунку дзейнасці навучальнай установы. Але мы ўпэўнены, што гісторыя кадэцкага руху будзе працягвацца!

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.