У дружбе адзіныя!

Штогод 2 красавіка адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Час паказаў, што саюз двух славянскіх народаў паспяхова прайшоў выпрабаванне на трываласць. Ёсць свая заслуга ў гэтым многіх праектаў і праграм для дзяцей і моладзі, якія праводзяцца міністэрствамі адукацыі дзвюх краін і іх структурамі.

На Гомельшчыне праходзяць мерапрыемствы, якія спрыяюць збліжэнню славянскіх народаў, выхаванню талерантнасці ў дзяцей і падлеткаў, фарміраванню іх духоўных і маральных якасцей. А педагогі і навучэнцы Рагачоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі не проста знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм актыўнай міратворчай дзейнасці, але і актыўна ажыццяўляюць іх. Далёка за межамі Беларусі ведаюць і імкнуцца трапіць у міжнародны лагер дружбы дзяцей славянскіх народаў “Крынічка”, які “жыве” ў палатках больш за 20 гадоў. Лагер, асноўны змест усіх праектаў якога складаюць мерапрыемствы, якія фарміруюць дружбу і супрацоўніцтва славянскіх краін, праходзіць пры актыўнай падтрымцы Гомельскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру”. “Крынічка” б’е крыніцай у новых справах, цікавых мерапрыемствах, сяброўскіх сустрэчах, ператвараючыся ў вадаспад СМС-лістоў, інтэрнэт-паведамленняў, яна — пачатак сапраўднай дружбы, імя якой — мір.
Рагачоўскі цэнтр творчасці сумесна з Цэнтрам дзіцячай творчасці Курска рэалізуюць праект “Ліст сябру”. У рамках праекта навучэнцы малююць паштоўкі, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, ствараюць відэафільмы, мультымедыйныя прэзентацыі. Актыўны ўдзел і якасны ўзровень работ прадэманстравалі навучэнцы Станькаўскай, Старасельскай, Балатнянскай, Кісцянёўскай школ, сярэдняй школы № 6 Рагачова, Доўскай гімназіі, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
У мінулым годзе нарадзіўся яшчэ адзін праект — Міжнародны турнір па гульні “Што? Дзе? Калі?” сярод навучэнцаў гарадоў-пабрацімаў Рагачова “У дружбе адзіныя!”, у якім прынялі ўдзел каманды горада Тосна і Тосненскага раёна Ленінградскай вобласці. Пашчасціла на чэмпіянаце ў роўнай ступені і школьнікам з Рагачова, і камандам Тосна. У адной узроставай групе перамаглі рагачоўцы, а ў другой — расійская каманда. Як слушна заўважылі педагогі з Расіі, гульня для дзяцей — цікавая форма пазнання не толькі розных галін ведаў, але і знаёмства з аднагодкамі праз сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
У гэтым годзе геаграфія турніру значна пашырылася. Адказаць на пытанні (аўтар А.А.Паўлухін) стараліся навучэнцы з устаноў адукацыі Курска, Яраслаўля, Санкт-Пецярбурга, Тосна (Расія), Наваград-Валынска (Украіна). Другі міжнародны турнір па гульні “Што? Дзе? Калі?” сярод навучэнцаў гарадоў-пабрацімаў Рагачова адбыўся 28 сакавіка. Гульня праходзіла ў рэжыме рэальнага часу. У прамым эфіры поспехаў дзецям пажадалі кіраўнікі ўсіх раёнаў, навучэнцы якіх удзельнічаюць у турніры. Усіх чакалі цікавыя пытанні, незвычайная форма гульні, а пераможцаў — міжнародныя дыпломы.
Сёння аб міры і дружбе славян гаворыцца шмат. Але чамусьці ўзнікае жаданне падкарэкціраваць гэтыя словы і прапанаваць рабіць канкрэтныя справы, здзяйсняць толькі абдуманыя ўчынкі.

Валерый ЛЮБАГОШЧАЎ,
намеснік дырэктара Рагачоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.