У нашых сілах гэты свет зберагчы

Сёння перад грамадствам стаіць вельмі важная задача — змяніць у свядомасці кожнага грамадзяніна стэрэатып, што прыродныя энергарэсурсы невычарпальныя. Мысленне дарослых змяніць складана. Але дзіцяці дашкольнага ўзросту, калі ім набываецца першы вопыт у элементарных сацыяльных, у тым ліку маральна-эканамічных адносінах, можна дапамагчы засвоіць азы экалагічнай культуры, беражлівых і клапатлівых адносін да багаццяў зямлі, да ўсяго, што яго акружае.

У пошуках новых форм метадычнай работы з педагагічным калектывам і калектывам бацькоў, найбольш эфектыўных метадаў вырашэння пастаўленых задач мы спыніліся на метадзе праектаў, які прадугледжвае, па-першае, падтрымку дзіцячай пазнавальнай ініцыятывы, развіццё творчых і камунікатыўных здольнасцей дашкольнікаў, па-другое, інтэграцыю адукацыйных галін і, па-трэцяе, спалучэнне інтарэсаў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: педагогаў, дзяцей, бацькоў.
На працягу двух гадоў яслі-сад № 8 Рэчыцы працуе па выкарыстанні метаду праектнай дзейнасці, у якім прымаюць удзел усе педагогі, выхаванцы і бацькі, а вынікі абмяркоўваюцца на педагагічных саветах і бацькоўскіх сходах.
Прааналізаваўшы работу над праектамі, мы вызначылі праблему: на сёння не ўсе педагогі і бацькі гатовы самастойна выкарыстоўваць праектны метад у садружнасці з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Вырашалі праблему праз непасрэдную дапамогу педагогам, якія ў сваю чаргу даносілі ўвесь неабходны матэрыял да дзяцей і бацькоў, што падштурхнула ўсіх удзельнікаў да неабходнасці самаадукоўвацца.
Работа па выкарыстанні метаду праектнай дзейнасці ўзбагаціла, развіла, аптымізавала функцыянаванне ўстановы дашкольнай адукацыі, аказала накіравальны ўплыў на педагагічны працэс. Значна ўзрасла метадычная актыўнасць педагогаў, актывізавалася іх узаемадзеянне ўнутры ўстановы ў рамках рэалізацыі праектаў. Усе дашкольнікі і бацькі атрымалі магчымасць рэалізаваць права на ўдзел у жыцці групы і ўстановы дашкольнай адукацыі ў цэлым праз рэалізацыю праектаў. Узаемадзеянне дашкольнікаў і бацькоў спрыяла развіццю даросла-дзіцячага калектыву, сацыялізацыі дашкольнікаў.

Выхавальнікі размеркавалі ролі дашкольнікаў у праекце з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці, каб кожны дашкольнік мог праявіць свае здольнасці.
У старшай групе № 6 (выхавальнік А.М.Валаснікова) стварылі “міні-лабараторыю”, неабходную для правядзення даследаванняў, у якой ёсць спецыяльнае абсталяванне, разнастайныя матэрыялы і г.д., што спрыяла развіццю пазнавальных здольнасцей дзяцей, іх пошукава-даследчай дзейнасці.
Паступова “лабараторыю” напаўнялі новымі матэрыяламі для эксперыментавання, падтрымліваючы цікавасць дзяцей, дазваляючы ім узнавіць вопыт, сцвердзіцца ў сваіх уяўленнях: лупы, люстэркі, розныя вагі (бязмен, падлогавыя), магніты, тэрмометры, бінокль, вяроўкі, пясочныя гадзіннікі, лямпа, дробныя рэчы з розных матэрыялаў. Дзеці пазнаёміліся не толькі з матэрыяламі, з якіх зроблены прадметы, і іх уласцівасцямі (праз гульню “Хто назаве больш якасцей і ўласцівасцей?”), але і з такімі паняццямі, як “гіграскапічнасць”, “водапранікальнасць”, “воданепранікальнасць”, “цеплаправоднасць”, “паветрапранікальнасць”, “паветранепранікальнасць”.
Выхаванцы групы № 7 (выхавальнікі Т.С.Быкава, С.І.Скакун), удзельнічаючы ў даследчым праекце “Кропелька”, на працягу трох месяцаў вывучалі ўласцівасці вады, яе неабходнасць для ўсяго навакольнага і ставілі праблемныя пытанні: што адбудзецца, калі не будзе вады? Дзеці навучыліся самастойна дзейнічаць у адпаведнасці з прапанаваным алгарытмам, дасягаць выніку і пазначаць яго з дапамогай умоўнай схемы (замалёўваць вынікі доследаў, абагульняць і шыфраваць атрыманую інфармацыю). Пры абмеркаваннях у групах, а таксама ў працэсе самастойнай даследчай дзейнасці ў дзіцячым садзе і дома набылі ўменне складаць гіпотэзы і выказваць здагадкі пра чаканы вынік, навучыліся мець зносіны і дамаўляцца адно з адным. Работа ў творчых групах дапамагла ў развіцці камунікатыўных навыкаў дзяцей.

Работа па праекце “Энергазберажэнне”, прадстаўленым выхавальнікам В.В.Бабчанок, пачалася з абмеркавання з дашкольнікамі пытанняў па тэме праекта (для гэтага выкарыстоўваецца стартавая прэзентацыя педагога). Таксама выхавальнік распрацавала буклет для бацькоў, які тлумачыць выкарыстанне праектнага метаду пры вывучэнні гэтай тэмы і змяшчае пытанні, на якія дзеці разам з дарослымі будуць шукаць адказы. Дзеці разам з педагогамі і бацькамі складалі карту пазнанняў (можна выкарыстоўваць “Дрэва пазнання”, на якім размяшчаецца інфармацыя аб тым, што ведаюць дзеці і што яны хочуць даведацца пра электрычнасць), выбіралі тэму індывідуальнага даследчага праекта, абдумвалі план правядзення даследаванняў, выбіралі даследчыя метады, формы прадстаўлення вынікаў. У канцы тыдня з кожным дзіцем і яго бацькамі праходзіць абмеркаванне планаў правядзення даследаванняў па выбранай тэме. Чытанне мастацкай і навукова-пазнавальнай літаратуры, прагляд мультыплікацыйных і пазнавальных фільмаў, назіранні, правядзенне элементарных доследаў і эксперыментаў.
Выхавальнік М.Р.Шамела разам з дзецьмі распрацавалі праект “Кветачкі-разнакветачкі”, працягам якога стаў праект “Навошта кветкаводу матэматыка?”, падчас работы над якім у дзяцей развіваецца імкненне прымнажаць цудоўнае ў навакольным свеце і пры гэтым эканомна расходаваць багацце прыроды.
Назіраючы за нашымі дзецьмі, мы звярнулі ўвагу на тое, што сярод іх ёсць:

  •  дзеці-даследчыкі, якія любяць шукаць усё новае, незвычайнае і таямнічае, і менавіта яны могуць у праекце адказваць за этап збору інфармацыі;
  •  дзеці-творцы, якія з найбольшай цікавасцю ствараюць новыя творы, прыдумваюць, выдумваюць, ствараюць альбомы;
  •  дзеці-памочнікі, яны могуць дапамагчы выхавальніку наладзіць міжасобасныя зносіны, ствараючы тым самым спрыяльную эмацыянальную атмасферу ў групе;
  •  дзеці-арганізатары (з задаткамі лідарства) могуць адсочваць намечаныя разам з выхавальнікам этапы работы над праектам;
  •  дзеці-дакладчыкі могуць адказваць за этап прэзентацыі і разам з іншымі ўдзельнікамі рыхтаваць даклад аб праведзенай рабоце.

Наш вопыт паказаў, што менавіта метад праектаў дае магчымасць у захопленай, цікавай, пазнавальнай, актыўнай сумеснай дзейнасці пазнаёміць кожнага дашкольніка з такімі складанымі паняццямі, як “эканомія”, “беражлівасць”, “электраэнергія”, “прыродныя рэсурсы”, і далучыць дзяцей да каштоўнасцей экалагічнай і маральна-эканамічнай культуры.

Ганна ЯКУШ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці  ясляў-сада № 8 Рэчыцы.