У інтарэсах кожнага дзіцяці

Імклівае развіццё грамадства абумоўлівае неабходнасць фарміравання асобы з высокай духоўнай культурай, новым тыпам мыслення і творчым патэнцыялам. Асаблівае месца ў гэтым належыць сістэме адукацыі, закліканай забяспечыць аптымальныя педагагічныя ўмовы для развіцця і выхавання моладзі. Аднак і цяпер у адукацыйнай галіне не вырашаны некаторыя спрэчныя пытанні. Так, у асяроддзі вучоных і практыкаў вядуцца дыскусіі пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца дашкольнікі, калі трапляюць з гульнявой прасторы дзіцячага садка ў асяроддзе вучэбнай дзейнасці школы. Што адчуваюць былыя выхаванцы садкоў, апынуўшыся за школьнай партай? Якім павінен быць дзейсны механізм узаемадзеяння дашкольнай установы і пачатковай школы, дзіцяці і настаўніка, сям’і і соцыуму?

Вядома, што пачатковая школа павінна забяспечыць максімальна камфортны пераход дзяцей, плаўнае замяшчэнне дашкольных форм навучання, развіцця і выхавання школьнымі. Але не ўсе настаўнікі пачатковых класаў выкарыстоўваюць формы і метады дашкольнай адукацыі. У сваю чаргу выхавальнікі, імкнучыся як мага лепш падрыхтаваць дзяцей да школы, праводзяць заняткі па школьным узоры, забываючы, што вядучай дзейнасцю дашкольнікаў з’яўляецца гульня. У выніку такога падыходу да арганізацыі пераемнасці губляецца разуменне каштоўнасці дашкольнага дзяцінства.
Нестыкоўка дзіцячага садка і школы патрабуе значнай карэкціроўкі педагагічнага працэсу. Гэта назіраецца ў змесце многіх адукацыйных галін. Так, вучэбная праграма дашкольнай адукацыі прадугледжвае падрыхтоўку дзяцей да навучання пісьму, але выкарыстанне розных падыходаў па гэтым пытанні ўскладняе работу настаўніка. У нашай установе адукацыі, якую ўзначальвае С.І.Рылка, паспяхова рэалізоўваецца прынцып бесперапыннасці і пераемнасці ў навучанні. Педагагічны калектыў працуе па адзіным гадавым плане, у якім прадугледжаны задачы па навучанні і выхаванні дзяцей ад 2 да 10 гадоў. На педагагічных нарадах абмяркоўваюцца пытанні пераемнасці ў рабоце з дашкольнікамі і пачаткоўцамі, іх псіхалагічныя асаблівасці, методыка дашкольнай адукацыі і пачатковага навучання. Узаеманаведванні заняткаў і ўрокаў, сумесныя вучэбна-метадычныя аб’яднанні, агульныя выхаваўчыя мерапрыемствы спрыяюць забеспячэнню пераемнасці. Ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, самарэалізацыі і развіцця індывідуальных здольнасцей кожнага дзіцяці.
Паміж выхавальнікамі і настаўнікамі наладжаны цесныя сувязі. Гэта праяўляецца ў сумесным правядзенні ранішнікаў, паходаў, прагулак, конкурсаў і спаборніцтваў, арганізацыі мастацкай самадзейнасці і іншых мерапрыемстваў.
Выхавальнікі С.А.Зяньковіч, Л.М.Мядзвецкая, Т.І.Ненадавец і Ж.В.Давідзюк арганізоўваюць пазнавальна-практычную дзейнасць пошукавага характару, шырока выкарыстоўваюць дыдактычныя гульні, якія развіваюць разумовыя, маральныя, працоўныя, эстэтычныя і фізічныя якасці дзяцей.
Настаўніца пачатковых класаў І.А.Богдан выкарыстоўвае на занятках інтэграцыйны метад навучання. Гэта дазваляе перайсці ад лакальнага, ізаляванага разгляду розных з’яў рэчаіснасці да іх узаемазвязанага, комплекснага вывучэння. Настаўнікі Г.М.Бруй і А.І.Кавалевіч практыкуюць групавы метад навучання, які спалучае яго індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю. Настаўніца І.А.Мачнева лічыць, што гульня прымальная і ў рабоце з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. Выхавальніца групы прадоўжанага дня А.У.Гуліцкая падтрымлівае цесны кантакт з бацькамі дзяцей, якія ў сумеснай дзейнасці выступаюць аднадумцамі, партнёрамі і сябрамі.Ва ўстанове дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, дзе працуе настаўнік-дэфектолаг Ю.А.Рабцэвіч. Значную дапамогу ў асабовым развіцці дзяцей і развіцці іх пазнавальных працэсаў аказвае педагог-псіхолаг М.У.Рэбкавец. Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці В.М.Рэбкавец шырока эксперыментуе з праектнай дзейнасцю. Так, ва ўстанове дзейнічаюць міні-праект “Хутка ў школу” і праект “Пераемнасць у сістэме дашкольнай і пачатковай адукацыі”.
Праблема пераемнасці ў нашым калектыве вырашаецца пры ўмове рэалізацыі адзінай лініі агульнага развіцця дзіцяці на розных этапах дзяцінства. Такі падыход надае адукацыйнаму працэсу цэласны і паслядоўны характар, дзе дзве ступені адукацыі (дашкольная і пачатковая) дзейнічаюць не ізалявана, а ў цеснай узаемасувязі. Выхавальнікі ведаюць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да будучых першакласнікаў, а настаўнікі пачатковых класаў валодаюць зместам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Педагагічны калектыў неаднаразова дзяліўся напрацоўкамі на пасяджэннях раённых і абласных вучэбна-метадычных аб’яднанняў. У 2013 годзе камісія Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі адзначыла абгрунтаваны і папераджальны характар форм метадычнай работы ў нашай установе.

Валянціна РЭБКАВЕЦ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Любашаўскага ясляў-сада — пачатковай школы Ганцавіцкага раёна.